"Дабрабыт нацыі вызначаецца яе эканамічным патэнцыялам. Зразумела, што без яго няма моцнай дзяржавы. Але і без развітай духоўнай культуры таксама няма дзяржавы.
Культура фарміруе дух нацыі! Вось чаму на першы план вылучаецца задача маральнага выхавання чалавека, захавання і ўмацавання культурных і ідэалагічных асноў дзяржавы і грамадства.
У Беларусі створаны неабходныя ўмовы для развіцця ўсіх відаў мастацтва і культуры.
Сёння можна ўпэўнена сказаць: мы ўзнялі культуру з развалу, выцягнулі яе з палітычных разборак.
Разам з тым, трэба прызнаць, што патэнцыял нацыянальнай культуры недастаткова выкарыстоўваецца для фарміравання і ўмацавання міжнароднага іміджа краіны.
Неабходна працаваць над стварэннем культурна-гістарычных брэндаў, якія маглі б ярка, пазітыўна і поўна прадстаўляць нашу краіну за мяжой. У нас ёсць што паказаць і чым здзівіць замежных гасцей.
Мастацтва павінна дапамагаць цаніць нашу гісторыю, абуджаць у людзях патрыятычныя пачуцці, выхоўваць высокія нормы маралі і маральнасці. Нам востра не хапае высакакласных кніг, спектакляў, кінафільмаў пра жыццё нашай маладой дзяржавы, пра жыццё нашых людзей. Праз мастацтва народ павінен ведаць сучаснікаў! І мы за гэтыя фільмы, кнігі, вершы і іншае гатовы плаціць немалыя грошы. Дайце іх!
Перакананы, што беларускі народ прадоўжыць папаўняць сусветную скарбонку вялікімі імёнамі і творамі.
Найважнейшы нацыянальны культурны набытак - гэта беларуская мова. Цягам стагоддзяў на нашай зямлі мірна і плённа ўжываюцца дзве роднасныя мовы. І дзякаваць богу, што яны так ужыліся і ні адна з іх ад гэтага не пацярпела. Мы збераглі ад разбурэння адзіную літаратурную беларускую мову, не дазволілі яе ператварыць у зброю палітычнага супрацьстаяння і дыскрымінацыі.
І ў далейшым ніякай прымусовай беларусізацыі, роўна як і русіфікацыі, у краіне не будзе!
Прызнанне беларускай і рускай моў дзяржаўнымі адпавядае як гістарычным традыцыям, так і сучаснаму стану моўнай сітуацыі ў краіне. Гэта свядомы выбар нашага народа!"
Фота Алега ФАЙНІЦКАГА, БелТА