Шэраг жывапісных работ Андрэя Смаляка ды створаных на іх аснове фрагментаў праекта "Ажылыя карціны", размешчаных на сайце Мікіты Бязрукава, і стаў нагодай для непрыемнай сітуацыі.
Хто ў чыёй камандзе?
Пра генезіс ідэі ажыўлення карцін Смаляка мы ўжо калісьці пісалі, і паўтарацца не варта. Адзначым толькі, што аўтар задумы — муза і менеджар мастака Вольга Смаляк. Што ж да падбору каманды... Па словах Андрэя Смаляка, ад пачатку быў абраны прынцып “адна карціна — адзін фатограф”. Гэта значыць, несупынная ратацыя. Але неўзабаве ад такой ідэі вырашылі адмовіцца — з тэхнічных прычын.
— Мы паспрабавалі, але сутыкнуліся з мноствам праблем: кожнаму новаму аўтару патрабаваўся час, каб “увайсці” ў праект, адаптавацца да яго патрабаванняў, — распавядае Андрэй Смаляк...
— Падкрэслю яшчэ, што Мікіта Бязрукаў уліўся ў гатовы, канцэптуальна сфарміраваны і разрэкламаваны праект, які на той момант доўжыўся амаль год, — дадае Вольга Смаляк. — Самае складанае, лічу, выпала тым фатографам, якія стаялі ля вытокаў: Ірэне Гудзіеўскай або Юрыю Іванову. Дарэчы, і на пазнейшай стадыі мы прыцягвалі да супрацоўніцтва яшчэ двух фатографаў: Ігара Іванова і Юрыя Федарэнку. А іх магло быць і дзесяць, і дваццаць — столькі, колькі мы палічылі б патрэбным...
“Ажыўленне карцін” зазвычай адбывалася дружна і весела. Мне давялося пару разоў трапіць на здымкі, і магу засведчыць, што рабочая атмасфера была нязмушанай ды прыязнай. Тандэм Смалякоў уважліва і дэмакратычна кіраваў працэсам з уласцівым перфекцыянізмам, а вакол шчыравала цэлая каманда: фатограф, аператар, грымёр, візажыст, мадэльер...
— Мы былі адзіным арганізмам, дзе кожны складнік меў надзвычайную ролю: і мадэльер, і грымёр, і візажыст... — кажа Вольга Смаляк. — І калі нехта раптам захварэў, сесія рызыкавала “не атрымацца”...
Затым праект пракаціўся па розных віртуальных і рэальных пляцоўках, яго вынікі доўгі час правіселі на “арт-паркане” парку Чалюскінцаў... Сярод іншага, з’явіліся яны і ў партфоліа студыі Мікіты Бязрукава, размешчаным на яе сайце, а неўзабаве былі ахоплены таксама і сацыяльныя сеткі ды відэахостынгі. І менавіта гэта выклікала абурэнне тандэма.
— Неяк мне патэлефанавалі з Кіева ды спыталі: слухай, ты тут паўдзельнічаў у праекце нейкага фатографа… — распавядае Андрэй Смаляк. — Прычым ён настолькі круты, што знакамітасці ў чаргу становяцца, каб яму пазіраваць... Палез у Інтэрнэт ды высветліў: аказваецца, я і сапраўды “запісаўся” ў каманду Мікіты Бязрукава, а Максім Мірны ды Анатоль Ярмоленка — ягоныя мадэлі... Для мяне гэта было дзіўнае адкрыццё. Пагадзіцеся, не надта прыемна бачыць чужы капірайт пад уласнымі творамі. У адну кіпу трапілі і фота, да якіх Мікіта Бязрукаў увогуле не меў дачынення, — яны былі зроблены зусім іншымі аўтарамі яшчэ ў тую пару, калі ён не быў далучаны да праекта...
Пасля доўгіх, па словах Андрэя Смаляка, перамоў з фатографам подпісы пад здымкамі сталі больш змястоўнымі. У прыватнасці, з’явілася прозвішча аўтара праекта — Вольгі Смаляк. Цяпер партфоліа ўжо ачышчана ад “прамых запазычванняў”. Але засталіся карціны Андрэя Смаляка. Ці магчыма іх публікаваць без згоды аўтара? Зрэшты, апошняга абурыла перадусім нешта іншае: знарочыстая двухсэнсоўнасць самой падачы матэрыялу.
