Калі падсумоўваць адным словам — годна. Двума — вельмі годна. Трыма — вельмі-вельмі годна. Аб’ектыўныя доказы? На сем конкурсных спектакляў (балет Вольгі Скварцовай “Весна священна ли…” ішоў ужо пасля падвядзення вынікаў) — ажно чатыры дыпломы ў розных намінацыях. І шмат добрых слоў ад замежных спецыялістаў — як на публічных абмеркаваннях, так і, што вельмі важна, у кулуарах. А дзве масквічкі — маладыя крытыкі з багатым фестывальным вопытам — увогуле былі ўпэўнены, што прадэманстраванае ў Брэсце высокае тэатральнае мастацтва Беларусі вынікае з-за геаграфічнай блізкасці да Еўропы: пэўна, вашы рэжысёры скрозь цікавяцца тамтэйшымі навінкамі, ездзяць ледзь не на ўсе заходнія прэм’еры і арыентуюцца выключна на лепшыя сусветныя дасягненні. Эх, каб гэтыя словы ды былі б рэальнасцю!..
Не будзем заплюшчваць вочы на праблемы. Бо калі перамагчы жаданне тыражаваць вышэйзгаданае “вельмі-вельмі” да бясконцасці, давядзецца прызнаць, што агульны ўзровень спектакляў быў, шчыра кажучы, розным. А аднаму з іх тыя ж маскоўскія крытыкі ўвогуле прапаноўвалі ўручыць штосьці накшталт “Сярэбранага галёша” — дыплома “за горшы спектакль” усяго форуму. Але ж з’ехалі крыху раней, не даглядзеўшы конкурсныя паказы да канца. Насамрэч, каб існавала такая “антыпрэмія” (што ў талерантнай, спагадлівай, інтэлігентна стрыманай Беларусі папросту немагчыма), дык яна павінна была б адрасавацца іншаму спектаклю — замежнаму. Бо наш быў сціпла-ніякаватым, а той замежны — з амбіцыйнай прэтэнзіяй на сучаснасць і суперканцэпцыйнасць, ды пазбаўлены элементарнага густу, пачуцця меры і прафесійнага рэжысёрскага падыходу.
Сярод айчынных былі спектаклі не толькі дзяржаўных рэпертуарных тэатраў. Больш за тое, фестываль у чарговы раз дапамог усвядоміць простую ісціну: найпершы складнік, неабходны для нараджэння добрага спектакля, — яркая творчая асоба. А тое, які статус мае спектакль, належыць ён дзяржаўнаму тэатру ці з’яўляецца прыватным творчым праектам, — рэч другасная. І перакананасць, што рэпертуарны тэатр, у адрозненне ад праектнага, служыць беражліваму захаванню вялікай колькасці адметных спектакляў — усяго толькі міф (пра фестывальны паказ “Пінскай шляхты” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы гл. № 38). Затое абедзве формы, як ні дзіўна, могуць сябраваць, прычым узаемавыйгрышна.
Прыкладам апошняга стаўся монаспектакль “Дарожка мая”, узнагароджаны “За высокамастацкае засваенне беларускага фальклору”. Афіцыйна ён уваходзіць у рэпертуар гаспадара фестывалю, Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Але з’явіўся як творчы праект Івана Кірчука. Той ужо многа гадоў практыкуе канцэрты на аснове беларускага фальклору, які становіцца адпраўным пунктам яго шматлікіх уласных кампазіцый. Збіральнік і даследчык народнай музычнай культуры, лідар гурта “Тройца” і аўтар некалькіх кніг, Кірчук праводзіў падобныя імпрэзы і раней, у тым ліку без удзелу іншых артыстаў: спяваў песні (пад уласнае інструментальнае суправаджэнне), расказваў пра іх, пра народныя абрады і традыцыі, паказваў музычныя інструменты, якія станавіліся паўнавартаснымі дзеючымі асобамі гэтай крыху містычнай “музычнай варажбы”. Адчуўшы структурную блізкасць між найбольш старадаўнімі фальклорнымі замовамі-заклічкамі і сучасным музычным мінімалізмам (і там і тут паўтараюцца сціслыя папеўкі-патэрны з іх далейшымі амаль незаўважнымі зменамі), ён звычайна занурваў слухачоў у стан медытацыі: заплюшчвай вочы ў паўзмроку — і плыві па хвалях успамінаў-адчуванняў, філасофствуй на мяжы мікра- і макракосмасу. Менавіта такая музычная драматургія — бесканфліктная, падобная не да адзінай мэтанакіраванай лініі з яе паслядоўным разгортам, а да колаў, што разыходзяцца па вадзе, — з’яўляецца адным з трэндаў пачатку ХХІ стагоддзя.
Новы праект Кірчука, па-ранейшаму захоўваючы лекцыйна-канцэртны пачатак (аповед пра нацыянальныя традыцыі і іх дэманстрацыя праз песні), пабудаваны на іншай драматургіі — менавіта тэатральнай. “Дарожка мая” становіцца аповедам пра чалавечае жыццё (так званы сямейна-абрадавы цыкл беларускага фальклору) — і жыццё сусвету, заснаванае на сонечным колазвароце, змене пораў года. А таксама на чатырох папраўдзе “касмічных” стыхіях: зямля, вада, агонь, паветра, што трансфармуецца ў нябёсы. Абедзве лініі — прыроды і чалавека — сплятаюцца праз каляндарна-абрадавы цыкл народнай песеннасці, на які накладаюцца і асноўныя царкоўныя святы. Пры ўсёй разнастайнасці жанравых вытокаў, неверагодным сінтэзе фолька з прафесійнымі мастацкімі плынямі — спектакль быццам акантаваны калыханкай, “закалыхванне” якой набывае амбівалентнасць, сімвалізуючы ў пачатку — нараджэнне, потым — смерць. І адначасова новае нараджэнне!
