— Як вы ацэньваеце выкананне “Стыкса”? Нашы музыканты — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр і Харавая капэла імя Рыгора Шырмы — вельмі стараліся данесці вашу задуму…
— Гэта было вельмі эмацыйна і прафесійна. І магло б быць яшчэ лепш, каб мелі больш часу і ў мяне знайшлася б магчымасць прысутнічаць на рэпетыцыі. Але ў ацэнцы твора для мяне заўсёды важна, якая цішыня (а яна бывае рознай) надараецца ў зале. І я марыў бы пра тую цішыню, што была ў вашай філармоніі.
— У хоры гучалі грузінская і англійская мовы. А ў адным з фрагментаў чулася штосьці накшталт фальклорнай цытаты…
— Я іх не ўжываю. І ўзаемаадносіны з фальклорам у мяне — асаблівыя. У мастацтве, на маю думку, усё залежыць ад творчай індывідуальнасці. Калі яна буйная, дык творчасць мастака становіцца выяўленнем аблічча ўсёй нацыі. Фальклор, на маю думку, таксама створаны вялікімі ананімамі. І перанос яго ва ўласную творчасць лічу неэтычным.
— Але і без гэтага ваша творчасць — сапраўднае выяўленне нацыянальнага грузінскага духу, які вы робіце блізкім усяму свету…
— Наконт уласнай творчасці я не маю ніякіх ілюзій. І не ўпэўнены, што праз паўстагоддзя мая музыка знойдзе столькі ж слухачоў і інтэрпрэтатараў, як цяпер. А гэта тая мінімальная адлегласць, па якой можна, нарэшце, ацэньваць творчы ўнёсак. Нават я сам: напісаў музыку да 50 — 60-і фільмаў, а памятаю хіба пяць-сем.
— Ну і што? Сярод “вельмі добрых” ды “выдатных” заўсёды знойдуцца “самыя-самыя”…
— Калі быў малады, праца ў кіно мяне папросту выратоўвала, бо была высокааплачваемай. І чым слабейшымі былі сцэнарый і рэжысёр, тым хутчэй я пагаджаўся, бо да такіх стужак я пісаў музыку за тыдзень. З Данэліям жа мог працаваць паўгода, а з іншымі — і ўвесь год. Ганарар жа быў — аднолькавы.
— Замежныя ганарары больш высокія?
— Насамрэч, кампазітарам, якія жывуць у Бельгіі ці Германіі, не лягчэй. Усе яны заняты на працы, часта, да таго ж, не звязанай з музыкай, а матэрыяльна забяспечваюць сябе праз уласную творчасць — адзінкі. Дадам, што творы тых жа Губайдулінай, Шнітке, Пярта выконваюцца там у куды большай колькасці, чым многіх і многіх нямецкіх кампазітараў. Што ж да маіх ганарараў… На адзін з іх я калісьці прыдбаў жонцы кажушок — прыгожы, ды кароткі. Калегі жартавалі: “Няўжо ты не мог напісаць сваю сімфонію крыху даўжэйшай?”. Яшчэ адзін ганарар, можна сказаць, вызначыў мой лёс. Я 56 гадоў пражыў у Тбілісі — і атрымаў творчую стыпендыю на год працы ў Берліне. У той жа час, калі мне трэба было вяртацца, у Грузіі пачалася грамадзянская вайна. На ганарар з Амстэрдама я зняў кватэру і застаўся. Потым на Радзіме ўсё нібыта супакоілася, і я вырашыў: як грошы скончацца, вярнуся. Але заказы пакуль ёсць. Пра сваё замежнае жыццё я заўсёды кажу так: усе свае партытуры я пісаў пераважна ў дамах творчасці, — была ў савецкія часы такая форма “адпачынку з працай”, — і зараз я таксама пачуваю сябе ў Доме творчасці, бо родны дом у мяне адзін — у Грузіі. Я бываю там па тры-чатыры разы на год. Да таго ж, вельмі важны псіхалагічны момант: заўжды ведаў, што не з’язджаю назаўсёды. Таму і цяпер адчуваю, быццам жыву на сваёй вуліцы, са сваімі сябрамі…
Н.Б.