Ну, напрыклад... “Студыя Мікіты Бязрукава прадстаўляе. Андрэй Смаляк: “Ажылыя карціны” — чорным па белым напісана ў цітрах да размешчаных у Інтэрнэце ролікаў. Што менавіта прадстаўляе студыя, да канца не ясна. Ці то ролік, ці то... уласна праект “Ажылыя карціны”. Пайдзі разбярыся! Як падаецца, не надта абазнаны ў “табелях аб рангах” глядач цалкам можа праінтэрпрэтаваць дадзеную фразу менавіта такім чынам, як згаданы вышэй кіеўскі знаёмец Смаляка.
Урэшце, узнікае самае галоўнае пытанне: увогуле, ці меў Мікіта Бязрукаў права распаўсюджваць матэрыялы праекта, не спытаўшыся згоды ў яго арганізатараў?
Толькі на словах...
Мікіта Бязрукаў каментуе сітуацыю неахвотна: маўляў, не вартая яна таго, каб засяроджваць на ёй увагу. Праект некамерцыйны, дзяліць прыбыткі не выпадае, прозвішчы Смалякоў на сайце ягонай студыі пазначаны, дык якія яшчэ прэтэнзіі? Што ж да аўтарскіх правоў...
— З юрыдычнага пункта гледжання, правы на зробленыя мною здымкі належаць мне, — сцвярджае Мікіта Бязрукаў. — Таму я таксама магу прад’явіць прэтэнзіі за іх выкарыстанне без маёй згоды...
Час згадаць пра немалаважны аспект: адносіны ўнутры творчай групы не рэгуляваліся ніякімі дакументамі, што маюць юрыдычную вагу. Зрэшты, выпадак для Беларусі тыповы: у нас прызвычаіліся верыць адно аднаму на слова.
Як распавёў Андрэй Смаляк, ад пачатку правілы гульні — як і ролі ў ёй — былі вызначаны пэўна. Прычым, паводле яго слоў, фатограф працаваў не як валанцёр. Адсюль і рэзюмэ на будучыню. Перад арганізатарамі наступных падобных праектаў можа паўстаць не надта прыемная дылема: альбо заняцца руціннай “бухгалтэрыяй”, афармляючы дагаворы падраду з кожным удзельнікам, альбо абмяжоўвацца “джэнтльменскімі пагадненнямі”... і быць гатовымі да непаразуменняў.
Але Смаляк мае і іншыя аргументы на сваю карысць. Самы галоўны з іх — прынцыповае адрозненне паміж “зыходнікамі”, зробленымі фотаапаратам Мікіты Бязрукава, і канчатковым вынікам, які ўсе бачылі. У якасці доказу дэманструюцца фота Ксеніі і Максіма Мірных — на нейтральным фоне.
— Вось гэта і ёсць здымак Мікіты Бязрукава, — тлумачыць мастак. — А гэта — работа з праекта “Ажылыя карціны”...
На гатовым творы дзве папярэднія выявы зманціраваны на спецыяльным фоне. Не магу не пагадзіцца з тым, што розніца відавочная.
— Гэты праект для мяне — такая самая творчасць, як і жывапіс, толькі з выкарыстанем іншых выяўленчых сродкаў, — перакананы Андрэй Смаляк. — Са ста амаль аднолькавых здымкаў трэба выбраць найлепшы, потым яго апрацаваць. Часам здаралася так, што правае вока мы бралі з аднаго фота, а левае — з іншага...
Гэтыя ды многія іншыя аперацыі рабіў фатограф і дызайнер Ігар Іваноў. Дарэчы, у ягоным CV таксама з’явіўся радок пра “Ажылыя карціны”, аднак нічыіх прэтэнзій ён не выклікаў — мабыць, з той прычыны, што гаворка там ішла менавіта пра ўдзел у праекце, увасоблены ў выкананні канкрэтных работ.
