"Багемнае свята 30-х" у магілёўскай бібліятэцы.
Як вам навуковае шоу пад назовам “Адкрывашкі”? У сапраўдных перасоўных навуковых лабараторыях дзеці не проста назіралі за эфектнымі пераўтварэннямі і дзіўнымі цудамі, але і самі змаглі прыняць актыўны ўдзел у эксперыментах і адчуць сябе вынаходнікамі. Неверагодныя адкрыцці ярка дэманстравалі законы хіміі і фізікі. Неверагодны інтарэс у школьнікаў выклікала прэзентацыя 3D-прынтэра і 3D-асадкі.
Таленавітых у той дзень сабраў майстар-клас ад арт-студыі “Каламбіна”. Яна працуе пры Цэнтральнай гарадской бібліятэцы амаль тры гады, вырабляе інтэр’ерныя лялькі, паштоўкі…
Упершыню у двух бібліятэках прайшлі “Бібліяпрыцемкі”. Установы не зачыняліся да 23.00. Цэнтральная бібліятэка прапанавала тэматычныя вечарынкі 20 — 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Для ўдзелу маладыя людзі загадзя рэгістраваліся ў сацыяльных сетках. Да запрашальнага білета заставалася дадаць добры настрой. Ніхто не абмінуў фатаграфічны салон. Увесь час гучалі знакамітыя мелодыі сусветных хітоў у выкананні “Jazz City Band”, працавала кіназала “Нямое кіно”.
Ахвотныя прынялі ўдзел у салоннай літаратурнай гульні “Геніяльныя кнігі, якія сталі класікай”. А была яшчэ і кінавіктарына “Эпоха джаза і кіно”. Пераможцы зараблялі бонусы: грашовы аналаг, які меў хаджэнне ў мясцовым безалкагольным бары “Зялёны млын”. І вы ведаеце, як называліся сокі і кактэйлі? “Дон Карлеонэ”, “Апельсінавае цунамі”, “Яблычны бум”…
Госці танцавалі,глядзелі тэатральныя экспромты, наведалі арт-выстаўку “Модныя тэндэнцыі XX века” і кніжную экспазіцыю “Хроніка часу”.
У дзіцячай бібліятэцы-філіяле імя Аляксандра Пушкіна “…прыцемкі” распачаліся на ганку ўстановы. Перад чытачамі выступіла салістка ўзорнай студыі эстраднага вакалу Вольга Канавалава. Студыя сучаснага танца”My Style” арганізавала флэш-моб. Працавала шмат пляцовак: хтосьці вырабляў абярэгі, хтосьці рабіў батыкі пад кіраўніцтвам мастакоў лінгвістычнага цэнтра “LINGVOCLASS”, знайшліся ахвотныя паспрабаваць сябе ў накладванні аквагрыму і вырабе фотаздымкаў. А побач працавалі магілёўскія рамеснікі.
Вялікая квэст-гульня “Паляванне на кнігу” прывабіла ўсіх. Кожны атрымаў на ўваходзе карту-арыенцір і адправіўся ў цікавую вандроўку.
Цягам вечара можна было прагледзець відэаролікі пра кнігі, чытанне і бібліятэку. Менавіта такія паслугі прапанаваў відэасалон “На ноч гледзячы”. А сэлфі з кніжнымі героямі стала цудоўным сувенірам.
Дзейнічала і акцыя “Начны чытач”. Кожнаму, хто запісаўся ў бібліятэку, уручаўся прыз.
У выніку падзеі тых бібліятэчнага дня і вечара доўга абмяркоўваліся ў сацыяльных сетках.
Алена АСТАПАВА, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦГБ імя Карла Маркса