Знакаміты “Церамок”
Не сакрэт, што многія раённыя Дамы і Цэнтры культуры Беларусі нават у сённяшніх неспрыяльных эпідэміялагічных умовах працягваюць сваю творчую дзейнасць у розных фарматах — як у рэальным, так і ў віртуальным свеце. І гэтая дзейнасць прыносіць свой плён.
— Напрыклад, мы запісваем спектаклі нашага ўзорнага лялечнага тэатра “Церамок” і выкладваем іх у Сеціва, — кажа дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна Анастасія Вазьміцель. — Падлічыўшы колькасць праглядаў, можна сказаць, што гэтыя спектаклі карыстаюцца значнай цікавасцю ў нашых гледачоў. Да нас нават прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія глядзелі гэтыя відэаролікі, з просьбай запісаць іх у тэатральны гурток, каб таксама паўдзельнічаць у падобных пастаноўках.
Да слова, цікавасць да ўзорнага лялечнага тэатра “Церамок” не выпадковая. Днямі гэты тэатр атрымаў Дыплом у абласным дыстанцыйным конкурсе лялечных тэатраў і батлеечных калектываў “Лялечны свет”. Так што тэатральныя пастаноўкі калектыву з Дуброўна вядомы далёка за межамі свайго раёна — на ўсёй Віцебшчыне.
Варта сказаць, што план платных паслуг, нягледзячы на сітуацыю з Covid-19, установам культуры Беларусі не зменшылі, таму супрацоўнікі Цэнтра цягам года актыўна зараблялі грошы. Па словах кіраўніка Дубровенскага РЦНТіКДД, найбольш у “скарбонку” платных паслуг прынеслі грошы за шматлікія канцэртныя праграмы (у тым ліку і выязныя), дзіцячыя дыскатэкі, а таксама цік-ток-вечарыны, якія вельмі палюбіла моладзь. Натуральна, усе гэтыя і многія іншыя масавыя мерапрыемствы ў Дуброўна ладзяцца з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі, а наведвальнікаў канцэртаў ветліва просяць насіць маскі і карыстацца антысептыкамі.
У госці да радзімічаў
Падобная карціна, дарэчы, назіраецца і ў суседзяў — на Магілёўшчыне. Як расказала “К” дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Чавускага раёна Валянціна Ахметава, яе супрацоўнікі актыўна напаўняюць кантэнтам старонкі ў сацыяльных сетках, выкладваючы туды анлайн-канцэрты, відэаролікі ды шмат іншай, карыснай для наведвальнікаў, інфармацыі.
Акрамя анлайн-мерапрыемстваў, ладзяцца, натуральна, і рэальныя, скажам, конкурс дзіцячай творчасці “Маленькая зорка”, раённы агляд-конкурс аматарскай творчасці сярод арганізацый і прадпрыемстваў Чавускага раёна “Вытокі творчасці”, міжрэгіянальнае свята-конкурс “Зялёныя каляды”, а таксама конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў сельскіх клубных устаноў “Жыві, мая прафесія!”. Да таго ж з 2014 года на тэрыторыі аграгарадка Радамля Чавускага раёна праходзіць этнасвята ранняга Сярэднявечча “У госці да радзімічаў”, заснаванае на падзеях і стылістыцы Х—ХІІ стагоддзяў. На імпрэзу запрашаюцца этнаграфічныя калектывы, ладзяцца майстар-класы па традыцыйных рамёствах, гледачам прапануюць выставы-продажы рамесніцкіх вырабаў, а ўсе ахвотныя могуць убачыць тут тэатралізаваныя дзеі, звязаныя з побытам і абрадамі радзімічаў.
Што ж, як кажуць, паглядзець у Чавускім раёне сапраўды ёсць на што. А асабліва — на новы будынак раённага Дома культуры, урачыста адчыненага тут тры гады таму.
— Пасля праведзенай рэканструкцыі тут вельмі добра працаваць, — гаворыць Валянціна Ахметава. — Значна павялічыліся плошчы ўстановы культуры, вельмі ўрачыста выглядае глядзельная зала, ёсць месца для правядзення дыскатэк, зала для заняткаў харэаграфіяй. І, канешне, усюды ўсталяванае сучаснае музычнае і відэаабсталяванне. Магу з упэўненасцю сказаць, што цяпер усё ў нашай установе зроблена для эфектыўнага правядзення культурных мерапрыемстваў. Запрашаем “Культуру” да нас у госці — паглядзець на новы будынак сваімі вачыма!
Што ж, варта будзе абавязкова завітаць у Чавусы самым бліжэйшым часам. А яшчэ дадам, што, па словах Валянціны Ахметавай, тут вельмі строга ставяцца да ўсіх неабходных мерапрыемстваў, скіраваных на супрацьстаянне каранавірусу. А гэта і захаванне сацыяльнай дыстанцыі, і масачны рэжым, і апрацоўка і праветрыванне памяшканняў мясцовага РДК.
Цікавосткі анлайн
Ёсць свае цікавосткі і ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Цяпер мясцовыя супрацоўнікі клубнай сферы актыўна рыхтуюцца да пачатку зімовых свят — Калядаў і Новага года.
Напрыклад, учора, 10 снежня, на цэнтральнай плошчы адбылося ўрачыстае запальванне агнёў галоўнай ёлкі гарадскога пасёлка. Дзея пад назвай “Насустрач навагоднім цудам” уключала ў сябе удзел у танцавальных флэшмобах, конкурс “Навагодні забег”, падчас якога можна было атрымаць галоўны прыз свята — падарункі ад Дзядулі Мароза, а казачныя персанажы адорвалі гасцей станоўчымі эмоцыямі і морам пазітыву.