— Зыходнік — сыры матэрыял, які патрабаваў дапрацоўкі: рабіўся мантаж, дамалёўваліся фрагменты, — распавядае Ігар Іваноў. — Раз-пораз на “даводку” адной выявы сыходзіла па некалькі дзён работы — больш, чым на саму фотасесію. Мае заслугі тут невялікія: увесь час побач са мной ля манітора сядзеў Андрэй і казаў, што трэба рабіць. Па сутнасці, мая роля — тэхнічнае ўвасабленне яго задум...
Мастак без пэндзля і прадзюсар без правоў
— Як напісаць шэдэўр? — з веданнем справы тлумачыць сам мастак. — Ды вельмі проста. Бярэш пэндзаль, бярэш фарбу — і кладзеш яе на палатно. Усё элементарна, але ў кагосьці ў выніку атрымліваецца нейкая няўцямная крамзаніна, а ў кагосьці — выдатны твор мастацтва. Вынік залежыць выключна ад аўтара. І ў выпадку з “ажыўленнем карцін” — усё тое ж самае...
У мінулыя часы мастак, як і рамеснік, мусіў абавязкова працаваць уласнаручна — хаця злыя языкі кажуць, што “неграў” і ў эпоху Рэнесанса не бракавала. Але ў наш час гэтыя ўяўленні эвалюцыянавалі да непазнавальнасці. Мастак — гэта той, хто генерыруе ідэі. А ўвасабляюць іх часцяком інжынеры ды рабочыя фабрыкі. У подпісах да твора (натуральна, гутарка тут пра самы што ні ёсць contemporary art) іх прозвішчы нават не згадваюцца.
— Розныя складнікі праекта — гэта нібы тыя фарбы, — тлумачыць Вольга Смаляк. — Затым усё змешваецца на палітры — і атрымліваецца твор. Падкрэслю: гэта не касцюмаваныя пастановачныя здымкі “па матывах” карцін, якіх і да нас ужо было процьма, гэта — унікальны твор, выкананы сінтэтычнымі сродкамі, адным з якіх з’яўляецца фатаграфія. І шкада, што Мікіта, як мне падаецца, так і не зразумеў самой сутнасці таго праекта, у якім яму давялося працаваць...
Урэшце, тут важна звярнуць увагу і на іншую постаць — арганізатара або генеральнага прадзюсара. Нехта мусіў прынадзіць усю тую абойму знакамітасцей — і, падазраю, гэта было няпростай задачай, асабліва калі ўлічыць, што ад іх патрабавалася з’явіцца на публіцы ў абсалютна нязвыклым для сябе амплуа. Нехта збіраў каманду, дамаўляўся з кожным і ўсімі, ствараў на пляцоўцы адмысловы настрой, частуючы гарбатай з печывам... На нечыя плечы лягло вырашэнне ўсіх фінансавых пытанняў, а “бензіну” гэты складаны механізм, вядома ж, запатрабаваў нямала. Давялося шукаць спонсараў, а калі яны не знаходзіліся, зацыроўваць дзіркі з уласнага бюджэту. Нехта актыўна прасоўваў праект у тыя ж СМІ альбо на выставачныя пляцоўкі — цудоўна ведаючы, што ва ўмовах інертнасці мясцовага асяроддзя “само сабой” нічога не здараецца.
Наўрад ці хто наважыцца запярэчыць, што ўсе гэтыя размаітыя функцыі дэ-факта выконвала Вольга Смаляк. Хаця дэ-юрэ тое ніяк і не зафіксавана: у адваротным выпадку, пытанне з правамі на выкарыстанне матэрыялу і не паўставала б...
Якім будзе працяг гэтай гісторыі? Андрэй Смаляк не выключае, што ў пошуках сатысфакцыі яму давядзецца звяртацца ў суд. Аднак не лічыць такі варыянт найаптымальным — хаця б таму, што разбіральніцтвы патрабуюць надта шмат часу ды высілкаў. У той самы час, прэцэдэнт быў бы, безумоўна, цікавы: вызначэнне аўтарскіх правоў не на канкрэтны твор, а на комплексны праект. Напэўна, гэта акурат той выпадак, які ілюструе прымаўку “Д’ябал хаваецца ў дэталях”. Урэшце, пытанне шмат у чым менавіта ў тактоўнасці...
Каментарыі: