Так сабе?
Пасля “Купалы” — гэта, бадай, адна з самых чаканых карцін кінастудыі ў гэтым годзе. Рэч Паспалітая, XVIII стагоддзе, час інтрыг, асветы, алхімікаў і патрыётаў — перыяд, скажам, даволі рэдкі для ўвасаблення ў нашым кіно. Нарэшце, дачакаліся — скажа нехта, і ў нечым будзе правы, бо інтрыгі Багінскіх-Радзівілаў-Сапегаў не так часта трапляюць у фокус увагі беларускіх рэжысёраў. У той жа час высакародная эпоха — гэта “арэшак”, які не так проста сарваць, не кажучы пра “раскусіць”. Спытаем шчыра: што сёння ёсць у нас ад Рэчы Паспалітай у матэрыяльным плане, каб тую спадчыну можна было задзейнічаць у кіно? “Авантуры Пранціша Вырвіча” — у пэўным сэнсе, па шматлікіх параметрах становяцца тэстам на гатоўнасць айчыннай кінематаграфіі да нацыянальнага праекта.
Зазірнуць у тыя часы і паспрабаваць уявіць, якімі былі нашы суайчыннікі, стасункі паміж імі, — у тыя небяспечныя воды вырашыўся ўвайсці рэжысёр Аляксандр Анісімаў, вядомы гледачу ўжо па работах “Неверагоднае перамяшчэнне”, “Сляды на вадзе”. У яго рэсурсах — бюджэт каля мільёна долараў (трошкі меней), адаптаваны сцэнарый Валянціна Залужнага, дапамога на месцах — фільм было вырашана здымаць толькі ў Беларусі, і выдатная акцёрская каманда — без запрошаных зорак, цалкам беларуская. Ці дастаткова гэта для гістарычнай карціны? Шчыра скажам: не зусім. Ці прыстойна для серыяла? Цалкам магчыма. Стаўку на такое рашэнне і робіць Аляксандр Анісімаў, абіраючы сваёй кінамовай стылістыку спрошчанага апавядання. “Авантуры Пранціша Вырвіча” здымаюцца, у першую чаргу, як чатырохсерыйны серыял, а стохвілінная карціна, якую глядач убачыць у кінатэатрах — фільм, зроблены з гэтага цыкла. У сучасных умовах стварэння кіно — гэта зусім не заганная практыка, але на выхадзе стужка, “збітая” з серыяла, атрымалася… так сабе.
Дзіда з Сафійкі
Прабяжымся па сюжэце. Ды прыкладу, першая “авантура”, у якую патрапяць нашы героі — Пранціш і Бутрамей — арышт за “чорнакніжную” дзейнасць. Закрытых у астрозе-клетцы, хлопцаў павязуць да Іераніма Радзівіла прыслужнікі магната. Падчас шляху героі даведаюцца пра каханую доктара — Саламею Рэніч, якая таксама знаходзіцца ў бядзе. Пагоня, стрэлы. Вырвіча і Лёдніка нечакана вызваліць Герман Ватман, які служыць у Багінскага. Неспадзяванка ідзе за неспадзяванкай, і на лясной дарозе Бутрамей Лёднік сустракае даўняга сябра па Лейпцыгскай акадэміі — інжынера-немца, які вязе да вышэйзгаданага Іераніма загадкавую зброю. Так у карціне з’яўляецца адна з разрэкламаваных цікавостак — танк, пабудаваны па чарцяжах Леанарда да Вінчы. А далей ад прыгодаў з танкам невялікі крок да загадкавага артэфакта — рамфеі ўлады — дзіды Святога Маўрыкія, што знаходзіцца ў сутарэннях Сафійскага сабору. За рэліквіяй, валодаць якой прагнуць галоўныя магнаты тутэйшых зямель, і адправяцца потым героі, ужо разам з вызваленай Саламеяй, якая ведае шлях да схаванай святыні.
Прызнацца, разабрацца ў хітраспляценнях сюжэта — яшчэ тая задачка. На пэўным этапе пачынаеш блытацца ў магнатах, хоць вобразы Іераніма Радзівіла (Вячаслаў Паўлюць) і Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі (Віктар Манаеў) уразаюцца ў памяць. Пазнаеш муры Мірскага замка, інтэр’еры Нясвіжскага палаца, маляўнічыя Гальшаны... Так, здымкі карціны ладзіліся выключна на тэрыторыі нашай краіны, і адрэстаўраваныя помнікі, існуючыя музеі, сталі натуральным асяродкам для стварэння эпохі. Але можна сказаць, што на прыкладзе “Авантур…” мы можам назіраць, як была рэалізавана праграма “Замкі Беларусі”.
