Зразумела, ад такіх маштабаў у нашага чалавека захоплівае дых. Уявіце, каб, скажам, у Бабруйску з’явіліся 78 статуй мясцовых герояў — прычым не абы-якія паводле мастацкіх сваіх якасцяў. А калі б сваіх герояў забракавала, там увекавечылі б заадно і тых, хто проста “міма праходзіў”. Вось і задумваешся: як гэта ў падуанцаў атрымалася? У чым сакрэт?
Праходзячыся ўздоўж шэрагаў статуй, ты наіўна думаеш, нібы з’явіліся яны ў адначассе, як грыбы пасля дажджу: настолькі цэласным выглядае ансамбль. Насамрэч, гэта не так. Яго стварэнне запатрабавала ажно 63 гады — з 1775 па 1838.
Уявіце: шэсцьдзясят тры! Цэлае жыццё. Гэта ж колькі вады сплыло за той час! Колькі вакол было розных войнаў ды іншых мітрэнгаў! Як эвалюцыянавалі мастацкія густы! Колькі змянілася мэраў у Падуі? А колькі пакаленняў скульптараў!
І тым не менш, распачаты праект планамерна рэалізоўваўся. Яго не закінулі на паўдарозе і не перайначылі да непазнавальнасці. Таму ўрэшце ён шчасліва дапоўз да фінішу. Пасля чаго і ў падуанцаў з’явілася новая падстава для гонару на многія пакаленні наперад, і ў турыстаў — яшчэ адно месца для сэлфі.
Зразумела, параўноўваць нашы рэаліі цяжка. Досыць праблематычна знайсці ў шматвяковай гісторыі роднага краю адцінак часу ў 63 гады, за які б не здарылася нейкіх глабальных гістарычных пературбацый. Але ў кожным разе… Паслядоўнасць — вось тое, чаму нам варта ў падуанцаў вучыцца. Бо яе пакуль што бракуе.
Падняўшы нашу падшыўку ды азнаёміўшыся са Зводным планам манументальных пабудоў, які мы публікавалі гадоў дзесяць таму, вы самі ў гэтым пераканаецеся. Бо далёка не кожная яго пазіцыя рэалізаваная. Пра некаторыя ўжо і прызабылі. Змяняюцца людзі ў муніцыпальных кабінетах — і замест адных прыгожых ідэй прыходзяць іншыя, яшчэ прыгажэйшыя.
Ёсць вядома, і прыемныя выключэнні — кшталту помніка Гедыміну ў Лідзе, стварэнне якога выйшла на фінішную прамую акурат дзякуючы паслядоўнасці мясцовай улады. А вось Міндоўгу, які даўно ўжо меўся гарцаваць па Навагрудку, пашанцавала куды меней.
Тое самае тычыцца і такой сферы, як рэстаўрацыя. Колькі выдатных ініцыятыў было анансавана на старонках СМІ — але потым забуквасавала ўсімі коламі! Колькі сіл і сродкаў патрачана на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, якой так і не собіла ўвасобіцца ў матэрыяле! Чаго вартая хаця б тая ж музеефікацыя Мінскага замчышча, якая пэўны час таму здавалася ўжо справай, ледзь не вырашанай!
Тут прыгадваецца эпізод з фільма Таркоўскага: калі штодня цягам доўгіх гадоў паліваць уторкнутую ў зямлю палку, урэшце яна зацвіце. Адна ўмова: палкі пры гэтым нельга мяняць на іншыя. Іначай цуду дакладна не здарыцца, а ўся арашальная справа будзе ўпустую.