Сапраўды, толькі буйных міжнародных форумаў у нас некалькі: Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер” і, зразумела, Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”, які пройдзе ўжо ў дзясяты раз.
Увогуле, штогод адбываецца больш за сотню значных культурных мерапрыемстваў, адрасаваных розным сацыяльным ды ўзроставым слаям насельніцтва. У выніку аказваюцца ахоплены ўсе катэгорыі публікі. Але маладым гледачам і слухачам — увага асаблівая. І не толькі ў Год моладзі, а заўсёды! Моладзь — наша будучыня, і працуючы для яе, мы тым самым клапоцімся пра свае перспектывы.
Год моладзі ў спалучэнні з юбілейным, дзясятым па ліку, “М.@rt.кантактам” прывёў да такой асаблівасці цяперашняга форуму, як адмова ад прафесійнага журы на карысць маладых прыхільнікаў мастацтва, суполка якіх склалася пры тэатры за гады існавання фестывалю. Менавіта яны, як гэта было і раней, вылучаць лепшы маладзёжны спектакль. Не абыдзецца і без строгага прафесійнага падыходу, бо запрошаныя на фестываль крытыкі будуць па-ранейшаму штодзень публічна абмяркоўваць прагледжаныя пастаноўкі. У сукупнасці з разнастайнымі адукацыйнымі праграмамі, згрупаванымі вакол форуму, гэта таксама надае яму сваё адметнае аблічча і скіроўвае густы публікі ў неабходнае рэчышча. Можна з упэўненасцю канстатаваць, што “М.@rt.кантакт” аказаў моцны ўплыў не толькі на тэатральную культуру рэгіёна, але і на фарміраванне прыхільнасцей публікі. У нас склалася суполка трывалых спажыўцоў таго мастацтва, якое прывыклі лічыць элітарным.
І сам форум, і абодва магілёўскія тэатры — драматычны ды лялечны — маюць дзяржаўную падтрымку з боку як мясцовых улад, так і Міністэрства культуры краіны. Яны зрабіліся цэнтрам прыцягнення не толькі тэатральнага мастацтва ўвогуле, але і, што вельмі важна, разнастайных творчых пошукаў.
Вялікая ўвага надаецца абласному тэатру лялек. З нашай дапамогай для яго быў набыты аўтобус. Гэта, спадзяёмся, паспрыяе не толькі з выездамі па рэгіёне, але і з гастролямі за межы Беларусі — у тыя ж Польшчу, краіны Балтыі. Нагадаю, што днямі два спектаклі для дзяцей — “Самы маленькі самалёт на свеце” і “Выкраданне скарбаў” — будуць паказаны на гастролях у Мінску. Увогуле ж, разгалінаваныя сувязі тэатра лялек (найперш — замежныя) вельмі дапамагаюць пры стварэнні праграмы “М.@rt.кантакту”, якая традыцыйна разгортваецца на некалькіх пляцоўках і ахоплівае тэатры розных кірункаў.
Мы вельмі рады, што за час нядаўняй рэканструкцыі будынка тэатра лялек была захавана творчая група, што тэатр стаў успрымацца як адна з найбольш цікавых эксперыментальных пляцовак. Там ставяцца не толькі дзіцячыя казкі, але і сур’ёзныя работы для дарослых. Узгадаю хаця б “Гамлета”, які ўжо неаднойчы паказваўся ў сталіцы і зрабіў фурор на шэрагу фестываляў.
Да таго ж, галоўны рэжысёр тэатра Ігар Казакоў узяў курс на стварэнне пастановак для самых-самых маленькіх, пачынаючы літаральна з немаўлят. Такі напрамак ужо шырока распаўсюджаны ў свеце, у нас жа ён толькі пачынае сваё развіццё. Але ў ягонай перспектыўнасці няма сумневу. Бо такім чынам мы паступова, пачынаючы з падсвядомых дзіцячых уражанняў і цягам усяго далейшага жыцця прывучаем гледачоў да сучаснай тэатральнай мовы. Думаю, цікава тое і самому рэжысёру. Не толькі таму, што гэта адна з запатрабаваных у свеце тэндэнцый, а яшчэ і таму, што нядаўна ў яго самога нарадзіўся сын і праблемы выхавання гледачоў ясельнага ўзросту для яго не чужыя.
Так што сёння Магілёў і тэатр — рэчы непадзельныя, уявіць горад без тэатральнай аўры — немагчыма. Хаця, зразумела, існуюць і праблемы. Адна з асноўных — недахоп прафесійных кадраў — датычыцца не толькі Магілёўшчыны. Але ў нас яна, як ні дзіўна, аказалася наўпрост звязанай з фестывальным рухам. Правядзенне міжнародных тэатральных форумаў паспрыяла павышэнню прафесійнага майстэрства нашых акцёраў, зрабіла іх канкурэнтаздольнымі. За апошні час з таго ж драматычнага тэатра сышлі ажно сямёра артыстаў: з’ехалі ў Расію, дзе заробкі вышэйшыя.
Вядома, мы імкнёмся гэтаму супрацьстаяць, і не адміністрацыйнымі мерамі, якія ў такой тонкай матэрыі, як мастацкая творчасць, могуць прыводзіць да супрацьлеглых вынікаў. Наадварот, падтрымліваем дзеячаў тэатральнага мастацтва як можам. Той жа Ігар Казакоў зараз вылучаны ў намінацыі “Чалавек года”, а гэта не толькі гонар, але і матэрыяльнае ўзнагароджанне.
Кожны тэатр, як і любы творчы калектыў, пачынаецца, на маю думку, не з вешалкі і нават не з будынка, а — з канкрэтных людзей. Будуць яны — будзе і тэатр.