Замежныя тэатры даўно ўжо ўзялі кірунак на інтэрнацыянальны склад салістаў у сваіх прэм'ерах. Таму цяперашняя "Джаконда" не выключэнне. А вось удзел беларусаў у такіх пастаноўках, што адразу становяцца падзеяй усяго культурнага свету, здараецца не так часта. Але апошнім часам - усё часцей. Тая ж Аксана Волкава, удзельнічаючы ў Маладзёжнай праграме Вялікага тэатра Расіі, спявала ў Маскве Вольгу ў "Яўгеніі Анегіне" П.Чайкоўскага, ездзіла з гэтай партыяй на гастролі ў Каралеўскую оперу "Ковэнт Гардэн" у Лондане, у Тэатр Рэал у Мадрыдзе.
Яшчэ адну нашу салістку, Настассю Масквіну, запрашалі ў прэм'ерныя пастаноўкі Вялікага тэатра Расіі двойчы: спачатку ў аперэту "Лятучая мыш" І.Штраўса, дзе яна спявала Разалінду, а пазней у сучасную французскую оперу "Вішнёвы сад", дзе яна паўстала Ранеўскай. Ну, а выкладчыца Н.Масквіной - загадчыца кафедры вакала, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Людміла Колас (таксама ў свой час салістка нашага Вялікага тэатра) стажыравалася ў Італіі яшчэ ў 1980я - у тэатры "Ля Скала". І навучылася так, што перамагла на тамтэйшым Міжнародным конкурсе саміх італьянцаў...
На здымку: Аксана Волкава ў Тэатры Масіма, што ў Палерма.