Праграма фэсту, што мае доўжыцца дванаццаць гадзін, запоўніўшы ўсе тры залы вялізнай арт-прасторы “Верх”, — багатая на разнастайнасці. Для дзетак — батлейка і майстар-класы па вырабе лялек. Для “прасунутых” аматараў гісторыі — дыспуты з навукоўцамі. Для моладзі — рок-канцэрт. Для аматараў відовішчаў — бойкі на шаблях ды іншыя атракцыйныя рэканструкцыі. Усяго й не пералічыць! Своеасаблівым жа “цвіком” імпрэзы абяцае стаць маштабная тэатралізаваная дзея, у якой гістарычную тэматыку выканаўцы “ўкладаюць” у спецыфічную мову перформанса.
Паважнае месца ў праграме займае сучаснае мастацтва. Але й тыя, хто аддае перавагу больш традыцыйным рэчам, не застануцца без увагі. Вялізная выстава, што стане важнай часткай фэсту, аб’ядноўвае самых розных паводле эстэтычных перакананняў аўтараў — гэткіх прызнаных майстроў, як Рыгор Батальёнак, Алесь Родзін, Валерый Вядрэнка, і мастакоў новай генерацыі.
Мае адбыцца на фэсце й яшчэ адна добрая падзея — прэзентацыя дзвюх мемарыяльных дошак, што неўзабаве будуць усталяваны на родавай капліцы Рэйтанаў у Грушаўцы. Варта азначыць: разам з іншымі дошкамі на гонар дзеячаў беларускай гісторыі, гэтыя на мецэнацкіх пачатках вырабіла адна з прыватных фірм падчас выставы, прысвечанай камнеапрацоўцы.
Першы інфармацыйны шчыт на тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў быў усталяваны на суботніку, арганізаваным сябрамі арт-суполкі сумесна з журналістамі нашай рэдакцыі. Усцешна, што памяць пра слынны род будзе ўшанавана цяпер і мемарыяльнай дошкай.