На маю думку, гэты пафас не стасуецца з карцінамі экспазіцыі. На выстаўцы прэтэнзій на нейкі “месэдж” я не пабачыў. У работах большасці аўтараў адчуваецца засяроджанасць на асабістым, на тым, што мастаку цікава, блізка, можа, нават дорага.
Ступень вядомасці ў публікі і прастора розгаласу творчасці ў кожнага з членаў суполкі розная. Напрыклад, Валянціна Губарава і ў Беларусі добра ведаюць, і за мяжой на ягоныя карціны замоўцы ёсць. Публіку ў творчасці Губарава вабіць добрая іронія ды спакойнае стаўленне да хібаў чалавечай натуры. Яшчэ я дадаў бы сюды апавядальнасць ягоных карцін. Бадай, кожная з іх можа ўспрымацца ілюстрацыяй да нейкага жыццёвага аповеду. Хоць і лічыцца — прынамсі, у пэўных мастакоўскіх колах, — што жывапісцу не варта карыстацца літаратурнымі кодамі, гледачам часта бывае цікава чытаць на карціне гісторыі персанажаў, суадносіць намаляванае з рэаліямі ўласнага жыцця. Праўда, мне падаецца, што творчасць мастака сёння з аб’ектыўных прычын пазбавілася часткі той надзённасці, якую яна мела напрыканцы 1990-х, калі карціны Губарава былі ці не люстэркавым адбіткам маргінальнага сегмента тагачаснага соцыуму. Хоць тэмы, якія распрацоўвае мастак, — вечныя, але іх сюжэтнае начынне і візуальная аздоба за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў змяніліся істотна.
Асабліва мне вельмі блізкая творчасць Сяргея Рымашэўскага. Калі ахарактарызаваць яе адным словам, дык гэта будзе — “цеплыня”. Ён нібыта глядзіць на “дарослы” свет вачыма дзіцяці, для якога няма акрэсленай мяжы паміж казкай і рэчаіснасцю. Гэтыя вочы яшчэ не навучыліся бачыць цёмныя фарбы быцця…
Блізкая па духу згаданаму мастаку творчасць Наталлі Івановай. Стылістычна яе карціны пасуюць інсіту, “наіўнаму мастацтву”, але відавочна, што ў аснове — добрая школа і густ, выхаваны на ўзорах мастацтва прафесійнага. Такімі малюнкамі можна ілюстраваць мудрыя казкі-прыпавесці Андэрсена.
Мушу адзначыць добрыя жывапісныя якасці ў карцінах Алены Шлегель. Як прыпавесць трактуе яна побытавыя сюжэты — і наадварот. Васіль Касцючэнка ў большай ступені — графік, чым жывапісец, прынамсі, калі меркаваць па работах дадзенай экспазіцыі. Карціна ў тры лакальныя фарбы, лінейны малюнак — адметныя чыннікі ягонай манеры. Яго творы не прэтэндуюць на філасофскую глыбіню, хоць аўтар і дае ім мудрагелістыя назвы. Увагу гледача, аднак, прыцягне змест ягоных работ, скіраваны на падсвядомасць і “базавы інстынкт”.
Містычную плынь у экспазіцыі прадстаўляюць Уладзімір Ганчарук, Матвей Басаў, Рыгор Несцераў. Ганчарук аздабляе постаці і рэчы экзатычнымі атрыбутамі. Несцераў, так бы мовіць, заганяе выяву ў туман, які, паводле аўтарскай задумы, мусіць надаць ёй загадкавасці. Басаў, мяркую, натхняецца Бібліяй — яе першай часткай.
На маю думку, Сяргей Малішэўскі — мастак з брутальным мысленнем, і глядач яму патрэбен адпаведны. На ягоных карцінах сюррэалістычная стылістыка не надта пасуе сюжэтнаму начынню. Аляксандр Шыбнёў, ідучы шляхам супрэматыстаў 20-х гадоў мінулага стагоддзя, імкнецца звесці выяву да знака, да графемы. Мне цяжка меркаваць пра плён вынаходніцтва ўжо існуючага, але мастаку гэта, мабыць, трэба. Сяргей Пісарэнка і Аляксандр Забаўчык у кантэксце экспазіцыі ўспрымаюцца як антыподы: першы — рэаліст-традыцыяналіст, другі — абстракцыяніст.
Дык што ж цэлыя дзесяць гадоў трымае разам гэтых непадобных адно да аднаго творцаў? Мяркую, сур’ёзнае стаўленне да сваёй справы. Можна не пагаджацца з канцэпцыямі творчасці згаданых мастакоў, не прымаць іх стылістыкі, але тое, што працуюць яны сумленна, для мяне відавочна. Менавіта гэтым яны могуць быць цікавыя гледачу.