— Спадар Аляксей, хто-небудзь з вашага роду меў дачыненне да мастацтва?
— У сямейных хроніках такіх звестак няма. Наша сямейная традыцыя — медыцына. Земскім урачом на Міншчыне быў мой прадзед. Урачаваў у глыбінцы. Фактычна быў адзіны прафесіянал на ўсю акругу. Рабіў усё — пачынаючы ад прыняцця родаў да лекавання спецыфічных хвароб пажылых людзей. Меў ад пацыентаў вялікую павагу. Дзед мой у медыцыну не пайшоў, а бацька стаў. Гледзячы на яго, абраў прафесію ўрача і я. Тата працаваў у Навукова-даследчым інстытуце анкалогіі, што ў Бараўлянах. Бліжэй да заканчэння школы я пачаў хадзіць да яго на працу, глядзеў, што ён робіць, і такім чынам прыкіпеў да медыцыны. Дарэчы, мой прадзед пакінуў ліст пра тое, што медыцына як прафесія не павінна сыходзіць з нашага роду, што ягоныя нашчадкі павінны ўдасканальвацца ў гэтай сферы і дасягнуць большага, чым дамогся ён. Памёр прадзед у дзевяноста пяць гадоў. Але калі я нарадзіўся, ён яшчэ жыў і хацеў, каб услед за ягоным унукам — маім бацькам — я стаў урачом.
— Вы зыходна абралі хірургію?
— Усведамленне, што я хачу быць хірургам, прыйшло не адразу, курсе на трэцім. Мяне ў хірургіі вабіла і вабіць тое, што ты адразу маеш вынік. Або-або, што называецца. У большасці выпадкаў зніжаеш усе рызыкі і атрымліваеш “або” на сваю карысць. І чым большы ў цябе досвед, тым больш шанцаў на поспех. Да таго ж, хірургія лічылася, так бы мовіць, мужчынскай прафесіяй. Так што недзе курса з трэцяга, з чацвёртага я бачыў сябе хірургам.
— Ваш бацька таксама хірург?
— Не, ён хірургіяй не займаўся. Бацька тэрапеўт. Ягоная спецыяльнасць промневая і хімія-тэрапія. Ён працаваў з усімі вядомымі постацямі беларускай анкалогіі, і з тымі, хто і сёння пры справе, і каго ўжо няма. Але не было ў яго імпэту, каб і напісаць дысертацыю. Ён не меў схільнасці да навуковай дзейнасці. Ён найперш урач-практык. А я ўвесь час працаваў у Першай клінічнай бальніцы, за выключэннем аднаго года ў інтэрнатуры пры Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры імя Аляксандрава на спецыялізацыі па анкалогіі.
— Ваша спецыялізацыя?
— Я абараняўся па шчытавіднай залозе. Крыху займаўся малочнай залозай, займаўся і лёгкімі, і страўнікам… Так што нешта канкрэтнае і не вылучыш. Рэч у тым, што я пачынаў сваю анкалогію, калі ў нас было адно толькі вялікае аддзяленне, дзе ўсё было. І таму, усё давялося памацаць сваімі рукамі. І гэты досвед аказаўся вельмі карысным потым, калі пачаліся дзяленні на нейкія вузкія спецыяльнасці. Так здарылася, што дзесяць гадоў я быў хірургам, потым дзесяць гадоў я быў намеснікам па хірургіі ў бальніцы. Усёй хірургіі. З улікам таго, што я ўсімі праблемамі валодаў, вырашылі, што я гэтай пасады варты. А цяпер дзесяць гадоў яшчэ на кафедры.
— А ці былі вашы дзяды-прадзеды звязанымі са знакавымі падзеямі нашай гісторыі? Скажам, як адбілася на лёсе вашага роду Вялікая Айчынная вайна?
— Дзед ваяваў. А калі занурыцца ў гісторыю глыбей… Пасля паразы паўстання Касцюшкі продкаў маці высялілі з іх родных мясцін. Частку зусім далёка — у Сібір пад Краснаярск, а частку ў Віцебскую губернію.
— За ўдзел?
— Так. Хоць у чым канкрэтна быў удзел, не скажу. Не ведаю. У Віцебску яны яшчэ да рэвалюцыі шчыравалі ў сферы парамедыцыны — арганізавалі Таварыства глухіх у Беларусі. Не ў асобнай губерні, а ўсёй тагачаснай Беларусі ўключна са Смаленскам. Яны займаліся ўсе сурдаперакладамі. Нават мама мая тое ведала, а яе дваюрадная сястра грунтоўна гэту справу спасцігла. Была сурдаперакладчыкам на тэлебачанні. Дагэтуль глухія, а гэта вялікая група людзей, вялікую пашану да матчынага прозвішча, да нашага роду маюць.
