Пытанне "А суддзі хто?" непазбежна ўзнікае па знаёмстве з чарговым крытычным выказваннем. У выпадку з рэстаўрацыяй Мірскага замка іх давялося пачуць ужо нямала. Але разабрацца, хто мае рацыю ў тым або іншым канкрэтным выпадку, "шараговаму карыстальніку" зазвычай няпроста. Таму своеасаблівы "Ч.А.П." - адказы на частыя пытанні - не нашкодзіць.
У справе рэстаўрацыі прыярытэт ацэнкі нададзены Рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры нашай краіны. 26 лістапада яе члены азнаёміліся з вынікамі аднаўлення Мірскага замка. У цэлым, ацэнка зробленай працы была дадзена станоўчая. Ды, разам з тым, пад час пасяджэння неаднаразова гучала і крытыка на адрас рэстаўратараў. У прыватнасці, старшыня Рады, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш звяртаў увагу на якасць выканання работ, якая сёння далёкая ад ідэальнай.
Гутарка вялася пераважна пра дробязі - асобныя элементы інтэр'ера і добраўпарадкавання. Але, у той самы час, факусіраванне на іх увагі дазволіла ўбачыць глабальныя праблемы айчыннай рэстаўрацыі, актуальныя не толькі для гэтага помніка спадчыны.
Пытанне меры і густу
Слова "навадзел" сёння мае відавочна негатыўныя канатацыі. Але што рабіць, калі без новых элементаў не абысціся?
Выбрукаваныя пліткай дарожкі, што вядуць да Мірскага замка, выклікалі сапраўдную хвалю крытыкі з боку некаторых наведвальнікаў. Маўляў, ці ж была плітка ў Сярэднявеччы? Але варта нагадаць, што і функцыя замка з таго часу моцна змянілася. Фартыфік а цыйная пабудова, галоўнай якасцю якой была непрыступнасць, сёння ператварылася ў папулярны турыстычны аб'ект, чые "параметры поспеху" акурат адваротныя. Ісці з аўтобуса да замка праз "аўтэнтычнае" балота, што некалі было ля яго муроў, сёння захоча не кожны.
Таму, як адзначыў карэспандэнту "К" начальнік упраўлення рэстаўрацыі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі, стварэнне сучаснага цвёрдага пакрыцця на такіх аб'ектах у сусветнай практыцы лічыцца дапушчальным. Да таго ж, бетонныя элементы нярэдка можна сустрэць і на тэрыторыі замкаў у суседніх краінах.
- Іншая справа - пытанне меры і густу,- тут жа дадаў Ігар Чарняўскі. - Бо важна, каб гэтыя новаўвядзенні не кідаліся ў вочы, каб сваю функцыю яны выконвалі незаўважна. Што да канкрэтна гэтага выпадку... Ведаеце, сёння мы ходзім па мёрзлай зямлі, і таму плітка на ёй сапраўды прыцягвае ўвагу, але ўжо ўвесну яна абрасце травой, і тады нашы ўражанні могуць змяніцца. Таму лічу, што замку трэба даць прыкладна год часу на тое, каб "адстаяцца", каб мог аднавіцца натуральны прыродны ландшафт. І тады мы здолеем зрабіць больш узважаныя высновы і, пры патрэбе, унесці тыя або іншыя карэктывы ў аблічча помніка...
Менавіта зменай функцыянальнага прызначэння замка можна патлумачыць і з'яўленне агароджы. Пакуль яна не замкнулася па перыметры комплексу, факты "побытавага вандалізму" на яго тэрыторыі агульнай плошчай у 27 га, на вялікі жаль, здараюцца досыць часта. Іншая справа - ці не бярэ гэты новы элемент зашмат увагі, "цягнучы коўдру" ў свой бок?
- Магчыма, гэта і так, падобныя заўвагі і сапраўды ўжо выказваліся, адзначыў Ігар Чарняўскі. - Зрэшты, агароджа- гэта элемент часовы, і калісьці ён можа быць беспраблемна заменены.
У многіх публікацыях ды інтэрнэт-водгуках мішэнню для крытыкі таксама стаў і картуш з фамільным гербам СвятаполкМірскіх, размешчаны на іх спачывальні. Раней ён быў "аблезла-брунатным", сёння ж- яркі і каляровы. Таму рэстаўратараў абвінавацілі ў безгустоўнасці і "самадзейнасці".
Пра густы спрачацца не будзем, але што да гістарычнай абгрунтаванасці... Тут папрокі падаюцца неабгрунтаванымі.
- Хімічныя даследаванні картуша дазволілі выявіць фрагменты каляровага роспісу, які з цягам часу быў страчаны, - адзначыў навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар аб'екта Дзмітрый Бубноўскі.- Тым болей, гэта цалкам адпавядала традыцыі. Ды і поўнакаляровая выява герба Святаполк-Мірскіх, на шчасце, захавалася. Яго эталон быў замоўлены ў Санкт-Пецярбургу.
На адным з мінулых пасяджэнняў нямала пытанняў у членаў Рады ўзнікала таксама і адносна добраўпарадкавання набярэжнай. Сёння прапановы ўжо ўвасоблены ў жыццё: выспачка аддзелена ад берага і будзе выконваць чыста дэкаратыўную функцыю, а работы на самім беразе блізяцца да завяршэння. Пад час аднаго з мінулых пасяджэнняў Навуковаметадычная рада прыйшла да высновы, што пры будаўніцтве набярэжнай трэба па магчымасці выкарыстоўваць менавіта натуральныя матэрыялы, робячы драўляныя адбойнікі замест бетонных бардзюраў. Без бетону ўсё ж не абышлося. Хаця чалавека, які не быў у тых мясцінах хаця б пару месяцаў, яны могуць прыемна ўразіць.
- А яшчэ тут неабходна паставіць як мага больш сметніц,- дадаў сваю заўвагу галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін. - Бо іначай усе высілкі па добраўпарадкаванні будуць марнымі.
"Выхад" з пагружэння ў даўніну
Віктар Нікіцін станоўча ацаніў рэстаўрацыю фасадаў Мірскага замка, але выказаў шмат прэтэнзій да яго інтэр'ераў, іх запаўнення і колеравага вырашэння.
- Навошта ў Мірскім замку габелен з выявай Мірскага замка? - задаўся пытаннем архітэктар. - Экстэр'ер помніка спадчыны настолькі прыцягальны сам па сабе, што ніякіх асаблівых дапаўненняў ён не патрабуе. Што да колеравага рашэння інтэр'ераў... Так, гэта справа густу, але ж тут таксама павінна быць пэўная логіка. На жаль, яна прасочваецца не заўсёды...
Неадназначную ацэнку членаў Рады выклікала таксама багатая ляпніна ў партрэтнай зале, кесонная столь у сталовай... Гаварылася пра "перагружанасць" інтэр'ераў дэкаратыўнымі элементамі і пра неадпаведнасць некаторых з іх першапачатковай задуме: планавалі ўсталяваць адны бра, а пастаўшчык прывёз іншыя... Часам спрэчны вынік паходзіў таксама і з пэўных непаразуменняў, якія ўзнікалі ў ходзе работ між заказчыкам, галоўным архітэктарам і генпадрадчыкам.
- Тое, што ў інтэр'ерах замка ёсць нюансы, над якімі трэба яшчэ працаваць, - гэта зразумела. І, зрэшты, непазбежна, калі гутарка вядзецца пра такі аб'ект, - адзначыў Ігар Чарняўскі. - Але перш чым прымаць тое або іншае рашэнне, неабходна ўбачыць тыя інтэр'еры ў канчатковым выглядзе, у спалучэнні з экспазіцыяй. Бо цалкам магчыма, што ў комплексе пэўная дэталь будзе выглядаць зусім іначай, чым паасобку. Прыкладам, яшчэ нядаўна мы спрачаліся, ці не зашмат у сталовай печаў. А калі над імі з'явілася багатая кесонная столь, якая бярэ на сябе багата ўвагі, печы не падаюцца дысануючым элементам, - як тое было, калі яны стаялі ў пустым памяшканні...
Віктар Нікіцін таксама звярнуў увагу і на яшчэ адзін немалаважны аспект: гістарычныя элементы павінны візуальна адрознівацца ад функцыянальнага "навадзела".
- Калі мы паказваем адноўленую старадаўнюю кроквенную сістэму, дык яе атачэнне павінна быць зроблена з чаго заўгодна - хай сабе гэта будуць нават хайтэкаўскія шкло і метал, - але толькі не з дрэва, - адзначыў галоўны архітэктар Мінска.- Кантраст тут неабходны, каб можна было зразумець, дзе- новае, а дзе - старое.
Арганічна спалучыць старое і новае - задача не з простых. І вельмі часта тут уступаюць у сілу тыя фактары, пра якія ніколі не задумаецца шараговы турыст.
