Дзмітрый СУРСКІ, старшыня Беларускага саюза дызайнераў:
— Патрэба ў нацыянальнай прэміі ў галіне дызайну наспела даўно. У сакавіку бягучага года Саюз дызайнераў звяртаўся ў Міністэрства культуры краіны з прапановай аб заснаванні такой прэміі. Пры гэтым мы спасылаліся на замежны досвед, на прыклады тых краін, дзе наяўнасць маральнага і матэрыяльнага стымулявання дызайн-дзейнасці забяспечвае высокі ўзровень дызайнерскіх распрацовак і пераемнасць творчых традыцый у дадзенай галіне.
У нас жа сітуацыя іншая. У Беларусі няма сістэмы дзяржаўнай падтрымкі дызайну. Спыніў сваё існаванне Нацыянальны дызайн-цэнтр, адсутнічае сістэма заахвочванняў, узнагарод і званняў за дасягненні ў галіне дызайну. За тыя пяцьдзясят гадоў, што афіцыйна існуе гэтая прафесія, ніхто з дызайнераў не быў адзначаны дзяржаўнай узнагародай або ганаровым званнем. У музеях не фарміруюцца калекцыі дызайнерскіх твораў. Адсутнічае дзяржаўны заказ на інавацыйныя дызайнерскія распрацоўкі. Развіццё кірунку разглядаецца ў агульным кантэксце развіцця мастацтва, хоць дызайн — абсалютна самастойны від дзейнасці, які ўплывае не толькі на культуру, але і на эканоміку краіны. Не зважаючы на ўстойлівы попыт у грамадстве на дызайн-адукацыю, маладыя спецыялісты аказваюцца незапатрабаванымі прамысловасцю з прычыны недаацэнкі значэння дызайну для інавацыйнага развіцця канкурэнтнай эканомікі, здольнай, для пачатку, адваяваць у замежнікаў уласны, беларускі, рынак.
Стварэнне нацыянальнай прэміі ў галіне дызайну ўсіх названых праблем, зразумела, не вырашыць, але будзе спрыяць пазітыўным зменам…
Леў ТАЛБУЗІН, дызайнер-практык, выкладчык факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:
— Мяркую, многія здзівіліся б, каб артыстаў, музыкантаў і мастакоў пазбавілі такой формы ўшанавання, як нацыянальная прэмія. Але ў культурнай прасторы сацыяльная роля дызайнераў не меншая, чым прадстаўнікоў згаданых прафесій.
Няўжо тыя, хто распрацоўваў дызайн станцый Мінскага метро (магу засведчыць: нашы новыя станцыі стылёва і функцыянальна не горшыя за парыжскія) ці малыя архітэктурныя формы для гарадскіх вуліц, тыя дызайнеры, што працуюць у беларускім аўтапраме і трактарабудаванні, не вартыя ўшанавання? Чаму ў нас няма звання “Заслужаны дызайнер Беларусі”? Ёсць прафесія “мастацтвазнаўца”, але няма “дызайназнаўцаў”.
Магу назваць канкрэтных творцаў, якім нацыянальную прэмію можна даваць хоць зараз: гэта Леў Агібалаў, Станіслаў Паланевіч, Уладзімір Цэслер. Парадаксальная рэч: каб дызайнеру быць уганараваным дзяржавай, ён мусіць змяніць прафесію. Як Віктар Шкаруба. Па адукацыі ён — дызайнер, а Дзяржаўную прэмію атрымаў як жывапісец.
Адной з прычын недастатковай увагі дзяржавы да дызайн-дзейнасці, на маю думку, з’яўляецца завядзёнка, якая ідзе з савецкіх часоў. У Савецкім Саюзе стаўленне да дызайну было чыста прагматычнае, творчасцю апошні не лічыўся. А паколькі інерцыя той пары адчуваецца, мы маем адпаведнае стаўленне да дызайну…
Будзем на сувязі!
Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на facebook.com/kimpressby, vk.com/kimpressby, twitter.com/kultura_by!