- Ледзь толькі я чую свой голас, мне адразу робіцца не па сабе. Ён здаецца мне жудасным, бо я не прайшоў, як іншыя, акцёрскай школы. Праўда, напрыканцы 70-х разам з Вайткусам вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў пры Дзяржкіно СССР у Маскве, нават потым зняў фільм, але зразумеў: гэта - не маё, як і юрыспрудэнцыя, чым займаўся раней. Я ніколі не мог вызначыць, чым я хацеў бы займацца, усё жыццё марыў - і дамарыўся да таго, што пастарэў. Адамайціс усё жыццё хацеў быць акцёрам, Вайткус - рэжысёрам, а я скакаў, бы тая Страказа з басні Крылова, і не заўважыў, што зіма на парозе. Ды ўсё ж калі штосьці выбіраць, я выбіраю кіно. Я ім жыў, я лічыў праз яго гады. А ў тэатр прыйшоў толькі ў 40-гадовым узросце, не разумеючы, што там трэба рабіць. Таму тэатра я і дасюль баюся - збольшага, з-за голасу. І не заўсёды бываю там разняволены. Але добра разумею, што - добра, а што - не, і вельмі сур'ёзна стаўлюся да сваёй працы.
Драматургія фільма не заўсёды дае магчымасць данесці да гледача тое, што ты хацеў сказаць - уголас ці маўкліва, не мае значэння. Калі ў адной ролі нешта не атрымлівалася, намагаўся выправіць гэта ў іншай. У тэатры ў артыста такіх магчымасцей больш. З Някрошусам мы ўвогуле амаль не размаўляем. Ён прапануе нейкую мізансцэну (да прыкладу, "Трымайцеся лбамі, колькі зможаце"), а далей мы шукаем самі. А штосьці знойдзенае, бывае, падхопліваецца ўжо і рэжысёрамі. У "Рычардзе Другім" на мне была доўгая чырвоная накідка - настолькі доўгая, што даводзілася выкідваць тканіну наперад нагамі, каб ісці. Вайткус заўважыў гэты рух - і адразу падключыў асвятленне. Атрымаўся сімвал: Рычард ідзе - і перад ім усё запальваецца чырвоным, быццам лужыны крыві разліваюцца...