“Можа, лепш не трэба?”
— За мяжой падобныя фестывалі зазвычай робяцца на базе той ці іншай культурнай установы, якая мае сваё памяшканне, штат, тэхнічную базу… Прыкладам, “Лодзьскія тэатральныя спатканні” ладзяцца тамтэйшым Домам культуры, вялізны фэст вулічных тэатраў у Кракаве арганізуе тэатр “КТО”… Зрэшты, і ў нас ёсць падобныя прыклады — спектакля падобнага кшталту ў рамках той жа “Белай вежы, якую ладзіць Брэсцкі акадэмічны драматычны тэатр пры падтрымцы мясцовых улад.
“На пустым месцы” ды без вызначанага бюджэту арганізоўваць такія фэсты, вядома ж, куды больш складана. Грошы ў нас могуць з’явіцца толькі пасля пачатку продажу квіткоў, а каманда, якая вырашае арганізацыйныя пытанні, складаецца выключна з валанцёраў — узельнікаў тэатра “ІнЖэст”.
У арганізацыі “ПлаSформы” мне даводзіцца спалучаць мноства роляў — я і арт-дырэктар, і тэхнічны дырэктар, і спецыяліст па рэкламе ды сувязях з грамадскасцю… У той самы час, афіцыйна выступіць у якасці арганізатара фэсту Слава Іназемцаў не можа — хаця я і з’яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам, што дазваляе мне вырашаць пэўныя фінансавыя пытанні. Прычына простая: адкуль мне ўзяць сродкі, каб адразу заплаціць за арэнду залаў яшчэ да пачатку продажу квіткоў? Добра, удалося намовіць пайсці на рызыку дырэкцыі тых пляцовак, дзе ладзіліся імпрэзы “ПлаSтформы” — Палаца культуры і спорта чыгуначнікаў, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Палаца культуры імя Мікалая Шарко. Кожная з гэтых устаноў дэ-юрэ і з’яўлялася арганізатарам форуму.
Паколькі Палац чыгуначнікаў — структура недзяржаўная, перад тым, як пачаць рабіць рэкламу імпрэзы і прадаваць квіткі, нам было неабходна атрымаць гэтак званую гастрольку — пасведчанне на правядзенне мерапрыемства. Для гэтага трэба не пазней чым за месяц аднесці ў Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама пакет дакументаў, які ўтрымлівае падрабязную інфармацыю: ідэю, праграму, спіс удзельнікаў…
З гэтым праблем не ўзнікла — пасведчанне мы атрымалі. Але паколькі ў праграме форуму былі заяўленыя замежныя выканаўцы, давялося заплаціць пошліну, якая ўстанаўліваецца ў залежнасці ад змяшчальнасці залы. У выпадку з Палацам чыгуначнікаў — 50 базавых велічынь альбо 9 мільёнаў рублёў. У сціплым бюджэце нашага фэсту такая сума склала асобны артыкул выдаткаў…
Урэшце — рэклама. На тумбах афішы з’явіліся, а ў метро нам адмовілі. Рэкламны аддзел палічыў, што выява “абезасобленай” белай постаці можа спалохаць пасажыраў. Адправілі ўзгадняць крэатыў ва ўпраўленне гандлю Мінгарвыканкама, але там нам патлумачылі, што мастацтвазнаўча-псіхалагічная экспертыза — не іх кампетэнцыя, і скіравалі ва ўпраўленне ІРКСМ. Там праграму фэсту зноў вырашылі праверыць — па другім коле ўжо…
Карацей, пакуль мы хадзілі па інстанцыях, размяшчаць тыя афішы стала ўжо запозна. Трэба было ад пачатку плюнуць ды не марнаваць час, але мой інстынкт самазахавання гэтым разам не спрацаваў.
