Фрагмент канцэрта Classic and modern. Фота Таццяны Матусевіч
Аўтарам ідэі і балетмайстрам-пастаноўшчыкам выступіў нядаўні выхаванец знакамітага Валянціна Елізар’ева, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Сяргей Мікель. Прычым акурат палова праграмы складалася з прэм’ерных паказаў адразу шасці яго новых кампазіцый, якія ст алі разыначкай не толькі гэтага канцэрта, але і здабыткаў сучаснай беларускай харэаграфіі ўвогуле. Дадам, што літаральна ў тыя ж дні праходзіў Усерасійскі конкурс артыстаў балета і харэографаў, прысвечаны сёлета менавіта сучаснаму танцу. Мяркуючы па выкладзеным у сеціва заключным гала-канцэрце, мініяцюры харэографаў-пераможцаў значна прайгравалі цяперашнім нумарам “нашага Мікеля”. Невыпадкова ён з’яўляецца ўладальнікам Гран-пры і лаўрэатам адразу некалькіх міжнародных конкурсаў.
Першае аддзяленне праграмы было аддадзена балетнай класіцы: выконваліся фрагменты “Спячай прыгажуні”, “Карсара”, “Эсмеральды”, “Шапэніяны”, “Марнай засцярогі”, “Дон Кіхота” і іншых балетаў. Дарэчы, некаторыя з гэтых найменняў ёсць у рэпертуары Музычнага тэатра, некаторыя — у афішы Вялікага, таму такі канцэрт, лічыце, робіць дадатковую рэкламу: паглядзеўшы ўрывак, хтосьці абавязкова захоча ўбачыць спектакль цалкам ды яшчэ параўнаць розныя пастаноўкі і выкананні.
Для артыстаў жа такі рэпертуар — выдатная магчымасць не толькі набыць і падтрымліваць надалей належную фізічную форму, але і праявіць сябе ў якасці салістаў, замахнуўшыся на цэнтральныя партыі сусветна прызнанай балетнай класікі. Тыя ж Ірына Вайтэкунас, Канстанцін Белахвосцік, Цімафей Вайткевіч, Сяргей Глух ужо неаднойчы атрымлівалі галоўныя ролі. А для Ганны Данской, Мікіты Палукчы, Соф’і Казловай гэта добры шанец стаць улюбёнцамі публікі.
"Вальс кветак". Фота Таццяны Матусевіч
З яшчэ большай нецярплівасцю чакалася другое аддзяленне, аддадзенае новым харэаграфічным мініяцюрам Сяргея Мікеля. Падзеленыя антрактам, дзве часткі канцэрта былі звязаны тэматычна (праз два розныя “Вальсы кветак”, што ўтварылі своеасаблівую арку) і сцэнаграфічна: у пачатку другой дзеі графічныя абрысы старадаўняга палаца, што панаваў у класіцы, павольна знікаюць, пакідаючы прыдатную для мадэрна касмічна чорную прастору з разнастайнымі светлавымі эфектамі (мастак па святле — Сяргей Азеран). Да таго ж адметнае сцэнаграфічнае рашэнне, відэапраекцыя былі ў сучасных нумарах не менш важнымі складнікамі, чым уласна харэаграфія. Шчыльная сувязь з усімі дэталямі сцэнічнай прасторы, мысленне не толькі пластыкай чалавечага цела, але і дадатковымі знешнімі візуальнымі вобразамі, багатымі на асацыятыўнасць, жаданне прымусіць “танцаваць” і тканіну, і прадметы навокал сталі пазнавальнымі рысамі цяперашніх творчых пошукаў харэографа.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №17 за 23 красавіка.