— Ніна Сяргееўна, вы ў свой час хутка прывучылі народ плаціць за культурныя паслугі. Улады раёна па-ранейшаму вас падтрымліваюць у гэтым кірунку?
— Так. Хоць летась у нас і змяніўся старшыня райвыканкама, але гэтую пасаду заняў колішні першы намеснік кіраўніка раёна Сяргей Якаўлеў. Ён палітыку станоўчага стаўлення да культуры працягвае не менш эфектыўна. Асабліва гэта тычыцца сацыяльна-творчых замоў, якія заключаюць з намі арганізацыі і прадпрыемствы горада і раёна.
— Сацыяльна-творчыя замовы на правядзенне карпаратыўных юбілеяў, цырымоній, прафесійных святаў?
— Так. І прадпрыемствы з гатоўнасцю пералічваюць грошы, бо ведаюць, што атрымаюць яркае ды змястоўнае відовішча. Да прыкладу, так ладзіцца цырымонія “Залаты Рог”, калі падводзяцца вынікі дзейнасці ў сацыяльна-культурнай сферы і вызначаюцца лепшыя… Сацыяльныя замовы складаюць недзе працэнтаў трыццаць ад агульнага валу пазабюджэтнай дзейнасці. І гэта заўжды працаёмістыя акцыі: з нашым вядучым і якасным канцэртным забеспячэннем, з абавязковай выстаўкай і адпаведным афармленнем залы. А замаўляюць яшчэ і абрады. Як правіла, праводзім іх у Цэнтры рамёстваў. Словам, выкарыстоўваем у пазабюджэтнай дзейнасці ўсе магчымыя формы.
— Дык у вас сапраўды няма бясплатных мерапрыемстваў?
— Практычна. Вы ўявіце сабе, што за год трэба зарабіць адзін мільярд трыста мільёнаў рублёў. А да выканання задання неабходна атрымаць на сёння сто мільёнаў…
— Хіба дробязь?
— Не, канешне. Але, думаю, за навагоднія святы дабярэм тое, што патрэбна, без праблем. Нягледзячы нават на тое, што сетка ўстаноў скарачаецца па прычыне аптымізацыі.
— Дагэтуль гаворка ішла пра стасункі аддзела і прадпрыемстваў. А як у вас наладжаны рынкавыя адносіны з “фізічным” спажыўцом культуры? Скажам, з шараговым вяскоўцам, які не вызначаецца асаблівай плацёжаздольнасцю?
— А мы не перавышаем 20-працэнтную рэнтабельнасць мерапрыемстваў. Інакш кажучы, гэтая мяжа ў пэўнай ступені ашчаджае кашалёк вяскоўцаў… Натуральна, на кожную дзею складаем планавую калькуляцыю, дзе ўлічваюцца ўсе расходы (рэнтабельнасць, аўтарскія, камандзіровачныя, рэклама), у тым ліку і запрашэнні пабочных спецыялістаў, якім, натуральна, аплачваецца праца. Але прызвычаіліся эканоміць, абыходзіцца штатнымі работнікамі.
— Якая паслуга мае максімальную цану?
— Вельмі запатрабаваныя выязныя экскурсіі па Беларусі. Балазе ў нас чатыры адзінкі камфартабельнага транспарту. Жадаючыя павандраваць аплачваюць толькі бензін. А паездка з нашымі экскурсаводамі (да прыкладу, да Блакітнай Крыніцы і царквы ў Слаўгарадзе) каштуе ад 60 да 80 тысяч рублёў. А цана на білет вясковай дыскатэкі не перавышае 15 — 20 тысяч. Дыскатэка, натуральна, не шараговая, а якасная: тэматычная, насычаная конкурсамі і віктарынамі.
— А вяскоўцы яшчэ не скардзяцца, што дорага?
— Пакуль не. Калі клуб паспяхова выконвае план па аказанні платных паслуг, мы дазваляем у якасці заахвочвання правесці для свайго насельніцтва і штосьці бясплатнае.
— Вы такую пазабюджэтную суму за год зарабляеце, што і ўявіць цяжка… Ці ўплывае гэта на заробкі?
— Штомесяц падводзім вынікі аказання платных паслуг. Ёсць працэнт адлічэння ў прэміяльны фонд. Калі план выконваецца, калі на рахунку ўстановы ёсць грошы, дык спецыяліст, згодна з нашым палажэннем, можа атрымаць і пяць акладаў, а можа — і 0,25…