— Таксама ў хуткім часе ў нашай установе адчыніцца Рэзідэнцыя Дзеда Мароза, — адзначыла “К” дырэктар Карэліцкага РЦКіНТ Наталля Гароднік. — Там будзем ладзіць анімацыйныя навагоднія праграмы для дзетак, у тым ліку і на платнай аснове. Таксама традыцыйна будзем віншаваць дзетак з Калядамі і Новым годам дома.
А яшчэ ў Карэлічах ладзіцца раённы конкурс “Зімовая казка”, у якім можа паўдзельнічаць кожны ахвотны і зрабіць упадабанага казачнага персанажа, які потым будзе прадэманстраваны на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка падчас калядных і навагодніх свят.
Па словах Наталлі Гароднік, клубныя ўстановы раёна актыўна зараблялі грошы летам, калі праводзілі ў сельскіх паселішчах розныя брэндавыя мерапрыемствы. Многія з гэтых імпрэз пасля выкладваліся на відэахостынг YouTube, дзе карысталіся значнай цікавасцю ў гледачоў.
Да слова, прыкладна па такой жа схеме працавалі летам і супрацоўнікі клубнай сферы Стаўбцоўскага раёна. Як расказаў дырэктар Стаўбцоўскага РЦК Валерый Пугач, у летнюю пару ў сельскіх клубах раёна прайшлі шматлікія канцэртныя мерапрыемствы, у тым ліку пры ўдзеле як мясцовых, так і прыезджых артыстаў.
— Гэтыя канцэрты карысталіся значным попытам, — адзначыў Валерый Пугач, — таму іх наведвала вялікая колькасць людзей. Гэта значна паспрыяла нам у выкананні плана платных паслуг, а таксама дазволіла нам выканаць паказчыкі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” па наведвальнасці канцэртных мерапрыемстваў.
У саміх Стоўбцах летам актыўна ладзілі дзіцячыя забаўляльныя праграмы, летнія канцэрты і моладзевыя дыскатэкі, а таксама запрашалі на цыркавыя імпрэзы з лазерным шоу і пеннай дыскатэкай. Не варта і казаць, што ўсе падобныя мерапрыемствы таксама карысталіся значным попытам у гараджан.
Трансляцыі ў віртуальным свеце
Шматлікія акцыі як у віртуальным, так і ў рэальным свеце ладзілі супрацоўнікі клубнай сферы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Па словах дырэктара Хойніцкага РДК Наталлі Варапаевай, многія канцэрты, што праходзілі ва ўстанове культуры, адбываліся ў рэжыме прамых трансляцый, якія досыць актыўна глядзелі ўсе ахвотныя.
— Скажам, менавіта ў рэжыме прамой трансляцыі нядаўна прайшла тэматычная відэапраграма “Гартаючы старонкі мінулага”, прысвечаная дню Кастрычніцкай рэвалюцыі, — адзначыла Наталля Варапаева. — Таксама на нашым YouTube-канале можна ўбачыць і калядныя канцэрты, і майстар-класы, скажам, па вырабе кошыкаў пад пасхальныя яйкі, ды многае іншае.
А вось у Жабінкаўскім раёне, што на Брэстчыне, свайго сайта мясцовая галоўная ўстанова культуры не мае.
— Справа ў тым, што для таго, каб мець сайт, патрэбны адпаведны спецыяліст, каб выкладваць на ім пэўны кантэнт, — патлумачыла дырэктар Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ірына Дулевіч. — Таму пакуль актыўнічаем у сацыяльных сетках, выкладваем там фота і відэа з нагоды праведзеных імпрэз культурнай тэматыкі.
Дарэчы, як адзначыла Ірына Дулевіч, на пачатку гэтага года клубныя супрацоўнікі атрымлівалі многа заявак ад гарадскіх і сельска-гаспадарчых арганізацый, а таксама санаторыяў на правядзенне тэматычных канцэртных праграм, што дазволіла значна папоўніць “скарбонку” плана платных паслуг. Цяпер работнікі сферы рыхтуюцца да правядзення навагодніх мерапрыемстваў, бо, як вядома, Новы год і Каляды — тая пара, калі культурныя імпрэзы ладзяцца адна за адной, у рэжыме нон-стоп. Прычым як для маленькіх, так і для дарослых наведвальнікаў.
І, канешне, тут, як і ва ўсіх іншых раёнах Беларусі, актыўна сочаць за захаваннем бяспечнай сацыяльнай дыстанцыі, масачным рэжымам пры правядзенні канцэртаў, наяўнасцю антысептыкаў, праветрываннем памяшканняў і іншымі неабходнымі мерапрыемствамі, скіраванымі на супрацьдзеянне інфекцыйным захворванням.
Што ж, як вынікае, многія клубныя ўстановы даволі няблага існуюць побач з той сітуацыяй, якая ўзнікла ў нашай краіне — ды і ва ўсім свеце! — з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Зварот да цікавых рэальных і віртуальных мерапрыемстваў, актыўнае пазіцыянаванне сябе ў інтэрнэце і сацыяльных сетках, а таксама шчыльнае ўзаемадзеянне з моладдзю ў цікавых ёй фарматах (згадаем хоць бы тыя ж моладзевыя цік-ток-вечарыны!) — усё гэта прыцягвае ўвагу ўсё большай колькасці наведвальнікаў і прымушае клубных супрацоўнікаў ісці ў нагу з часам. І яны з гэтымі выклікамі сённяшняга, даволі няпростага і складанага, часу паспяхова спраўляюцца.