“Манера Грэцыя” — гэта кіно-эмоцыя, у якім, разам з тым, ёсць адсылкі да грэчаскага кінематографа. У прыватнасці, да фільма “Заказаць!” Паўласа Тасіоса і вершаў актрысы і паэткі Кацярыны Гогу. З іншага боку, мова гэтай кароткаметражкі будзе зразумелай кожнаму, хто хоць раз трапляў у стан дзіўнай прасторавай і часавай бязмежнасці. Яна можа напаткаць у самыя розныя моманты. Напрыклад, а пятай раніцы ў грэчаскім клубе “Бузукі-танцпол”, калі чалавек на інвалідным вазку з запалам танчыць пад неверагодную песню ў стылі дзейбэкіка, які спалучае фальклор і сучасную музыку. Што адчуваюць прысутныя, гледзячы на экстаз такога танцора? Гэта зусім не спачуванне, а штосьці значна большае. “Гэта “Манера Грэцыя”, — кажа рэжысёр. — І тое, як уладкаваны наш свет”.
Чакаю памылкі
— Кірынеас, ваш фільм заварожвае эмацыйным напалам. Якім чынам вам удалося стварыць падобную атмасферу разняволення людзей — і, разам з тым, пэўнага напружання?
— Стужка адрозніваецца ад маіх папярэдніх — а іх у мяне ўжо пяць. “Манера Грэцыя” нарадзілася з гісторыі майго сябра — пісьменніка Васіліса Кізіласа. У свой час ён працаваў у бары і аднойчы ўбачыў падобную карціну, калі чалавек з асаблівасцямі распачынае палымяны танец, які не пакідае ўбаку прысутных. Яго расповед быў такім маляўнічым, што я адразу нібы ўбачыў гэту сцэну. І потым фільм літаральна стаў “расці” вакол яе. Пэўны час я шукаў месца, дзе магла б адбыцца падобная дзея. Потым пачаў “рассаджваць” у сваёй свядомасці людзей у клубе.
Вельмі важнае значэнне мае песня, якая гучыць у карціне і пад якую танцуюць мае героі. Доўга шукаў патрэбнага выканаўцу, пакуль аднойчы не сустрэў Курэаса — ён вядомы ў нас менавіта як рок-зорка. І тое, як Курэас праспяваў гэты фолькавы спеў — у даволі сатырычнай манеры — надало дзеянню дадатковае вымярэнне.
— Ці доўга вы працавалі над сцэнарыем?
— Гэты фільм я рабіў без сцэнарыя. Для мяне было больш важным візуальнае ўвасабленне. Я намаляваў асноўныя сцэны, зрабіў падрабязную раскадроўку карціны. Увогуле, падчас здымак я прытрымліваўся пэўнага метаду: калі працэс распачынаецца і ўсё ідзе, здаецца, па плане, я чакаю, у пэўным сэнсе, памылкі — нейкай неспадзяванкі, якая дасць мне патрэбны эмацыйны ключ. Калі раптам асяродак і акцёры, якія задзейнічаны ў стужцы, пачынаюць пэўным чынам кантактаваць, імправізаваць, у гэтым суплёце энергій і нараджаецца тое, што можна назваць магіяй кіно. Вось гэты момант я чакаю! І мне падаецца, што ў “Манеры Грэцыя” мы яго злавілі.
У глыбокай вадзе
— Для вас прынцыпова быць незалежным рэжысёрам?
— Пакуль так. Цана маёй незалежнасці — тое, што я здымаю свае фільмы ўласнымі высілкамі. Вядома, дапамагаюць сябры, грошы таксама неяк знаходзяцца, але гэта не дзяржаўныя гранты. Аднак я вырашыў тую дылему для сябе даўно: хочаш здымаць — здымай! Не трэба чакаць чыіхсьці дазволаў і сродкаў.
— Сёння імя грэчаскага рэжысёра Ёргаса Ланцімаса вядомае кожнаму кінаману. Яго фільмы “Лобстар” і “Забойства свяшчэннага аленя” сталі пераможцамі буйных фестываляў. Ці можна спадзявацца на тое, што ўслед за Ланцімасам вядомасць шырокай публікі атрымае і шэраг іншых грэчаскіх рэжысёраў?
