Беларуская харэаграфія “Белай Русі”.
Нашу дэлегацыю ўзначаліў кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” Анатоль Карповіч. Натуральна, што апрача гэтага мастацкага калектыву — аднаго з лепшых у краіне, — у Індыю выправіліся і майстры традыцыйных рамёстваў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Тамара Харланчук (выканаўчы дырэктар названага грамадскага аб’яднання), Ала Аўсяннікава, Жанна Гардзеева ды Ірына Дзернакоўская, кожная з якіх прадставіла ці бісерапляценне, ці ткацтва з вышыўкай, ці саломкапляценне…
Выстаўка была шматлюднай. І штодня “Белая Русь” здзіўляла наведвальнікаў адметнай народнай харэаграфіяй. А ў беларускім павільёне нашы майстрыхі не толькі прэзентавалі свае творы, але і ладзілі для ахвотных майстар-класы. А ахвотных аказалася шмат. Тамара Харланчук згадвае, што да беларускага стэнда чэргі выстройваліся і літаральна кожны хацеў сфатаграфавацца з нашымі майстрыхамі, якія на вачах індыйцаў тварылі цуд. Да прыкладу — нацыянальныя паясы. Дарэчы, ужо 19 лютага на адрас Беларускага саюза майстроў народнай творчасці прыйшоў ліст з нашага Пасольства ў Індыі. Па словах выканаўчага дырэктара БСМНТ, Пасол Беларусі ў Індыі Віталь Прыма выказаў грамадскаму аб’яднанню шчырую ўдзячнасць ды зазначыў: беларускі стэнд за два тыдні работы Міжнароднай выстаўкі быў адным з яркіх і пазнавальных. І гэта прытым, што ў мерапрыемстве бралі ўдзел 49 дэлегацый з усяго свету.
Індыйцаў здзіўляюць нашы майстрыхі.
А вось што кажа старшыня беларускай дэлегацыі Анатоль Карповіч, мастацкі кіраўнік “Белай Русі”, якая дзейнічае пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі: “Сустракалі нас на найвышэйшым узроўні. На адкрыцці выстаўкі ў Сураджкундзе выступленне “Белай Русі” ў ліку іншых ансамбляў ды выканаўцаў было апошнім. А вось для выступлення на заключных мерапрыемствах выстаўкі арганізатары выбралі адзін толькі наш Заслужаны аматарскі калектыў. І гэта высокая ацэнка майстэрства “Белай Русі”, у склад якой уваходзіць трыццаць чалавек. Вельмі ўражаны беларускай харэаграфіяй міністр турызму Індыі. Так што, спадзяёмся, у гэтай краіне мы пабывалі не ў апошні раз”.
Індыйская прэзентацыя нашага традыцыйнага мастацтва яшчэ раз даказвае, што і прадстаўнікоў народа сустракаюць ды праводзяць толькі па яго высокай культуры.