Як чалавечае жыццё спалучаецца з жыццём Хрыста і прыроднымі з’явамі, бо паўсюль узнікаюць паралелі, так і ўласна беларускасць, нацыянальны пачатак не замкнёныя ў нейкую “рэзервацыю”, а ўспрымаюцца часткай сусветных працэсаў. Выведзена ў спектаклі і папраўдзе навуковая ідэя самой структуры нацыянальнага, што складаецца не адно з асаблівых рысаў, але і з вялікага пласта агульначалавечых.
“Дзеючымі асобамі” монаспектакля становяцца не толькі выкарыстаныя ў ім лялькі, маскі, звязаныя з абрадавасцю, але і самі музычныя інструменты: разгалінаванае сямейства акарынаў, шматлікія дудкі (не блытаць з дудой: яе якраз і няма), свістулькі, разнастайныя ўдарныя (ажно да каменьчыкаў і казіных капытоў), басэтля, гуслі, варган (варганы ў нас былі знойдзены ў час археалагічных раскопаў, у тым ліку на Берасцейшчыне, а малады беларускі кампазітар Аляксей Пілатаў напісаў нядаўна нават Канцэрт для варгана з аркестрам).
Ператварэнню сінтэзаванага дзеяння ў паўнавартасны спектакль садзейнічалі такія тэатральныя атрыбуты, як сцэнаграфія брэсцкага мастака Уладзіміра Ткачэнкі, вядомага пад творчым псеўданімам Міраўлад Палачыч, і ўдалыя светлавыя эфекты. Камерная сцэна не загрувашчана збудаваннямі-прыладамі. На першым плане — суцэльная “дарожка” музычных інструментаў: на спецыяльных падстаўках ці проста на падлозе. Паслядоўна рухаючыся ад аднаго да другога, за час спектакля расказчык, спявак і мульціінструменталіст у адной асобе праходзіць не толькі віртуальную “дарожку”, але і гэтую рэальную — праз усю авансцэну. Яшчэ адну цалкам рэальную “сцяжыну” ствараюць распасцёртыя ручнікі, разасланыя ў адну лінію. Да гэткай “лінейнасці” далучаюцца два вялізныя кругі. Адзін падобны да плеценай “сурвэткі” — чым не сонца ў выглядзе своеасаблівай “выцінанкі”? Другое кола — поўня, быццам вытканая роўнымі ніткамі-“дарожкамі”. А наводдаль — вертыкальныя ніткі-промні-“дарожкі” ўтвараюць слуп срэбнага “дажджу”, падобны да касмічнага светлавога патоку. Менавіта з яго выходзіць артыст у пачатку спектакля — і ў яго ж сыходзіць у фінале.
Не змяншаючы заслугі Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і яго кіраўніка Аляксандра Козака ў наданні добрай “упакоўкі” працы Івана Кірчука, на наступным фестывалі, як справядліва адзначыла ў час падвядзення вынікаў лідар беларускага тэатразнаўства, прафесар Таццяна Арлова, хацелася б убачыць спектакль, падрыхтаваны самой брэсцкай трупай.
Іншыя беларускія спектаклі не патрабуюць паглыбленага аналізу, бо кожны з іх у свой час ужо меў разгорнутую рэцэнзію на старонках “К”. Лепшым монаспектаклем прызналі “Сінюю-сінюю...” Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Дадам, што ў параўнанні з вясновай прэм’ерай (гл. “К” № 13) Мікалай Сцешыц правёў размоўную лінію сваёй ролі больш цэласна, без залішняй патэтыкі, а ў маляванні пяском увогуле дасягнуў узроўню лепшых прафесіяналаў гэтага мастацтва.
Дыплом “За развіццё мовы пластычнага тэатра” атрымаў “Залаты век, ці Трыумф Deus ex machina” сталічнага Тэатра “ІнЖэст” (гл. “К” № 30 за 2015 г.). На абмеркаванні крытыкі выказвалі не толькі захапленне відовішчнасцю і семантычным багаццем спектакля, але і спадзеў, што калектыў будзе выступаць часцей.
“Опіум” Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт карпарэйшн” (гл. “К” № 43 за 2016 г.) паказваўся на форуме двойчы, яго паглядзелі ўсе пяцёра замежных крытыкаў, большасць якіх ладзіць уласныя тэатральныя фестывалі. Усе ў адзін голас адзначылі яго стыльнасць, чысціню выканання, дасягненне эфекту мінімумам сродкаў — і аддалі яму пальму першынства ў намінацыі “Лепшы спектакль малой формы”.
Шкада, што не ўсе змаглі пабачыць згаданы раней балет “Вясна...” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра (гл. “К” № 33). Ён быў па-за конкурсам, але мог бы ўпрыгожыць не толькі ўласна тэатральную афішу, а і праграму любога фестывалю сучаснай харэаграфіі.
Не самым удалым, мякка кажучы, аказаўся спектакль “4510 па Фарэнгейце” Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Але ўдзел калектыва ў фестывалі, шчырая размова з запрошанымі крытыкамі павінны стаць карыснымі для трупы на чале з галоўным рэжысёрам Генадзем Мушпертам. Тым больш, што ў творчым багажы гродзенцаў мелася нямала выдатных прац.
Не сталіся “суперадкрыццём” мальераўскія “Манерніцы” Брэсцкага тэатра лялек. Затое літаральна праз два дні пасля завяршэння форуму трупа “выбухнула” неверагоднай “Новай зямлёй”. Але пра гэта — у наступным нумары “К”.