Чаму ўвогуле ўзнікла праблема з гэтай бяскрыўднай афішай? Як даводзілася чуць, не так даўно і сапраўды здарыўся прэцэдэнт: камусьці з пасажыраў метро не спадабалася рэклама выстаўкі “Таямніцы чалавечага цела” (можаце сабе ўявіць, якія там былі выявы?), і той напісаў скаргу. Ну а далей ужо, відаць, спрацаваў прынцып “Абпаліўшыся на малацэ, на ваду дзьмеш”… Людзі, якія прымаюць рашэнні, звычайна імкнуцца перастрахавацца. Ты яшчэ нават не разумееш, з чым сутыкнуўся, але ўжо думаеш: а можа… лепш не трэба? На жаль, такая псіхалогія, уласцівая для савецкіх часоў, пакуль не адышла ў нябыт.
Спонсары — гледачы
— Я неаднойчы казаў, што адзіным спонсарам “ПлаSтформы” з’яўляюцца гледачы, якія купляюць квіткі. Ці былі спробы знайсці іншых фундатараў? Натуральна. Сёлета мы зноў рассылалі лісты ў розныя арганізацыі, у адным выпадку нават, здавалася б, з’явілася надзея на паразуменне… Але эканамічныя цяжкасці ў краіне ўсё перакрэслілі. Што тут казаць, калі ў Мінску нават палова навагодніх карпаратываў адмянілася!
У выніку, цэны на квіткі былі немаленькімі: каб наведаць усе шэсць дзён фэсту, спатрэбілася без малога мільён рублёў. Для студэнцтва такія выдаткі непад’ёмныя (дарэчы, ужо з’явілася ідэя зрабіць льготныя білеты прынамсі для студэнтаў-харэографаў: ім абавязкова трэба даць магчымасць знаёміцца з актуальным працэсам), а сярэдні клас пакуль да нас яшчэ “не дайшоў” — за выключэннем хіба асобных яго прадстаўнікоў. Тым больш, пад час эканамічных цяжкасцей чалавеку чыста псіхалагічна не хочацца “дыскамфортнага” мастацтва, і спажыўца тут можна зразумець. Таму ў зале таго ж Палаца чыгуначнікаў назіраліся вольныя крэслы.
Калі казаць пра эканамічныя вынікі... Сёлетні форум прынёс мне “даходаў” мінус 10 мільёнаў рублёў. Добра яшчэ, беларускія калектывы з іншых гарадоў пагадзіліся адмовіцца ад аплаты дарогі — хаця я ім абяцаў… Ганарары? Ды пра гэта нават гутарка не вядзецца! Увогуле, калі “ПлаSтформа” і мае якія традыцыі, дык адна з самых характэрных — менавіта не плаціць ганарараў. Бо скуль я вазьму на іх грошы? Галоўнае, каб хапіла на рэкламу і тэхнічныя выдаткі…
На вялікую маю радасць, беларускія ўдзельнікі разумеюць тыя варункі, у якіх ладзіцца фестываль, і таму не высоўваюць ніякіх прэтэнзій. Сёлета ў “ПлаSтформе” ўзялі ўдзел амаль усе айчынныя групы, якія займаюцца пластычным тэатрам. Нават даводзілася рабіць пэўны адсеў — часам па прычыне неадпаведнасці фармату, часам — па крытэрыях якасці. Прычым я адмаўляў не толькі беларусам, але і замежнікам.
Як ні парадаксальна, але калектывам з іншых краін нават прасцей выступіць у Мінску, чым беларускім. Прыезд Люблінскага тэатра танца быў цалкам прафінансаваны Польскім інстытутам і Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны гэтай краіны, латвійскаму “IdeaGnosis” іх Міністэрства культуры аплаціла дарогу, наша суайчынніца Ірына Ануфрыева, якая жыве ў Швецыі, напісала заяўку ў адну з тамтэйшых арганізацый — і атрымала фінансаванне. Як даводзілася чуць, наш фэст ужо мае пэўнае рэнамэ сярод замежных культурных арганізацый, таму запрашаць гасцей нам трохі лягчэй. Цяпер вось вядзём перамовы з дацкай актрысай і танцоркай. Сёлета ў яе не было магчымасці прыехаць, але на наступны год, хочацца верыць, усё атрымаецца.
Нечакана для нас на фэст па ўласнай ініцыятыве прыехаў супрацоўнік Міністэрства культуры Францыі Ларан Ван Кот — ён эксперт па фестывалях ва ўсёй Еўропе і жыва цікавіцца нашай пакуль яшчэ terra incognita. Мсье Ларан меў сустрэчу з першым намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірынай Дрыга.
Дарэчы, пра афіцыйнае…
— Для мяне важна зразумець афіцыйнае стаўленне да нашай ініцыятывы. Як сведчаць сустрэчы з супрацоўнікамі Міністэрства культуры, яно, у цэлым, вельмі станоўчае: мы адчулі вялікую зацікаўленасць да свайго праекта. Але пакуль што пра спрыянне казаць не выпадае, бо алгарытм супрацоўніцтва паміж дзяржавай і такімі прыватнымі пачынамі, як падаецца, не распрацаваны.
Адзначу адразу: мы не просім непасрэднай фінансавай падтрымкі. Зразумела, што ў цяперашнія цяжкія часы сродкаў у бюджэце на ўсе культурныя праекты не хопіць. Праблема ў іншым: мала таго, што ты праяўляеш ініцыятыву, дык яшчэ і павінен за гэта плаціць тую ж пошліну!
Таксама былі б удзячны за арганізацыйную дапамогу — прыкладам, з пражываннем удзельнікаў. Сёлета такі досвед ужо быў: пры спрыянні супрацоўнікаў Міністэрства культуры, расійскі тэатр удалося за сімвалічныя грошы пасяліць у ведамасны інтэрнат. Думаю, варта і надалей шукаць такія канкрэтныя варыянты ўзаемадзеяння.
Пад занавес
— Канешне, “ПлаSтформу” я буду рабіць і надалей. Тым больш, многія адзначаюць яе і якасны і колькасны рост параўнальна з мінулымі гадамі. Я абсалютна перакананы ў тым, што гэты форум патрэбен усім, хто займаецца на Беларусі пластычным тэатрам. Паасобку прабівацца да гледача вельмі складана, а фэст — маштабная падзея, якая прыцягвае ўвагу прэсы і публікі да самой з’явы.
Ва ўсіх нас ёсць адна і тая самая праблема: тэатр не можа існаваць “у стол”, яму абавязкова патрэбен глядач. А як прабіць да яго сцяжынку ў цяперашніх варунках, калі і арэнда залы, і рэклама, і абсталяванне каштуюць касмічныя сумы? Прыкладам, усе спектаклі тэатра “ІнЖэст”, якія мы сыгралі за апошні год, былі для нас стратнымі… Тут жа спрацоўвае нават чыстая арыфметыка: куды больш мэтазгодна выдаткаваць 15 мільёнаў рублёў на рэкламу шасцідзённага фэсту, чым аднаго спектакля. Менавіта гэтым мы і кіраваліся разам з іншымі ініцыятарамі "ПлаSтформы" — Інай Асламавай і Аляксандрам Цебянюковым.
Вядома, тое паразуменне, на якое мы разлічваем, адбываецца не заўсёды. Увогуле, цяжка патрабаваць ідэальнага гледача і крытыка — хаця б з той прычыны, што ў нас і спектаклі пакуль далёка не ідэальныя. Зрэшты, мы ад пачатку заяўлялі “ПлаSтформу” як прастору для эксперыментаў, а не фэст прызнаных зорак. Такі падыход, без сумневу, прадугледжвае пэўную рызыку — не толькі ў фінансавым, але і ў мастацкім вымярэнні. Але ісці незнаёмымі шляхамі заўсёды цікава, і, як паказаў сёлетні фэст, у нас ёсць спадарожнікі — яны ж і адзіныя спонсары...