Вобразы “Пяра з выбітым зубам” з верша англійскага паэта-сюррэаліста Хью Сайкса Дэвіса скіраваны ў сваім шырокім разуменні да свабодных асацыяцый і ўнутрана суадносяцца з вобразамі твораў на выставе. Аўтары, імкнучыся паглыбіцца ў філасофскія таямніцы быцця, усё ж успрымаюць больш знешнія праявы эстэтычнай свабоды ад маральнага прымусу, сцвярджаючы, што гармонія і розум — гэта падман. Таму ў Сяргея Сялецкага алагічна вырастаюць кветкі з яблыкаў, у Анатоля Скамарошчанкі стары буфет ціха згадвае іпастасі свайго лёсу, у Івана Русачака моцныя рукі падтрымліваюць у паветры старажытны карабель. Атмасфера непрадказальнасці пранізвае цыкл работ Уладзіміра Голуба, дзе фантомы жаночых мараў плаўна перацякаюць у хаатычнасць канструяванай прасторы, а вар’яцтва ўмоўна-раслінных людзей таго ж Сяргея Сялецкага як бы трансфармуецца ў абсурднасць сціснутага наваколля. Красамоўнае танга выконваецца касметычнымі флаконамі разам з аўтарам сюжэта Аляксандрам Балдаковым. Прарочыя сны таемнай асобы, схаванай Сяргеем Асапрылкам пад белы саван, узмацняюцца мроямі імператара, якія адпускаюцца на волю Сяргеем Грыневічам і падхопліваюцца разважлівай загадкавасцю перажыванняў Жанны Чыстай. Узлятаючы ў вышыню з сонечнасцю дня Пятра Янушкевіча, спантанныя думкі вянчаюцца каронай дзённага свяціла Валянціны Шобы. Зменлівыя ў сваіх настроях і паводзінах цацачныя фігуркі Вікторыі Ільіной ладзяць асабісты спектакль на падаконніку сусвету.
Творцы прадстаўляюць гледачу свой погляд на арганічныя суадносіны рэальнасці і ілюзій, розуму і парадоксаў у існаванні чалавека. Палатно Валерыя Мартынчука “Масей”, якое асацыюецца з вядомым творам Зігмунда Фрэйда, партрэт Сальвадора Далі работы Аляксандра Бабянкова прымушаюць гледача апеляваць да ўстойлівых сусветных архетыпаў і асобаў. Містыфікацыйная вобразнасць Юрыя Якавенкі сімвалічна ўзыходзіць да магнетызму сярэднявечча, запрашаючы гледача ўвайсці ў краіну ілюзій. Па перыметры знешняга свету вандруюць вычварныя па сваіх пластычных канфігурацыях постаці, віртуозна зробленыя з металу Юрыем Мацко, з керамікі і металу — Валерыем Мартынчуком, з дрэва — Уладзімірам Панцялеевым. “Малекулярныя сувязі” з шамоту Яўгена Адзіночанкі асацыятыўна ўзнаўляюць унутраныя стасункі сучаснага мастацтва са стылістычнымі дасягненнямі еўрапейскай эстэтыкі.
У аснове канцэпцыі ляжыць ідэя сцвярджэння неабмежаваных духоўных магчымасцей чалавека ў неабсяжнай жыццёвай прасторы.
Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца
Гродна