Летась студэнты выпускнога курса БДАМ прамянялі канікулярнае расслабленне на актыўнае эксперыментатарства ў летняй рэзідэнцыі для маладых мастакоў Summerspace. А ўжо вясною ў рамках праекта Тэатра-майстэрні на Ок16 рэжысёр Ліза Машковіч разам з выканаўцамі Яўгеніяй Давыдзенка, Ягорам Няўровічам і Аляксеем Савуніным выпусцілі дзёрзкі па сваёй працы з прасторай і па настроі спектакль “Джыма Морысана няма”.
Моладзі пад рэалізацыю задумы аддалі новую тэатральную залу культурнага хаба. Чарговае памяшканне з цаглянымі сценамі, адмысловымі завадскімі канструкцыямі, асіметрычна расстаўленымі металічнымі калонамі на гэты раз ператварылася ў канцэртную пляцоўку. Каманда на чале з мастаком Лідзіяй Малашэнка па-бунтарску паставіліся да асваення таго аб’ёму, які трапіў ім у рукі. На прамавугольніку падлогі наўскос вывелі подыум, па якім спевакі так любяць выходзіць да гледачоў, побач — узвышша для барабаннай устаноўкі і ўзмацняльнікаў для сапраўдных музыкантаў. Для гледачоў стандартных крэслаў непрадугледжана: калі гуляць у рок-канцэрт, дык па-сапраўднаму! Нездарма ж у цэнтры ўвагі пастаноўшчыкаў творчасць групы The Doors і асоба яе харызматычнага франтмэна Джыма Морысана. Відовішча ідзе пад жывое суправаджэнне групы Sтанцыя, якая па-за тэатрам грае інды і progressive rock.
Па сценах — экраны для відэапраекцый, якія ўключаюцца па чарзе, і гледачам яшчэ трэба пакруціцца, каб злавіць, дзе ў дадзены момант паказваюць відэаманалогі. Публіку актыўна ўцягваюць унутр дзеяння. Ёй прапаноўваюць патанчыць пад хіты The Doors. З ёй спрабуюць весці размову (хоць жывыя адказы на пытанні раз-пораз збіваюць артыстаў, якія яшчэ не прызвычаіліся імправізаваць). Галоўны герой увесь час ходзіць праз гледачоў, скачваецца з адмысловых канструкцый ім пад ногі, лётае праз шэрагі на вяроўцы, замацаванай на будаўнічы крук, і раптам пачынае ў шалёных скоках з выцягнутай з натоўпу дзяўчынай адтоптваць іншым ногі.
Такая спроба ўзаемадзеяння акцёраў з аўдыторыяй выклікае прыхільнасць да спектакля і дазваляе глыбей адчуць імкненне рэжысёра разабрацца, якая з іпастасяў знакамітага рокера сапраўдная: п’яніцы і дэбашыра ці паэта-філосафа, які не можа знайсці сабе месца ў жыцці.
З відавочных плюсаў каманды — адмаўленне ад стварэння класічнага баёпіка. Яны не пераказваюць біяграфію Джыма Морысана, а, расставіўшы вешкі з вядомых эпізодаў яго творчасці, прапануюць гледачам паспрабаваць вызначыць, кім жа насамрэч быў той Вала, да прароцтваў якога прыслухоўваліся мільёны па ўсім свеце. З экранаў распавядаюць, як Джым збіраў аншлагі, але мог выйсці на сцэну п’яным у зюзю, лаяцца з фанатамі і нават непрыстойна агаліцца. А акцёр пачынае чытаць вершы гэтага эрудыта, якога прываблівала філасофія і паэзія сімвалістаў. Ты глядзіш відэа, як чалавек зневажаў дзяўчат і сяброў — і чуеш глыбінную лірыку ягоных песень.
Стваральнікі спектакля задаюцца пытаннем: “Дык хто ж ён такі, гэты дзёрзкі герой, намераны плюнуць усім у твар? Ён адзінкавы ў сваім родзе альбо быў ва ўсе часы? Гэта ўвогуле нармальна — весці сябе так, як ён? Або нельга прыраўноўваць “быкоў і багоў”?
А ты ўжо ўспамінаеш крык роспачы творцы Джыма Морысана, які гучыць у адной з яго песень: “Ці можаш ты ўявіць, як гэта — / Быць настолькі неўтаймаваным і вольным, / шалёна маючы патрэбу / паціснуць якому-небудзь незнаёмцу руку / у краіне, асуджанай на безнадзейнасць”.
Спектакль, як і належыць твору пачаткоўцаў, няроўны. Не стае дасканаласці ў тэкставым вырашэнні: адразу адчуваецца розніца паміж маналогамі галоўнага героя, пабудаванымі на арыгінальнай паэзіі музыканта, і ўласнымі выказваннямі. Хапае шурпатасцяў у выканальніцкім малюнку. І ўсё ж патэнцыял у пастаноўкі вялізны! Каманда змагла стварыць атмасферу, каб цалкам раскрылася асоба, якая бачыла сябе агромністай вогненнай каметай, што знікне і больш ніхто “ніколі не пабачыць нічога падобнага і ніколі не зможа мяне забыць”.
Тая камета згасла імгненна: музыкант памёр у 27 гадоў. Нездарма на пачатку спектакля Джым мімаходзь заўважае, што чуе рэха пустэчы…