Уладальніцай Гран-пры ў сольнай намінацыі стала юная цымбалістка Стэфанія Сабалеўская. Яе дуэт з Сафіяй Пыцікавай “Залатая струнка” — лаўрэат першай ступені ў намінацыі “Ансамбль”. А Сафія як салістка атрымала трэцюю прэмію. Дзяўчаты — вучаніцы Цэнтра практыкі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі, дзе займаюцца ў Ганны Полесавай, вядомай сваёй выдатнай падрыхтоўкай цымбалістаў сярэдняга адукацыйнага звяна, лепшыя з іх складаюць ансамбль “Залатая струна”. Так што цяперашняя “...Струнка”, можна лічыць, малодшая “сястрычка” таго знакамітага калектыву.
— Пра гэты конкурс, — распавяла Ганна Станіславаўна, — мы даведаліся ад нашай былой выпускніцы Марыі Раўнейка. Пасля заканчэння каледжа па класе цымбалаў яна паступіла ў Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных — на гуслі. Але адначасова ёй прапанавалі працягнуць заняткі на цымбалах, маўляў, ёсць магчымасць запрасіць вашага выкладчыка. І яна звярнулася да мяне. У Маскве Машу заўважылі, запрасілі ў Grand Melody Orchestra, дзе яна грае на абодвух інструментах. Гэты калектыў арганізаваў Аляксандр Якаўлеў — піяніст па сваёй адукацыі, але вялікі прыхільнік народнага інструментарыю. Ягоны бацька Уладзімір Іванавіч — прафесар, загадчык кафедрай тэорыі і гісторыі выканальніцкага мастацтва Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі, дома ў іх сапраўдны музей народных інструментаў. Таму і Аляксандр не спыніўся на ідэі ўласнага творчага калектыву, а вырашыў зладзіць яшчэ і конкурс. Яго праект падтрымалі: Прэзідэнцкі фонд культурных ініцыятыў Расіі вылучыў грант, матэрыяльную дапамогу аказала таксама Міністэрства культуры Маскоўскай вобласці. І ўсё атрымалася як найлепей! Конкурс сабраў каля трох тысяч удзельнікаў. Намінацый было шмат, яны ахоплівалі не толькі інструментальную музыку, але і вакальную, харавую, ансамблева-аркестравую. Удзел у конкурсе — бясплатны. Юныя музыканты былі забяспечаны бясплатнымі абедамі. Усе, хто прайшоў у другі тур, атрымалі сувеніры — прыгожыя эмблемы конкурсу. А лаўрэатам уручалі каштоўныя падарункі, наўпрост звязаныя з іх спецыяльнасцю: электрадомра, гармонік, сучасная ўдарная ўстаноўка. Стэфанія ў якасці Гран-пры атрымала чатыры мікрафоны, што замацоўваюцца на цымбалах — на ніжнім і верхнім рэгістрах, каб можна было выступаць ажно на стадыёне. Такое стаўленне да выканальніцтва на народных інструментах скіравана на як мага большую іх папулярызацыю сярод дзяцей і моладзі.
Першы тур праходзіў з канцэртмайстрам (нашым дзяўчатам акампаніравала Ірына Лук’янчык), а фіналісты гралі з Grand Melody Orchestra, як абавязковыя ім былі прапанаваны апрацоўкі фальклору і папулярнай класікі. Асаблівасць гэтага конкурсу яшчэ ў тым, што тут патрабуецца не акадэмічная ігра, а максімальна нязмушаная, разняволеная: музыканты не засаджаны за інструмент, бы ў тую клетку, а могуць рухацца па сцэне ў час выканання, дадаваць да нотнага тэксту імправізацыйныя элементы — іншымі словамі, конкурс скіраваны на працяг традыцый менавіта народнага выканальніцтва, але ў яго сучасным выглядзе. І дзеці гэтаму толькі рады! Трэба бачыць, з якой зацікаўленасцю яны ставяцца да сваіх новых магчымасцей, успрымаюць усё не як абавязак, а як гульню, у іх узрастае самаацэнка, бо яны не проста паўтарылі, як правільна, а прыдумалі штосьці сваё. Вядома, такі новы, сучасны фармат выканання патрабаваў іншых падыходаў у навучанні, дзяцей трэба было падрыхтаваць да яго. У Акадэміі музыкі, наколькі я ведаю, выкладаюцца асновы імправізацыі. А ў музычных школах? І Марыя Раўнейка прыязджала да нас, праводзіла майстар-класы, паказвала на справе, як могуць разнастайна гучаць тыя ж абавязковыя творы. Яна абышла ледзь не ўсе дзіцячыя навучальныя ўстановы — не толькі сталічныя, але і абласныя. Таму ўдзельнікаў ад Беларусі было багата. І я задумалася: калі школы могуць выстаўляць сваіх дзяцей на конкурсы, дык чаму не можа наш Цэнтр практыкі, дзе займаюцца дзеці з шасці гадоў? Так, тут ёсць свае асаблівасці: у Цэнтры практыкі выкладаюць навучэнцы нашага каледжа — трэцяга і чацвёртага курсаў, так што “настаўнікі” ў дзяцей увесь час змяняюцца. Але ж працэс ідзе пад кіраўніцтвам сталых педагогаў. І я вырашыла падрыхтаваць да конкурсу “МИР” дзвюх дзяўчынак 13-14-гадовага ўзросту. Іх перамога — гэта яшчэ і папулярызацыя конкурсу. А галоўнае — прасоўванне новага фармату музыцыравання, які разнявольвае дзіцячую фантазію і можа спрыяць цікавасці да народных інструментаў і музычнай класікі. Калі ж зірнуць на гэтую з’яву шырэй, у такім падыходзе бачацца добрыя магчымасці для выхавання творчага патэнцыялу ўвогуле — той кемлівасці, прагі да ўласных пошукаў, што будуць запатрабаваны ў любой прафесіі і ў любых жыццёвых сітуацыях. І вельмі дапамогуць кожнаму чалавеку ў будучым.
Дададзім, што 6 сакавіка абодва цымбальныя ансамблі — “Залатая струна” і “Залатая струнка” — дадуць канцэрт у зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі.