Як растлумачыў галоўны архітэктар праектаў ПКУП "Мінскпраект", навуковы кіраўнік дадзенага праекта Дзмітрый Бубноўскі, у снежні ў Міры адкрыецца ўнікальны шматфункцыянальны аб'ект. Акрамя ўласна музейнай часткі, запланаванай для наведвання айчыннымі і замежнымі турыстамі, родавае гняздо Радзівілаў будзе прыстасавана для правядзення адметных міжнародных сустрэч на вышэйшым, урадавым і ведамасных узроўнях. Гэта значыць, што ў Мірскім замку знойдзецца месца і для апартаментнай часткі, і для кавярні (неабходнай таксама і для наведвальнікаў музея), і для абсталяваных па апошнім слове тэхнікі залаў для перамоў.
Што да вялікай канферэнц-залы, і тым больш - тэхнічных памяшканняў, якія з'яўляюцца непазбежнымі спадарожнікамі сучаснага выкарыстання будынка, то для іх размяшчэння наўмысна не былі задзейнічаны арыгінальныя памяшканні з каштоўнымі інтэр'ерамі. Зала размешчана на гарышчы пад дахам, а для тэхнічных памяшканняў пабудавана спецыяльная падземная прыбудова.
Сёння амаль гатовы вялікая і малая канферэнц-залы, пакоі для перамоў у фармаце "адзін на адзін". Усе яны абсталяваны найноўшай тэхнікай, сярод якой - апаратура для сінхроннага перакладу, мультымедыйныя сістэмы і да т. п.
"Я наведаў шмат старадаўніх збудаванняў за мяжой, у якіх праводзяцца адметныя міжнародныя сустрэчы, аднак звычайна сівыя муры з'яўляюцца ўсяго фонам для здымкаў дэлегацый. Мірскі замак стане адным з нямногіх комплексаў, які будзе сапраўды прыстасаваны для рэальнай работы пад час значных мерапрыемстваў", - падкрэсліў Дзмітрый Бубноўскі.
Апошнія месяцы перад адкрыццём "прысвечаны", у асноўным, музейнай частцы. Справа гэта не простая: у старых мурах няма ніводнага прамога вугла, захаваныя канструкцыі, якія з часоў напалеонаўскай кампаніі амаль да канца мінулага стагоддзя былі пакінуты без нагляду, літаральна перапоўнены ўсімі відамі біялагічных забруджванняў, аслаблены капілярнай вільгаццю. Такія абставіны вымушаюць шукаць і выкарыстоўваць найноўшыя рэстаўрацыйныя тэхналогіі, а часам - і нестандартныя шляхі вырашэння праблем.
Карпатлівай работай з'яўляецца аднаўленне інтэр'ераў, якія самі па сабе павінны стаць цікавымі экспанатамі.
Зрэшты, пад час работ музейшчыкі набылі ўнікальны экспанат: у паўночна-заходняй вежы на лесвічнай клетцы рэстаўратары адкрылі арыгінальны роспіс, які відавочна належыць да першага этапа будаўніцтва замка (1520 - 1568 гг.), яшчэ да тых часоў, калі замак належаў Іллінічам. Асобныя элементы графічнай кампазіцыі былі даўно заўважаны спецыялістамі, але непадрыхтаванае памяшканне вымушала не спяшацца з рэстаўрацыйнымі маніпуляцыямі. Калі ж улетку вежа набыла закрыты контур, роспіс на лесвічным скляпенні адкрылі.
- Паліхромная кампазіцыя ўражвае шматлікімі семантычнымі знакамі. Знойдзены культуралагічны аб'ект пацвярджае думку, што ў XVI стагоддзі ў падсвядомасці нашых продкаў яшчэ захоўваліся вельмі моцныя рудыменты язычніцтва. Першыя будаўнікі замка ў Міры наўмысна ўносілі ў дэкор і роспіс рэзідэнцыікрэпасці семантычную сімволіку, ствараючы такім чынам адмысловыя абярэгі для яго гаспадароў, - падзяліўся ўражаннямі навуковы кіраўнік праекта.
Адкрыты роспіс стане адной з перлін у экспазіцыйнай нізцы рарытэтаў Мірскага замка.