Першая частка ўзнагароджання адбывалася ў Малой зале тэатра. Міністр культуры Павел Латушка ўручыў Ганаровыя граматы, Граматы Міністэрства культуры і аб'явіў Падзякі міністра. Да ўсяго, вялікая група работнікаў культуры і дзеячаў мастацтваў атрымала юбілейны медаль "65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Выступленнем міністра культуры адкрылася другая частка ўрачыстасцей у Вялікай зале тэатра. Павел Латушка акрэсліў сучасны стан культуры Беларусі і вызначыў перспектыўныя накірункі яе развіцця ў бліжэйшы час.
Пасля на сцэну запрашаліся ўзнагароджаныя нагрудным знакам "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", з кім мы пазнаёмілі чытачоў "К" у мінулым, святочным, нумары. На сцэне тэатра адбылося і першае ўручэнне прэмій Прафсаюза работнікаў культуры па пяці намінацыях. Непаўторнай аздобай урачыстаму мерапрыемству стаў канцэрт салістаў тэатра, дзе, апроч вакальных нумароў, была паказана і харэаграфічная версія "Балеро" М.Равэля.
На здымках: работнікі культуры ў Малой зале тэатра ў час цырымоніі ўзнагароджання; старшыня ЦК Прафсаюза Мікалай Шаўцоў і рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рычард Смольскі ўручаюць кінарэжысёру Юрыю Цвяткову прэмію Прафсаюза работнікаў культуры ў галіне кінамастацтва; медаль у гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі атрымаў народны мастак краіны Май Данцыг; у кулуарах чыталі святочны нумар "К"; Вялікая зала прымала гасцей з усёй рэспублікі; на сцэне - Алена Таболіч; сцэна з балета "Балеро".
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА