|
Каб стаць удзельнікамі фіналу, больш за 12 тысяч вучняў школ Брэстчыны прайшлі адборачныя туры ў сваіх рэгіёнах. Лепшыя з лепшых (а гэта каля 2 тысяч удзельнікаў) дэманстравалі талент пры выкананні народных песень, танцаў, музыкі. Танцавальныя пары пад час конкурсных праграм выканалі больш за 30 танцаў, якія былі знойдзены і ўзноўлены ў час фальклорна-энтаграфічных экспедыцый. Сёлетні фестываль стаўся, па сутнасці, міжнародным: акрамя прадстаўнікоў Брэстчыны, на ім выступалі творчыя калектывы з Польшчы, Германіі і Харватыі. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел 12 маладзёжных калектываў, якія працуюць у стылі фольк-мадэрн. Цягам фестывалю адбылася навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы перадачы і захавання фальклору", былі выпушчаны зборнікі ў дапамогу кіраўнікам фальклорных калектываў і тым, хто цікавіцца народнай спадчынай. А ў фае Цэнтра маладзёжнай творчасці Брэста ладзілася выстаўка вышыванак і ткацтва.
Аляксандр КОЎКА Лунінец
На здымку: удзельніцы фестывалю.
Фота аўтара