Ва Упраўленні культуры Мінгарвыканкама музыку на цэнтральным пляцы наогул не чулі. Бармены, якія, наадварот, чуюць яе штодня, дачынення да развешаных на слупах калонак не маюць. Супрацоўнікі муніцыпальнай прэс-службы таксама не здолелі дапамагчы ў пошуках. А ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” карэспандэнту “К” зусім не здзівіліся: гэтай установе ўжо неаднойчы даводзілася выслухоўваць прэтэнзіі адносна рэпертуару — і тлумачыць, што вызначае яго зусім не яна.
Радыёрубка сапраўды знаходзіцца на плошчы “Сталіцы”, аднак... яе ўласнікам з’яўляецца УП “Мінскзялёнбуд”. Таму ў выніку я ўсё ж атрымаў нумар “крайняга” ў гэтай гісторыі: інжынера-электрыка “Мінскзялёнбуда” Васіля Луферчыка. І пытанне адносна “плей-ліста” на плошчы Незалежнасці нарэшце займела адрасата.
— Паколькі ніякіх указанняў ад Упраўлення культуры гарвыканкама мы не атрымліваем (за выключэннем рэпертуару на дзяржаўныя святы), ставім ненавязлівую спакойную музыку — тое, што ўдаецца знайсці, — патлумачыў Васіль Іванавіч прынцыпы адбору трэкаў.
— Многія не лічаць яе ненавязлівай...
— ...Але ёсць і тыя, каму яна падаецца занадта ціхай. Густы, як вы ведаеце, ва ўсіх розныя, і задаволіць кожнага нам вельмі складана.
— Ці часта на плошчы гучаць песні беларускіх выканаўцаў?
— Мы падрыхтавалі адмысловую праграму, якая складаецца выключна з айчынных хітоў. Але зразумейце мяне правільна: круціць адны і тыя ж песні круглыя суткі немагчыма. Гэта можа выклікаць толькі абурэнне.
— Ці ёсць песні, якія вы ніколі ставіць не будзеце?
— Натуральна. Мы ніколі не паставім песню з нецэнзурнай лексікай. Тое самае тычыцца і, скажам, музыкі экстрэмальных стыляў. Лічу, на плошчы ёй не месца.
— А што наконт “рускага шансону” — ці, калі без сарамлівых эўфемізмаў, блатняку?
— Шчыра кажучы, трохі разгублены... Няўжо вам часта даводзілася чуць на плошчы нешта падобнае?
— Не часта, але даводзілася.
— Ведаеце, часам на зборках сапраўды могуць праскокваць песні, скажам, Міхаіла Круга або іншых артыстаў, стаўленне да якіх неадназначнае. І праводзіць такую цэнзуру мы не можам. Самі разумееце, мы — “тэхнары”, а не музыказнаўцы. Таму калі б падборам рэпертуару занялося тое ж Упраўленне культуры, нам было б значна прасцей.
З апошнім цяжка не пагадзіцца. Сапраўды, у кампетэнцыю інжынера-электрыка мусіць уваходзіць хіба тэхнічнае абслугоўванне калонак, а даручаць яму “ў нагрузку” да гэтых функцый яшчэ і выбар музыкі — гэта ўжо занадта. Разбірацца ў эстэтычных і этычных аспектах павінны прафесіяналы іншага кшталту, вакансіі для якіх у штаце “Мінскзялёнбуда” наўрад ці знойдуцца. Неаспрэчна, не азеляняльнікам належыць вырашаць, што, калі і з якой гучнасцю павінна гучаць з дынамікаў у гэтым іміджавым месцы.
Або дынамікі наогул павінны на нейкі час замаўкаць — перадаючы эстафету жывым інструментам. На цэнтральных пляцах еўрапейскіх гарадоў, лепшыя рысы якіх пераняла абноўленая плошча Незалежнасці, нярэдка можна пачуць цэлы джаз-бэнд або фальклорны ансамбль...
Ілля СВІРЫН