Пра што ж новая стужка аўтара фільмаў “Рускае” і Жывы”? “Географ глобус прапіў” — гэта варыянт спалучэння аўтарскага і глядацкага кінематографа, пра які марыць амаль кожны фестываль. Карціна, створаная па матывах кнігі Аляксея Іванова, распавядае пра “постаць і жыццё” шалапутнага настаўніка геаграфіі з Пярмі — Віктара Служкіна. Дзіўную рэч зрабіў Велядзінскі: ён паказаў гледачу ў якасці героя сучаснасці не злодзея ці алігарха, а — інтэлігента. Смешнага п’янчугу-абібока, якому, здаецца, абрыдлі і вар’яты-школьнікі сучаснага веку, і сама школа з яе недасканалай сістэмай, і роля “здабытчыка”, адведзеная сучаснаму мужчыну. Ён парушае ўсе стандарты паспяховага чалавека, меркай якага сёння з’яўляюцца матэрыяльны здабытак, і жыве па ўласных законах… Урэшце, сюжэт — у фільме. Мы ж паслухаем аўтара.
Пра ідэю карціны
— Задумку гэтай карціны я не выношваў доўга, як тое часам здараецца ў рэжысёраў. Усё атрымалася так. Было тэлефанаванне ад Валерыя Тадароўскага: “Саша, не хочаш зрабіць стужку па творы Аляксея Іванова? Я сам хацеў, але штосьці перагарэў”. Да таго часу я кнігі яшчэ не чытаў, але прапанова мяне зацікавіла, і я пайшоў у краму. Набыў твор. Прачытаў. І зразумеў, што — бяруся. Патэлефанаваў Тадароўскаму і сказаў: “Давай здымаць”. Я ўбычыў у гэтай гісторыі рэчы надзвычай мне блізкія. Падумалася: я таксама гэтак жыву, у мяне былі тыя ж самыя праблемы, бо працаваў у школе і вадзіў дзяцей у паходы…
Пра галоўную ролю
— Сцэнарый фільма ствараўся адначасова з правядзеннем кастынгу. Пошукі акцёра на галоўную ролю ў нас доўжыліся… дзесяць хвілін. Мы адразу зразумелі, што Канстанцін Хабенскі — гэта “той самы” настаўнік геаграфіі. Ды і сам Косця запаліўся праектам. Але паколькі “Географ…” — гэта, збольшага, монафільм, астатні ансамбль ужо падбіраўся пад галоўнага героя. У фільме задзейнічалі Ганну Уколаву, Алену Лядаву… Аляксандр Робак — увогуле, мой вялікі сябра. Мяркую, стварэнню карціны садзейнічала тое, што большасць акцёраў, — мае сябры па жыцці. Нам было прасцей паразумецца адно з адным.
Пра “Дажывём да панядзелка”
— Многія кажуць, што фільм перагукаецца з вядомай карцінай Станіслава Растоцкага “Дажывём да панядзелка”. Гэтае параўнанне, вядома, мяне надзвычай радуе. Але ў Віктары Служкіне ёсць шмат і ад Абломава, і ад князя Мышкіна, і ад Зілава — з “Адпачынку ў верасні” Мельнікава, і ад Бузыкіна з “Асенняга марафону” Данэлія… Гэты герой — вельмі архетыпічны, і вельмі добра, што кожны бачыць у ім сваё. Напрыклад, таго ж Мельнікава з “Дажывём да панядзелка”, якога сыграў Вячаслаў Ціханаў. Дарэчы, гэтая карціна для мяне ў пэўным сэнсе знакавая: яна сталася першай, на якую я прыйшоў у кінатэатр адзін, без бацькоў. Мне тады было дзевяць, і я вельмі сабой ганарыўся…
Пра вечныя каштоўнасці
— Калі ў мяне пытаюцца, пра што мой фільм, я не ведаю, што адказваць. Ён усё пра тое ж: пра каханне, пра сяброўства, пра веру ў дабро, пра спакусу... Дарэчы, Дзмітрый Быкаў напісаў у сваёй рэцэнзіі, што калі б Служкін не вытрымаў і паддаўся спакусе (Паводле карціны, у настаўніка закахалася страшакласніца. — Д.А.), то вучні абавязкова загінулі б у паходзе ў водным парогу. Але ён вытрымаў — і падлеткі прайшлі яго. Вось такая думка. Але, па сутнасці, мой фільм — пра вечныя каштоўнасці. Такія героі, як Служкін, прывабліваюць. Яны не вельмі ўдачлівыя, у чымсьці гультаі, выпівохі, але заўжды шчырыя перад сабой і людзьмі. Галоўная яго вартасць — ён здолеў захаваць сябе. А, як кажуць, выратуешся сам — вакол цябе выратуюцца тысячы. Захаваць сваю душу — вось гэта подзвіг і мужнасць…
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА