А яшчэ варта дадаць, што яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурных музеях Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Музеі Беларускага Палесся ў Пінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі...
Да юбілейнай даты мастак падрыхтаваў вялікую выстаўку: яна займала другі паверх мінскага Палаца мастацтва. Экспазіцыя адлюстравала ўвесь жанравы спектр творчасці жывапісца. Гэта больш як дваццаць фігуратыўных кампазіцый, звыш шасцідзесяці краявідаў, партрэты, нацюрморты.
Уладзімір Уродніч нарадзіўся на Століншчыне, у вёсцы Вялікія Арлы. Малая радзіма — Палессе — стала для яго, бадай, асноўнай крыніцай натхнення. Большасць напісаных мастаком краявідаў — гэта прастора паміж рэкамі Гарынь і Прыпяць. А на партрэтах — людзі Століншчыны...
Мастак лічыць сябе прадстаўніком савецкай жывапіснай школы, асноўнымі рысамі якой была выяўленчая канкрэтыка і сэнсавая насычанасць. У сюжэтных творах Уладзіміра Уродніча адлюстравана гісторыя краіны. Асобую ўвагу мастак надае тэме Вялікай Айчыннай вайны. На той вайне загінуў ягоны бацька… Памяць пра асабістую страту спалучаецца ў яго палотнах з памяццю народнай, і гэта робіць творчасць мастака актуальнай, запатрабаванай.
Гледачы спыняліся каля лірычнага краявіду “Святочны дзень”, ля батальных палотнаў “На маршы галоўнага ўдару” і “На Магілёўскім напрамку”, ля аптымістычнай карціны “Вяселле”, што, нібы сімвал працягу жыцця, займала цэнтральнае месца ў экспазіцыі.
П.В.