Дырэктар камбіната Юлія Анацкая ў майстэрні друку. Фота Таццяны Матусевіч
Раней гэтыя прадпрыемствы выконвалі шматлікія дзяржаўныя заказы, а потым аказаліся ў сітуацыі, калі шукаць працу трэба самастойна. Попыт на манументальна-дэкаратыўнае афармленне паменшыўся, і панаваць стаў прынцып “танна, хутка, проста”. Калі скульптурны камбінат працягвае жыць за кошт бюджэтных заказаў на помнікі, то камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Аляксандра Кішчанкі ў Барысаве не вытрываў у новых умовах. Прадпрыемства, дзе выткалі славуты “Габелен веку”, сёння ў стане ліквідацыі. Нашмат аптымістычнейшая карціна на мастацкім камбінаце ў Мінску. Па задуме новага кіраўніцтва, ён мусіць стаць арт-кластарам для творчага дыялогу і, вядома, атрымання прыбытку.
Амаль год таму прадпрыемства ўзначаліла Юлія Анацкая. Новая кіраўніца, акрамя пытанняў вытворчых, узялася за іміджавы складнік і завяла акаўнт у Інстаграме. Канешне, не для публікацыі ўласных сэлфі, а для прэзентацыі камбіната. Раней у яго не было ні старонак у сацыяльных сетках, ні актыўнага сайта. Цяпер жа распрацоўваюць анлайн-платформу для продажу прадукцыі, вырабленай на прадпрыемстве.
Што да загружанасці, камбінат працягвае працаваць над экспазіцыяй краязнаўчага музея ў Слуцку. Былі ў плане іншыя работы, напрыклад афармленне новых станцый метрапалітэна, але праз недахоп грошай амаль усе верагодныя кліенты адмовіліся ад мастацкага аздаблення аб’ектаў. На паўзу паставілі і стварэнне насценнага жывапісу ў былой капліцы над уязной брамай Старога замка ў Гродне. Увогуле мастацкія роспісы, мазаікі і вітражы саступаюць месца больш танным і простым варыянтам дэкарыравання будынкаў. Тая ж смальта (амаль сем тон) ляжыць на камбінаце нібыта непатрэбная. У такім становішчы дырэктарка задумала пераарыентавацца з буйных дзяржаўных заказаў на драбнейшую серыйную прадукцыю — сувеніры, тыражную графіку для інтэр’ераў, ужытковыя рэчы з арыгінальным дызайнам і духоўнай напоўненасцю.
— Раней камбінат атрымліваў вялікі дзяржзаказ і размяркоўваў працу паміж рознымі мастакамі. Сёння варта, каб аўтары самі прыходзілі з ідэямі. Будзем разам іх ажыццяўляць і затым распаўсюджваць работы, — расказвае Юлія Анацкая. — Мы, у сваю чаргу, гатовыя прапанаваць тэрыторыю, інструменты, матэрыялы для працы над вітражамі, мазаікамі, друкаванай графікай, швейнымі і вышыванымі вырабамі. Таксама збіраемся запусціць майстэрню па кераміцы і ф’юзінгу шкла. А каб наладзіць кантакт з мастакамі, дызайнерамі і архітэктарамі, збіраемся ладзіць летнія культвечары ў двары камбіната. Гэта выдатная магчымасць пашырыць межы творчасці, запачаткаваць новыя праекты.
У творчым і камерцыйным плане камбінат робіць стаўку на літаграфскую майстэрню, дзе некалі працавалі Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі ды іншыя вядомыя творцы. Пасля адыходу гаспадара, славутага друкара Дзмітрыя Малаткова, яго справу падхапіла маладое пакаленне. Цяпер за падрыхтоўку і траўленне літаграфскага каменя, стварэнне адбіткаў адказвае графік Арцём Цімашэнка. Мастакам даступны каворкінг з выкарыстаннем станкоў, а расходнымі матэрыяламі камбінат забяспечвае творцаў бясплатна.
Афсетны станок у майстэрні друку. Фота Таццяны Матусевіч
У планах прадпрыемства не толькі аказваць паслугі аўтарам, але і разам з імі распрацоўваць серыі на продаж, бо апошнім часам у публікі вырасла цікавасць да графікі. Па-першае, творы гэтага віду мастацтва добра глядзяцца ў сучасным інтэр’еры. Па-другое, тыражная графіка таннейшая за жывапіс. Да таго ж прадукцыю можна выкарыстоўваць не толькі для афармлення жылых і адміністрацыйных будынкаў, але і дарыць замежным гасцям на памяць пра нашу краіну. Дарэчы, дзяржаўныя і прыватныя ўстановы, якія маюць патрэбу ва ўласным фондзе падарункаў, запрашаюць падтрымаць літаграфскі сімпозіум. Партнёры вызначаюць агульную тэму для ўдзельнікаў і ў абмен на фінансавую падтрымку забіраюць цэлы тыраж работ пераможцы, якога вызначыць прафесійнае журы.
У швейна-вышывальнай майстэрні. Фота Таццяны Матусевіч
Яркіх ідэй ад мастакоў таксама чакае швейна-вышывальная майстэрня. Цяпер падраздзяленне распрацоўвае першыя варыянты адзення і іншых вырабаў, аформленых па матывах саломапляцення. Так на кашулях заззяюць залацістым выявы павукоў — загадкавых талісманаў, што прыносілі здароўе і дабрабыт у хаты нашых продкаў.
Майстар-клас па вітражы. Фота Таццяны Матусевіч
Дзверы майстэрняў адчыненыя не толькі для мастакоў. Любы ахвотны можа трапіць на камбінат і пазнаёміцца з творчым працэсам. На экскурсіі па друкарні наведвальнікам раскажуць пра тэхніку, матэрыялы і абсталяванне, пакажуць усе этапы працы над літаграфіяй — ад шліфоўкі каменя да друку. Ахвотна падзеляцца з наведвальнікамі і сакрэтамі стварэння вітражоў у тэхніцы “Тыфані”. Падчас двухгадзіннага майстар-класу ўдзельнікаў навучаць выразаць з каляровага шкла фрагменты будучай выявы, апрацоўваць краі і злітоўваць кавалачкі алавяным прыпоем. Абяцаюць, што з задачай справяцца нават пачаткоўцы. Заняткі праходзяць у групах ад чатырох да шасці чалавек. Той, хто захоча адточваць навыкі далей, можа звярнуцца па індывідуальныя кансультацыі. У хуткім часе шэраг майстар-класаў папоўняць урокі лінагравюры.
Нарэшце, хітом адукацыйнай праграмы мусіць стаць курс лекцый “Мастацтва пра мастацтва” — аўтарскі праект Ларысы Фінкельштэйн. Ён уключае тэарэтычныя і практычныя заняткі, наведванне выстаў. Карыснымі сустрэчы будуць для калекцыянераў-пачаткоўцаў і ўсіх, хто хоча бавіць вольны час насычана.