Дзед, як я казаў, ваяваў. Ён быў прафесійным вайскоўцам яшчэ да вайны. Потым вайна — трагічны Сорак першы, выхад з акружэння. Трапіў пад разборку, прызначылі вінаватым, разжалавалі і адправілі ў штрафбат, але потым зноў даслужыўся да афіцэра і вайну скончыў капітанам. Цяжкі вельмі ваенны лёс у яго. Артылерыстам быў пры гармаце такой маленькай, што ўвесь час на перадавой…
— Саракапятка?
— Так. Вайна гэта ўвогуле асобная тэма. Цяжкая. Не так ужо шмат літаратурных твораў, якія праўду гавораць. Як яно насамрэч было.
— Вам бліжэй хірургічная практыка ці арганізацыйная работа?
— Для мяне самае важнае тое, што я раблю ў дадзены момант. Жыццё распарадзілася так, што пэўны час галоўнай была праца арганізацыйная, а вось зноў вярнуўся ў практычную хірургію, потым у навуку. Абараніўся, і, адпаведна, пасля гэтага стаў працаваць на кафедры са студэнтамі, досвед ім перадаваць. Таму што насамрэч, варты досвед маю. Многае заспеў з таго, што людзі зараз і не бачаць. Можа ім гэта і не трэба ў жыцці. Але гляджу я на сённяшніх маладых урачоў: яны ў асноўным вузкаспецыялізаваныя. З аднаго боку, гэта добра. З другога — не надта.
— Вам як прафесійніку бывае карысна зазірнуць у сферу, для вас незнаёмую?
— Калі займаешся ўвесь час адной справай, вока замульваецца. Убачыць праблему з іншага гледзішча заўжды карысна.
— Як адчуваеце сябе пасля таго, як выстава адбылася? Штосьці змянілася ў вашым светаадчуванні?
— Ну, зразумела, ёсць узрушанасць. Нават з таго, што па іншаму свае работы пабачыў. Развешаныя на сценах яны зусім інакш глядзяцца. Ну і пэўную адказнасць адчуваю, што далей рабіць, у якім напрамку ісці.
Ёсць пазітыў, людзям спадабалася. Так атрымалася таму, што тыя, хто прыйшоў на вернісаж, мяне ведаюць. Я разумею: ішлі яны паглядзець не на карціны мастака Калабухава, а на хірурга, які, нібыта, без дайпрычыны заняўся жывапісам, і нешта ў яго атрымалася.
Выстава дала станоўчы штуршок мне і, спадзяюся, маім сябрам. Куды рухацца далей? Адразу і не скажу. Спачатку трэба асэнсаваць тое, што адбылося.
— Наколькі ўрачу карысна цікавіцца тым, што — па-за ягонай прафесіяй, тым жа выяўленчым мастацтвам, літаратурай?
— Што раней, што зараз ўрачы — гэта верх інтэлігенцыі. І, адпаведна, яны мусяць быць шматбакова адукаванымі. І кнігі чытаць, і музеі наведваць. Любая творчасць ідзе на карысць справе. Вось мой калега, кандыдат навук, дацэнт, вельмі някепскі піяніст, зараз піша доктарскую дысертацыю па анкалогіі. Хапае яму часу і на навуку, і на музыку. Да таго ж я ўпэўнены, што захапленне музыкай яму і ў навуцы дапамагае…
— Можаце назваць вашых любімых мастакоў і пісьменнікаў?
— У літаратуры люблю рускую класіку — Талстога і ягоных сучаснікаў. Сучасная літаратура мне менш цікавая, але ёсць шэраг рускамоўных аўтараў, за чыёй творчасцю сачу даволі пільна. У выяўленчым мастацтве люблю французскіх імпрэсіяністаў. Мне блізкія іх вобразны лад і светаадчуванне. Маю цікавасць да мастакоў ХІХ стагоддзя, што падрыхтавалі глебу, на якой імпрэсіянізм паўстаў. Люблю класікаў Адраджэння. Першыя альбомы па мастацтве, якія я трымаў у руках, якраз прысвечаны іх творчасці.
Фота аўтара