Прыкладам, члены Рады звярнулі ўвагу і на такі элемент, як стандартныя таблічкі са словам "Выхад" па-над кожнай з дзвярэй. Здавалася б, дробязь, але... Без сумневу, такая дэталь не надта дапасоўваецца да старадаўніх інтэр'ераў, і асабліва гэты дысананс будзе прыкры ў тых залах, дзе прадугледжваецца поўнае "пагружэнне" ў атмасферу даўніны. Кпіны нядобразычлівых турыстаў прадбачыць магчыма ўжо сёння.
Але гэтую дэталь нельга назваць кур'ёзнай недапрацоўкай. На яе з'яўленні настаялі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый краіны, якія няўхільна запатрабавалі выканання нарматываў пажарнай бяспекі. Нават не зважаючы на тое, што беларускі Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны прадугледжвае для помнікаў архітэктуры пэўныя паслабленні.
Дыягностыка на ўзроўні дэталей
Як адзначыў пад час пасяджэння Навукова-метадычнай рады яе старшыня Віктар Кураш, зробленыя прафесіяналамі заўвагі дазваляюць правесці своеасаблівую дыягностыку сучаснага ўзроўню беларускай рэстаўрацыі. Ён дастаткова высокі, каб "пацягнуць" такі маштабны і складаны аб'ект, як Мірскі замак, годна давесці яго да завяршэння, але...
- Неаспрэчна, тут нам ёсць куды ўдасканальвацца, - рэзюмаваў Віктар Кураш. - І сёння мы ставім перад сабой канцэптуальную задачу: стварыць праграму развіцця рэстаўрацыйнага майстэрства ў краіне, пераняўшы і ўкараніўшы найлепшыя сусветныя набыткі, падрыхтаваўшы ўласныя высокапрафесійныя кадры...
Ігар Чарняўскі ўпэўнены ў тым, што аднаўленне Мірскага замка стала найкаштоўнейшым досведам для ўсёй рэстаўрацыйнай галіны на Беларусі. І сёння, аналізуючы тыя або іншыя недапрацоўкі, неабходна слушна вызначыць іх прычыны.
У прыватнасці, яны тычацца сам о й арганізацыі працы. Адна з іх- спалучэнне функцый навуковага кіраўніка і галоўнага архітэктара ў адной асобе.
- Над такімі маштабнымі аб'ектамі павінен працаваць цэлы калектыў, утвораны з гісторыкаў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў,- упэўнены начальнік упраўлення рэстаўрацыі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. - Прычым склад яго мае быць пастаянным - ад пачатку рэстаўрацыі і да здачы аб'екта. А калі аднаму чалавеку даводзіцца вырашаць шэраг разнародных пытанняў... У такім выпадку заўваг яму не ўнікнуць...
Іншая праблема заключаецца ў тым, што пад час вядзення рэстаўрацыйных работ неаднаразова змяняліся праектныя арганізацыі. І гэтую акалічнасць таксама нельга назваць задаткам стабільнага руху наперад.
Урэшце, як і трэба было чакаць, нямала крытыкі было выказана на адрас непасрэдных выканаўцаў работ - будаўнікоў. На думку Віктара Кураша, Мірскі замак дазволіў выявіць агульную праблему. Справа ў тым, што пасля адмены ліцэнзавання рэстаўрацыйных работ займацца імі можа любая будаўнічая арганізацыя, без залежнасці ад кваліфікацыі яе работнікаў або наяўнасці ў іх досведу працы менавіта на аб'ектах спадчыны. Хаця зразумела, што будаўнікі, якія спецыялізуюцца, скажам, на прамысловай архітэктуры, у замку могуць пачувацца ніякавата. А прэтэнзій адносна якасці работ, выкананых у Мірскім замку некаторымі субпадрадчыкамі, за гады рэстаўрацыі назбіралася вагон і яшчэ вазок.
Таму, як адзначыў Віктар Кураш, для работ, прынамсі, на тых аб'ектах, якія маюць катэгорыі "0" і "1" у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, неабходна прыцягваць толькі спецыялізаваныя арганізацыі.
У той самы час, напярэдадні здачы аб'екта ў эксплуатацыю было адзначана: шматлікія заўвагі, выказаныя пад час папярэдніх пасяджэнняў Навукова-метадычнай рады, сёння паспяхова выпраўлены. Што ж да тых спрэчных момантаў, якія засталіся...
- Урэшце, хацеў бы адзначыць самае важнае: з уводам замка ў эксплуатацыю спецыялісты не павінны на яго забыцца, - кажа Ігар Чарняўскі. - І калі замак пачне жыць натуральным жыццём, усе дробныя недахопы можна будзе без спешкі выправіць.
наш спецкарэспандэнт
Мінск - Мір - Мінск
Фота Юрыя ІВАНОВА