У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама не спыняецца праца па атрыманні еўрасаюзаўскіх грантаў, распачатая яшчэ ў 2009 годзе. Сёння нават цяжка і падлічыць, колькі гэтых грантаў аддзел ужо мае ды з поспехам выкарыстоўвае на карысць спажыўцам культуры. На апошні з іх, да прыкладу, набыты… трактар з наборам прычапнога інвентара.
Авохці мне, ды навошта ім яшчэ і трактар! Аказваецца, для таго, каб прывесці да належнага ладу Кісцянёўскі парк, што ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Праект гэты — экалагічны. А ўнікальны набор драўляных парод на маляўнічым беразе Дняпра — цудоўны ўзор пейзажнага садова-паркавага мастацтва XIX стагоддзя. Цяпер тут узводзяцца альтанкі, наладжваецца асвятленне.
Больш за тое: мясцовы СДК пераўтвораны днямі ў Цэнтр экалагічнай культуры і творчасці. Дзе як не тут вучыцца разумець, што мы — толькі дробная частка неабсяжнага ды непаўторнага прыроднага свету…
Цяжка паверыць, што большая частка выпускнікоў Ельскай дзіцячай школы мастацтваў паступіла ў сярэднія спецыяльныя ўстановы. Між тым, гэта так: паступальнасць — 54 працэнты. На Гомельшчыне гэты паказчык перакрыты толькі ў абласным цэнтры.
Трэба калі-небудзь падсумаваць ды абагульніць досвед работы гаспадарчых груп. Ёсць у названай сферы папраўдзе прарыўныя дасягненні. Журналісты “К” пепраканаліся ў гэтым пад час колішняй выязной рэдакцыі, у тым ліку і на Ельшчыне. Зараз будаўнікі аддзела займаюцца рамонтам СДК у вёсцы Скароднае. Эканомія дзяржаўных сродкаў пры такім стане спраў — відавочная…
Сур’ёзны вынік дасягаецца пры вясёлай працы, дзе куражу роўна столькі, колькі і азарту. На Міншчыне шырока вядомыя намінацыі з падтэкстам, што прыдумваюць на Любаншчыне, каб адзначыць лепшых работнікаў культуры раёна. Калі быў Год добраўпарадкавання, усе імкнуліся атрымаць “Венік года”, а ў Год эканоміі і беражлівасці змаганне ішло за званне “Куркулятар года”.
Пад такія вось жартачкі работнікі культуры Любанскага раёна зарабілі летась… 900 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. Важкі ўнёсак у агульную скарбонку зрабіў дырэктар Сароцкага ЦДК Фёдар Крупянькоў, прызнаны на Любаншчыне лепшым спецыялістам 2014 года. Ён не толькі дырэктар, але і менеджар з прадзюсарам. Справа ў тым, што ва ўстанове дзейнічае цэнтральная філарманічная пляцоўка. Бывае, што ў месяц тут ладзіцца па два канцэрты, і не толькі філарманічныя. Паколькі Крупянькоў пастаянна маніторыць запыты вясковага насельніцтва, зала ніколі не пустуе…
І нескладаная выснова. Крэатыўны праект не з’яўляецца як грыбы пасля дажджу, сам па сабе. Яго трэба прыдумаць-выпакутаваць, рэалізаваць-выштукарыць. Дык хто “пераплюне” Рагачоўшчыну, Ельшчыну ды Любаншчыну?..