Сваю творчую дзейнасць Клуб аматараў песні “Ярок” адлічвае з 2009 года, калі адбылося першае публічнае выступленне на занальным туры абласнога Фестывалю вакальна-харавога мастацтва “Ляці, наша песня!” у вёсцы Аснежыцы Пінскага раёна. А пачыналася ўсё так. У 2007-м на работу ў раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр прыйшоў Валерый Шуркала. Праводзячы метадычныя дні, ён знайшоў блізкіх па духу людзей, вызначыў для сябе калег-аднадумцаў — і пачаліся рэпетыцыі. Дырэктар РАМЦ Алена Дубойская прапанавала аб’яднацца ў творчы калектыў, нават назву прыдумала — “Ярок” (калісьці існаваў такі вакальны гурт пад кіраўніцтвам культработніка Мальвіны
Наздрыной).
Сёння ў складзе калектыву 12 чалавек — людзі, жыццё якіх звязана з мастацтвам: яны спяваюць, граюць на розных традыцыйных народных інструментах.
З першага дня ў “Ярку” — метадыст РАМЦ Ірына Вабішчэвіч, дырэктар Фядорскага СДК Марына Барэйка, мастацкі кіраўнік Альманскага СДК Ала Дзенісовіч.
— Ніводная рэпетыцыя не адбылася б без Алены Стружко — акампаніятара ўзорнага ансамбля танца “Карагод”, — кажа Валерый Шуркала. — Перш чым развучыць новую песню, разбіраем з ёю кожны твор па партыях, танальнасці…
Сярод удзельнікаў — і дырэктар Альманскага СДК Мікалай Дзенісовіч, індывідуальныя прадпрымальнікі Аляксандр Барэйка ды Віталь Чынікайла, загадчык аўтаклуба Таццяна Цупа і дырэктар Стружскага СДК Варвара Белавус, мастацкі кіраўнік Рэчыцкага ГДК Алена Ражко, акампаніятар Фядорскага СДК Мікалай Еўтух.
Валерый Шуркала называе імёны тых, хто раней здабываў славу калектыву, — Васіля Дзенісовіча, Уладзіміра Казеню, Кацярыну Кірэеву, Людмілу Вандзіч, якой, на жаль, ужо няма з намі…
У рэпертуары калектыву — рускія, беларускія народныя песні, песні палескага рэгіёна, а таксама творы прафесійных і самадзейных аўтараў.
Клуб “Ярок” шмат выступае, ён — удзельнік занальнага тура свята народнага гумару “Спораўскія жарты”, заключнага абласнога тура Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”, Адкрытага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Удзельнікі клуба неаднаразова прымалі ўдзел у абласным свяце-конкурсе гарманістаў і выканаўцаў прыпевак “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!”, дзе салістка Ала Дзенісовіч ды кіраўнік клуба Валерый Шуркала былі ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата III ступені за ўклад у развіццё мастацкай творчасці. З фрагментам абраду “Ваджэнне куста” прымалі ўдзел у народным свяце “Тройца”.
Галіна ГАШЧУК
Столін
Фота аўтара