Што да фальклору і менавіта аўтэнтыкі, то такая музыка і спевы не могуць не ўсхваляваць сэрцы слухачоў, таму што гэта і ёсць нашы карані, наш пачатак. Канешне, нельга сказаць, што фальклор запатрабаваны ўсюды і на ўсіх канцэртных пляцоўках. Але, паверце, якасны музычны прадукт народ выдатна ўспрымае.
А яшчэ ў сучасных умовах трэба ўмець правільна падаваць фальклорны матэрыял. Маю на ўвазе не толькі грунтоўную маркетынгавую работу калектыву, а, найперш, напісанне аранжыровак, у якіх спалучаюцца адразу некалькі кірункаў, яркіх фолькавых украпленняў у сучасную музыку. Таму ёсць шмат прыкладаў: “Deep Forest”, “Era”, “Іван Купала”, з беларускіх назаву “Старога Ольсу”, “Палац”, “Троіцу”, “Зніч”.
На жаль, сёння рэдка на якой айчыннай дыскатэцы сустрэнеш фальклорныя кампазіцыі, апрацаваныя адмыслова для маладзёжнай публікі. А шкада, бо клубная, электронная музыка пры належным падыходзе могуць выдатна спалучацца з народнай спеўнай традыцыяй. Інакш кажучы, мы павінны ісці ў нагу з часам і самае галоўнае тут: знайсці і ўмела данесці слухачу гэты матэрыял. З чым, на маю думку, спраўляецца гурт “Купалінка”.
Цягам многіх гадоў “Купалінка” часта бывае за мяжой. Перш-наперш, кожны год мы наведваем з канцэртамі Францыю, Польшчу, неаднаразова бывалі ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Расіі. Зараз геаграфія нашых выступленняў пашырылася і не так даўно мы прадстаўлялі нашу краіну ў Паўднёвай Карэі: “Купалінка” выступіла на галоўнай сцэне фестывалю Сеула “The Seoul Friendship Fair”. Сярод 11 калектываў з розных краін свету, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве, “Купалінка” заваявала найбольшую колькасць глядацкіх галасоў, а таксама, з улікам меркавання арганізатараў фестывалю, заняла першае месца сярод удзельнікаў-выканаўцаў. Пацвярджэннем думкі, што народная музыка прыхільна ўспрымаецца шырокай грамадскасцю стаў адметны факт: слова “Беларусь” у дні нашага ўдзелу ў фестывалі дасягнула піка папулярнасці ў якасці пошукавага запыту на буйным паўднёвакарэйскім партале. Прыгожыя народныя касцюмы, цікавае тэатралізаванае дзеянне, яскравая музыка — дзякуючы гэтаму сінтэзу, нават не разумеючы беларускай мовы, можна перанесціся на нашу зямлю, спазнаць нашы традыцыі і нашу культуру.
Не забываецца “Купалінка” і на айчынных аматараў музыкі. У пацвярджэнне таму — вялікі канцэрт “Усе кветкі для жанчын”, які адбудзецца сёння ў Белдзяржфілармоніі (непасрэдную дапамогу ў правядзенні яго аказалі генеральны дырэктар установы Аляксандр Гарбар і мастацкі кіраўнік Юрый Гільдзюк).
Галоўная ж асаблівасць гэтага канцэрта ў тым, што ў ім прымуць удзел калектывы і артысты, з якімі “Купалінка” сябруе і супрацоўнічае. Гэта і “Харошкі”, і “Бацька атаман”, і салістка Ансамбля песні і танца Узброеных сіл краіны Ганна Сцепанкова. Вядома, наш канцэрт нездарма носіць назву “Усе кветкі для жанчын”...
А яшчэ атрымаецца і свайго кшталту мой творчы вечар. Хачу выказаць вялікую падзяку мастацкаму кіраўніку калектыва, народнай артыстцы Беларусі Алене Цяльковай — генератару нашых творчых ідэй, — якая выступіла ініцыятарам і рэжысерам канцэрта, а таксама прапанавала такі фармат. Для любога артыста гэта важна і, трэба сказаць, вельмі адказна. З аднаго боку, выканаўца ў межах бенефіса мае магчымасць паказаць спектр сваіх магчымасцей: гэта і запевы, і сольныя песні, і ігра на розных інструментах. А з іншага — гэта складаная псіхалагічная і фізічная нагрузка, бо ў “Купалінцы” канцэрту падобнага фармату яшчэ не было.
Наперадзе “Купалінку” чакаюць гастролі ў Мілан, Варшаву. Таксама сёлета калектыў плануе выпусціць адразу некалькі альбомаў. Адзін з іх ужо атрымаў назву “Вакол свету” — на ім будуць прадстаўлены кампазіцыі тых краін, у якіх гастраляваў наш ансамбль. Другі праект — дыск з песнямі ваеннага часу, прысвечаны 70-годдзю з Дня Перамогі. Асобны альбом складзе кантавая музыка, старадаўнія беларускія напевы. А асабіста для мяне найбольш цікавай бачыцца праца па запісе дыска з аўтэнтыкай, выкананай акапэльна.