Сапраўды, які патрыятызм без дабрыні? Менавіта яна дапамагае любіць і людзей, і катоў. Наколькі ведаю, бадзяжныя жывёліны — праблема агульнарэспубліканская. Спецпрытулкаў мала, а тыя, што ёсць, — перапоўненыя. Змагацца трэба з першапрычынай. У рэдакцыйнай пошце заўжды шмат лістоў пра барацьбу работнікаў культуры з п’янствам, курэннем, наркаманіяй. Вельмі прыгожыя назвы акцый. Але статыстыка злоўжыванняў зніжацца не хоча. Значыць, робіцца ўсё фармальна. Тое ж і з любоўю да Радзімы. Ці здольны на гэтае пачуццё той, хто здзекуецца з братоў нашых меншых? І не здарма калісьці ў школах, бібліятэках і клубах былі “жывыя” куткі з чарапахамі, вавёркамі, вожыкамі ды хамякамі. А яшчэ птушкі спявалі. І мы вучыліся адказваць за тых, каго прывучылі. Так што патрыятызм — не толькі дабрыня, але і адказнасць. Ці выхоўваем мы яе сёння? На важнае пытанне і адказ павінен быць аналагічным, шчырым ды нефармальным. Не забыцца б на гэта.
Менавіта пра адказнасць піша бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская: “Спачуванне і дапамога — вось два галоўныя кіты, на якіх трымаецца наша грамадства. Вакол шмат людзей, якім патрэбна падтрымка і дапамога (і не толькі людзей. — Я.Р.). На чарговым пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Добрае сэрца” стартавала акцыя “Я — валанцёр”. Пры Варнянскай сельскай бібліятэцы аформілі стэнд “10 прычын стаць валанцёрам”. Вельмі спадзяюся, што валанцёраў тут паболее. Урэшце валанцёр — значыць, неабыякавы.
Яшчэ адзін ліст з Астравецкай райбібліятэкі даслала нам Галіна Францкевіч. Называецца ён “Каб стаць прафесіяналам”. Гаворка ідзе пра маладога спецыяліста Настассю Ядзевіч, загадчыка аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гервяты. Скончыла яна Лідскі дзяржаўны музычны каледж, вярнулася дахаты. У яе была слаўная папярэдніца — Тарэса Бутвіла, якая шмат чаму навучыла дзяўчыну. На сённяшні дзень у Гервятях дзейнічаюць тры клубныя фарміраванні: тэатральны гурток, аматарскае аб’яднанне рукадзелля, гурток вакальнага спеву для дарослых. Аўтарка ліста зазначае, што ўвесь час дзяўчына займаецца ўдасканаленнем клубнай прасторы, імкнецца, каб землякі адчувалі сябе тут камфортна. Ці ж не так становяцца прафесіяналамі?
Мы вельмі мала пішам аб прафарыентацыйнай дзейнасці нашых устаноў культуры, і гэта — недаравальна, бо кадравае пытанне застаецца ў сферы культуры адным з надзённых. Таму я з вялікай цікаўнасцю пазнаёміўся з лістом Кацярыны Рудзік з Ашмянаў. Яна распавядае: “Упершыню ў раённым цэнтры прайшоў раённы конкурс “Я — вядучы!” У ім бралі ўдзел сем крэатыўных артыстычных юнакоў і дзяўчат (школьнікі і настаўнікі) з розных куткоў раёна. Яны дэманстравалі таленты ў чатырох конкурсах: “Візітоўка”, “Вясёлыя гісторыі”, “Майстар слова”, “Імправізацыя”. Лепшымі сталі школьніцы Насця Галаўня і Улляна Астрамовіч”. Такі конкурс — прамы масток у прафесію работніка культуры. Але гэта толькі пачатак прафарыентацыйнай работы. Ці будзе працяг?
