- Апошнім часам? Нават не памятаю. Апошні раз былі сям'ёй у кінатэатры на "Ледавіковым перыядзе-3". Вельмі спадабалася. А з беларускага магу прыгадаць хіба што "Белыя Росы". Іх потым, дарэчы, шмат разоў пераглядала па тэлебачанні, бо стужка мне вельмі падабаецца.
Уладзімір, 26 гадоў, сістэмны адміністратар:
- "Анастасію Слуцкую" магу прыгадаць. Я вельмі цікаўлюся гісторыяй. Калі вучыўся ва універсітэце, наведваў "рыцарскі клуб". Разам з паплечнікамі і схадзіў на гэтую стужку. Не магу сказаць, што вельмі спадабалася, але было цікава тое, як айчынны рэжысёр уяўляе сабе беларускае Сярэднявечча. Калі будзе новы гістарычны фільм пра Беларусь, абавязкова пайду і дзяўчыну сваю вазьму з сабой.
Лілія Аляксееўна, 74 гады, пенсіянерка:
- Не, у кіно не хаджу: старая ўжо. З даўнішніх беларускіх карцін памятаю "Белыя Росы" Ігара Дабралюбава. "У чэрвені 41-га" таксама здымаўся на Беларусі? Як жа, глядзела, бо вельмі люблю Сярожу Бязрукава!
Андрэй і Саша, па 19 гадоў, студэнты БДТУ:
- Так, мы зараз на канікулах, але ў кіно не ходзім. Чаму? Усё ж можна знайсці ў Інтэрнеце, ці спампаваць па камп'ютэрнай сетцы ў інтэрнаце. Пайшлі б мы на беларускае кіно? А якая розніца? Галоўнае, каб стужка была цікавая. Гэта, пэўна, мусіць быць добрая камедыя, каб можна было адпачыць пад яе з сябрамі.
Ігар і Света, 24 і 21 год:
- Ведаем пра "Дняпроўскі рубеж". Аднойчы прышлі ў "Беларусь", а там паказваюць гэтую стужку. Вырашылі не ісці, таму што яна пра вайну, а мы хацелі нечага больш лёгкага, забаўляльнага. Па тэлебачанні таксама не глядзелі, бо былі на лецішчы.
Міхаіл Фёдаравіч, 42 гады, супрацоўнік дзяржаўнай установы:
- З беларускага кіно добра памятаю музычныя казкі "Пра Чырвоны Каптурык" і "Прыгоды Бураціна". Набыў іх сваім дзецям на дыску. Памятаю "Белыя Росы", "Мяне завуць Арлекіна". З апошніх глядзеў толькі "Анастасію Слуцкую", але па тэлебачанні. Наогул, для мяне важна не толькі стужка, але і ўмовы, у якіх яе глядзіш. Калі ў зале побач з табой п'юць піва, якое можа быць кіно?