Ігумен Ніл (Падабед), настаяцель Куцеянскага мужчынскага манастыра:
— Так, па гэтых пытаннях мы абменьваемся думкамі з прадстаўнікамі міністэрства культуры. Рэстаўрыраваць патрэбна Богаяўленскі сабор і жылы братэрскі корпус. Зараз пачаліся праектныя работы, з райвыканкамам абмяркоўваецца стварэнне зон аховы. І да 2023 года спадзяемся на актыўныя рэстаўрацыйныя працы. Трэба адзначыць, што наш манастыр праводзіць асветніцкую дзейнасць таксама для школьнікаў. У нас ёсць музейная экспазіцыя прысвечаная першаму друкаванаму беларускамоўнаму буквару Спірыдона Собаля і іншым старажытным кнігам.
— У наступным годзе Беларусь будзе святкаваць 140-гадовы юбілей Якуба Коласа і Янкі Купалы. “Культура” ўжо пісала, як адзначаць яго ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. А як правядуць юбілей у музеі Янкі Купалы?
Наталля Стрыбульская, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:
— Да юбілею ў наступным годзе мы зладзім шэраг выстаў з элементамі інтэрактыву. Выставы пра Купалу будуць праводзіць і нашы даўнія сябры — Калінінградскі гісторыка-культурны музей, а таксама вёска Печышчы ў Татарстане, дзе быў у эвакуацыі пісьменнік. Шырэй правядзём канцэрт у Вязынцы, прыцягваючы вядомыя гурты і калектывы. Абавязкова пройдуць Купалаўскія чытанні, якія заўсёды прыўносяць новую інфармацыю пра песняра. Канешне ж, гэтыя падзеі будуць адлюстроўвацца ў сацыяльных сетках і на нашым ютуб-канале.
— Добрая беларуская традыцыя святкаваць заканчэнне ўборкі хлеба святам “Дажынкі”. Як справілі абласныя дажынкі ў Гродзенскай вобласці?
Іна Кандрацюк, галоўны спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама:
— Лічу, што нядаўна мы годна адзначылі дажынкі ў Скідзелі. Гродзеншчына заўседы паказвала высокую ўраджайнасць, і гэты год не быў выключэннем. Каб усе ахвотныя маглі паглядзець святочны канцэрт, да Скідзеля былі наладжаны аўтобусныя рэйсы з суседніх населеных пунктаў. Важна і далей надаваць працы чалавека на зямлі годнае значэнне.