Найперш — пра “Іўеўскі каларыт”. Праекту ўжо — тры гады. За гэты час зладжана 25 фэстаў і акцый. Сярод іх — брэндавыя святы: юшкі, тэатра, народнай творчасці, кветак, нацыянальнай кухні, памідораў, працаўнікоў сяла. А таксама — шляхецкі фэст, конкурс касцоў, фестывалі вясковай культуры, грыбоў, баль у Барбары Радзівіл, калядныя святкі. Гэтыя мерапрыемствы наведала каля 20 тысяч чалавек.
Карысць праекта не толькі ў тым, што ён уздымае на шчыт рэгіянальную культуру і папулярызуе мясцовыя традыцыі, развівае рамесніцтва і турызм. Справа ў тым, што “Іўеўскі каларыт” аб’яднаў усе буйныя населеныя пункты раёна. Яны сталі прывабнымі для турыстаў, якія займелі магчымасць палавіць рыбу, пакасіць, пакаштаваць мясцовыя стравы, набыць сувеніры і патанчыць. Такім чынам, аграгарадок Морына стаў сталіцай юшкі, а ў Дайлідах напрадвесні знаёмяць з фальклорнай спадчынай. На шляхецкі фэст запрашае аграгарадок Жэмыслаўль, знакаміты палацам Умястоўскіх і старасвецкім паркам, што ажывае падчас тэатралізацыі. Ліпнішкі здавён славіліся не толькі багатым разнатраўем, але і ўмелымі касцамі. Кветкамі ды кветкаводамі ж багаты аграгарадок Лаздуны. А з народнай песняй вас пазнаёмяць з вялікай ахвотай у Бакштах. Іўе даўно зарэкамендавала сябе як памідорная сталіца. Юрацішкі славяцца грыбамі і ягадамі. Баль-прыём у Барбары Радзівіл адбываецца ў Геранёнах, дзе вас навучаць не толькі паланэзам, але і ўменню вырабляць вееры і маскарадныя маскі… Вось такі ён, Іўеўскі каларыт.
На фота: Складнік “Іўеўскага каларыта” — конкурс касцоў,
Мясцовыя стравы.