Гаворка пра спачуванне і дапамогу працягваецца. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Алена Цярэшка піша пра тое, што 3 снежня ва ўсім свеце адзначаюць Дзень інвалідаў. У мясцовай райбібліятэцы прайшоў урок дабрыні. На яго прыйшлі выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ваўкавыскага раёна. Да гэтай падзеі была прымеркавана выстава творчых работ інваліда ІІ групы Насці Адашкевіч.
Рамесніца Любоў Гарбар дала майстар-клас па выцінанцы для пацыентаў аддзялення дзённага знаходжання Першамайскага раёна Бабруйска. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела мастацкай творчасці Бабруйскага палаца мастацтваў Ірына Цыганкова.
У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе выстава “Таленты шчырых сэрцаў”, дзе экспануецца больш за 200 творчых работ людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з 13 раёнаў Гродзеншчыны. Большая частка твораў прыналежыць сябрам абласной арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. У экспазіцыі — жывапіс, разьба па дрэве, роспіс, пляценне з розных матэрыялаў, вышыўка…
“Хвінявіцкая сельская бібліятэка, — піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Марына Бортка, — цэнтр фарміравання здаровага ладу жыцця — заняла першае месца сярод сельскіх і гарпасялковых устаноў у VII Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. А намінацыя называлася “Гісторыя праваслаўя роднага краю”. Бібліятэкар Алена Апанасік зрабіла летапіс Свята-Барыса-Глебскай царквы вёскі Накрышкі Дзятлаўскага раёна. Гаворка вядзецца не толькі пра гісторыю храма, але і пра біяграфію святароў”.
Днямі саракагадовы юбілей адзначыў народны ансамбль побытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага дома культуры Лідскага раёна. Удзельнікі калектыву — мясцовыя жыхары-энтузіясты, улюбёныя ў песню. Фішка гурта і яго непаўторнае гучанне — у выкарыстанні прылад працы. За сорак гадоў калектыў здолеў даць звыш 400 канцэртаў у Беларусі і за яе межамі.
Вольга Заянчкоўская з Астравецкага раёна — аўтар шматжанравы. У дадзеным выпадку гаворка вядзецца пра самабытную асобу — Лілію Паўлоўскую з Кямелішак — славутую вязальшчыцу. Днямі правяла яна аўтарскую, так бы мовіць, вечарыну. Можна было пабачыць выставу адзення, звязанага майстрыхай, паўдзельнічаць у майстар-класе.
На завяршэнне — дзве навіны са Шчучынскага раёна. Першую даслала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі імя Цёткі Настасся Дзедзіён. Чытачы Астрынскай і Жалудоцкай гарпасялковых бібліятэк, Лядскай і Тур’янскай сельскіх, інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Дэмбрава, дзіцячай бібліятэкі прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем творы Максіма Багдановіча” да 130-годдзя са дня нараджэння класіка. Другую навіну даслала бібліятэкар Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі Ганна Сцяпанчанка. Яна піша пра сустрэчу ў Клубе Неабыякавых Матуль, якая была прысвечана беларускай народнай песні. Гаварылі ў той вечар і пра Уладзіміра Мулявіна, які шмат зрабіў па адраджэнні і папулярызацыі нашай песеннай спадчыны.
Спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок звяртае ўвагу на «дробязь», якая захоўвае жыццё”.
Яна праінфармавала пра тое, што ў мэтах павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва ў перыяд з 4 па 12 снежня 2021 года ў рэспубліцы праходзіць акцыя па прадухіленні гібелі людзей ад пажараў у жыллёвым фондзе “Апавяшчальнік у кожны дом”.
Аб існаванні аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў сёння ведае кожны. Неабходнасць іх усталёўкі ўжо даўно не выклікае сумневаў, аднак, многія людзі пакуль не вельмі выразна разумеюць важнасць дадзенага прыбора і тое, што менавіта ён можа своечасова апавясціць аб бяспечнасці і даць магчымасць выратавання людзей і маёмасці ад пажару. Каб засцерагчы сябе і сваіх блізкіх, неабходна ўсім грамадзянам задумацца аб усталёўцы ў сваім жыллі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!
Сустрэнемся праз тыдзень.