Цікава бачыць і знакамітых акцёраў у касцюмах магнатаў і шляхты. Запомніўся Дзяніс Тарасенка ў эпізодзе ў абліччы каларытнага падвыпіўшага шляхціца, Сяргей Чэкерэс і Сяргей Жбанкоў — постаці княжых ліцэдзеяў яны сыгралі з лёгкай іроніяй; бліскуча выканаў сваю ролю Дзмітрый Есяневіч — яго персанаж немца-найміта — Германа Ватмана — уражваў арганічнасцю і яскравымі штрыхамі. Што да галоўных герояў — то бачна, што Іван Трус (Бутрамей Лёднік) і асабліва Георгій Пятрэнка (Пранціш Вырвіч) уклаліся напоўніцу. Калі казаць увогуле пра ўнёсак каманды, то жаданне зрабіць нацыянальную карціну навідавоку. Аднак рэсурсы, тэрміны і адсутнасць мастацкага бачання — а яно павінна быць пры першых двух складніках — пакідаюць жадаць лепшага.
Справа ў тым, што замахнуўшыся на адлюстраванне інтрыг і каларыту Рэчы Паспалітай, фільм усё ж нібыта да канца засцерагаецца свайго прызначэння. Вось Пранціш горача кажа пра сваю Айчыну, за якую змагаліся яго продкі, — аднак што гэта за Айчына? Імя Літвы не прамаўляецца. Да яго далучаецца Бутрамей, які скардзіцца на бягучае становішча. Аднак вусны вучонага не ў стане вымавіць таксама імя дзяржавы, якая пагражае з усходу. З кім змагаюцца магнаты напрыканцы фільма? Нейкія найміты ва ўсходніх адзежках, дасланыя Кацярынай ІІ. Ключавыя словы выскокваюць амаль мімаходзь.
Вось бярэмся за тэму — і да канца не дагаворваем. Ды і самае галоўнае, калі героі кантактуюць на рускай мове, сам па сабе ўзнікае дысананс — якая тут шляхта Рэчы Паспалітай?
БЕЗ КОДАЎ СУЧАСНАГА КІНО
Падчас прэс-брыфінгу Аляксандр Анісімаў зазначыў, што пэўныя недамоўленасці прадыктаваныя маркетынгавай стратэгіяй — магчымасці продажу серыяла і фільма ў Расію і краіны постсавецкай прасторы. Аднак тады ўзнікае наступнае пытанне — каго, у першую чаргу, бачаць сваім гледачом стваральнікі “Авантур…”? Адказ вымагае і адпаведных рашэнняў.
І да ўласна самой мовы кіно. Нават прыкрыя недамоўленасці можна было б дараваць, калі б фільм праз візуальную мову, рэжысёрскія захады выходзіў на іншы ўзровень, распавядаючы пра тое, што нельга сказаць. Але раскошная і драматычная эпоха падаецца гледачу праз, з большага, цёмныя сярэднія планы, эфектныя касцюмы Наталлі Адзінцовай і палкасць Георгія Пятрэнкі. Фон, які мог бы “ўзяць” на сябе адну з галоўных роляў, пераўтвараецца ў дэкарацыі. Аператар Дзмітрый Рудзь эфектна прыглушае недахопы інтэр’ераў, ствараючы размытую карцінку, але яго фільтры — не панацэя. Асяродак не “жыве” ў стужцы, а адно толькі стварае эфект.
Дзеля справядлівасці адзначу ўдалыя сцэны ў фільме — паляванне на пачатку карціны, знятае не без удзелу Ігара Бышнёва, калі бег аленяў здымаецца з верхняй кропкі. Спадабалася пагоня ў лесе, калі Вырвіча і Лёдніка вызваляе Ватман: верыцца, што стрэлы і падзенне астрога-клеткі — сапраўдныя. Ды нават іспыты танка да Вінчы ў Іераніма Радзівіла глядзяцца забаўна: вось хочацца зазірнуць разам з героямі ў той час і паглядзець на такія цікавыя рэчы. Фінальная бойка, на жаль, зроблена дрэнна — няма яскравых дэталяў, сярэднія і агульныя планы не даюць уяўлення пра запал бітвы, усё глядзіцца скамечана і невыразна. Не магу не канстатаваць, што спробы ў стварэнні экшну ёсць, але вынік прымушае чакаць лепшага: яшчэ шмат працы ў гэтым кірунку, асабліва рэжысёру.
Зняць “беларускіх гардэмарынаў” аказалася не так і проста: з аднаго боку, гэта вялікая школа для нашых кінематаграфістаў, з іншага — мяркую, што ўсе разумеюць тыя пралікі, што выявіліся. Да месца тут будзе ўзгадаць адносна нядаўнюю стужку кінастудыі “Беларусьфільм” — “Масакра” Андрэя Кудзіненкі, якая пры падобных абмежаванасцях прадэманстравала канцэптуальнае рашэнне рэжысёра. Не кажу, што ўзгаданая карціна без недахопаў, але яна, у рэшце рэшт, адсылала да сучасных кодаў кіно і спрабавала гуляць у жанр. У выпадку “Авантураў..” мы нібыта трошкі з іншай эпохі. І гэта — не камплімент.
P.S. Пакуль вярстаўся нумар, кінастудыя “Беларусьфільм” агучыла звестку аб пераносе пракату “Авантураў Пранціша Вырвіча” на май. І па прычыне, якая не можа не радаваць — кінастудыя вырашыла пераагучыць карціну на беларускую, каб у пракат яна выйшла на дзвюх мовах.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