— Ёргас, безумоўна, знаходзіцца сёння ў цэнтры глядацкай увагі. Але ў Грэцыі ёсць шмат рэжысёраў, імёны якіх не гучаць у навінах з кінафестываляў. Гэтыя творцы “плаваюць” у больш глыбокай вадзе, іх трэба яшчэ пашукаць. І я, вядома, выступаю за іх прызнанне, бо часцей за ўсё яны не маюць магчымасці прэзентаваць сябе. Напрыклад, фільмы кароткага метру, у асноўным, даходзяць да гледача толькі праз адмысловыя кінафорумы. Іх амаль немагчыма ўбачыць у вялікім пракаце. Але менавіта ў гэтай нішы часцей і можна заўважыць новых цікавых творцаў. У Грэцыі ёсць невялікая супольнасць таленавітых рэжысёраў — іранічных, чалавечных, адораных, але да іх фільмаў гледачу не так проста дабрацца.
Там адно — прэтэнзія!
— Кіно дае магчымасць кантакту паміж рознымі часткамі грамадства. Ці змяніўся гэты дыялог пасля таго, як Грэцыю ахапіў эканамічны крызіс? Як ён увогуле адбіўся на вытворчасці нацыянальнага кіно?
— Гэта трапнае пытанне. Бо крызіс, насамрэч, змяніў не толькі нашу індустрыю, але і саміх людзей. Многія сталі выкарыстоўваць тэму ў сваіх мэтах. Напрыклад, пэўныя кінематаграфісты пачалі здымаць у рэалістычным ключы — не таму, што іх кіно патрабуе такой мовы, а каб адпавядаць злабадзённай праблематыцы. І самае цікавае, што яны выбіваюць недзе грошы і спрабуюць упэўніць атачэнне, быццам іх кіно — гэта мастацтва. Але там адно — прэтэнзія! Такімі рэжысёрамі кіруе зусім не жаданне зрабіць мастацкае выказванне — яны проста карыстаюцца тэмай.
Гэта вельмі сумна, бо высветлілася, што большая частка нашага грамадства, і не толькі ў кіно, дбае пра свае інтарэсы. Людзі павар’яцелі, нападаюць адзін на аднога, і гэтая сітуацыя не паляпшаецца. Між тым, варта адзначыць, што крызіс для многіх стаў тым штуршком, які дазволіў нібы нарадзіцца наноў. Ёсць творцы, якія ў гэтым складаным становішчы захоўваюць цвярозае, крытычнае стаўленне да рэчаіснасці ды імкнуцца падтрымліваць адзін аднаго, прагнуць штосьці змяніць не за кошт іншага, а праз спагаду і асэнсаванасць дзеяння. Ды, на жаль, такіх меншасць.
Адчуванне сябе і свету
— Ці вялікія магчымасці ў грэчаскіх рэжысёраў рэалізаваць сябе?
— Калі працягваць працаваць, яны мусяць з’явіцца. Сёлетні Берлінскі кінафестываль папракалі ў пасрэднай праграме. Баюся памыліцца, але, на маю думку, так атрымалася таму, што адборшчыкі кінафоруму рабілі стаўку на вядомыя імёны ў рэжысуры — так бы мовіць, плылі па плыні. Але, каб ажывіць працэс, трэба бываць у розных месцах, глыбока занурвацца і шукаць. Грэцыя, Албанія, Балгарыя, Польшча, Беларусь — трэба шукаць паўсюль. У сваю чаргу, рэжысёрам трэба мець стратэгію і настойлівасць: працягваць здымаць, набрыньваць досведам. Хто яго ведае — можа, аднойчы, як у нас гавораць, д’ябал зламае нагу і адбудзецца цуд: вас заўважаць.
— Як вам “Нефільтраванае кіно”?
— Тое, што я тут убачыў, мяне моцна натхніла. Гэта цудоўны кінафорум, які дае магчымасць убачыць за кожным фільмам яго аўтараў, а таксама і гледачоў. І, адпаведна, упэўніцца ў тым, што кантакт, якога мы ўсе прагнем, здымаючы свае фільмы, магчымы.
— Для вас кіно — гэта?
— Тое, што дапамагае зразумець рэчы навокал і ўнутры нас. І ў дадатак да пытання пра магчымасці. Кіно, у першую чаргу, патрэбна не для таго, каб прабіцца на нейкія алімпы, а для нас саміх. Каб мы разабраліся са сваім жыццём, каб зразумелі, хто мы на дадзеным этапе. У Грэцыі ёсць такое слова “сінестэзія” — адзінства пачуццяў. Кіно і ёсць своеасаблівай сінестэзіяй сябе і свету.