Папулярная ў рэжысёраў свету п’еса Уільяма Шэкспіра “Сон у летнюю ноч” набыла ў купалаўцаў вызначэнне “песні эльфаў”. І сапраўды, вакальных нумароў у спектаклі, на перадпаказ якога Купалаўскі запрасіў крытыкаў і журналістаў, было багата. Як распавёў на прэс-канферэнцыі модны рэжысёр Андрэй Прыкатэнка, яго ўразіла мелодыка беларускай мовы, яе энергетыка і архаіка, блізкая да старажытнаанглійскага літаратурнага арыгіналу. Салідарны з ім і расійскі кампазітар Іван Кушнір, які шмат працуе з рознымі мовамі свету і для якога — па асабістым прызнанні — не так важны літаральны сэнс слоў, як меладычная лінія.
— Беларуская мова гучыць для мяне, як мантра — у ёй ёсць выразныя гукаспалучэнні, з якіх можна выбудоўваць незвычайныя па рытміцы фразы, — дадаў ён.
Тут трэба нагадаць, што аўтарам перакладу з англійскай мовы выступіў Алесь Разанаў (дарэчы, менавіта яму належыць настойлівая прапанова вывесці на афішу “купальскую”, а не “летнюю” ноч), дзякуючы якому некаторыя рэчы загучалі значна лепш, чым у знаёмых рускамоўных варыянтах.
— Асабліва фінал, які па-руску нагадвае нейкую лічылку, на беларускай мове ператварыўся ў сапраўдныя паэтычныя радкі, — перакананы спадар Кушнір.
На гульні з візуальнай формай слова пабудаваны і відэакантэнт спектакля: Глеб Куфцерын і Міхаіл Міцькоў запусцілі шэкспіраўскія рэплікі на сцены велізарнага куба, прыдуманага сцэнографам Вольгай Шаішмелашвілі. Радкі ўсплываюць, перацякаюць у выявы (напрыклад, чароўная “чмута” паўстае складзенай з мнагакратнага паўтору гэтага слова кветкай), эфектна распадаюцца на завею літар, страчваючы ў працэсе ператварэння сэнсавую начынку.
Вось гэтая тэма і сталася для мяне сімвалам “Сна”: арыгінальныя ідэі спадара Прыкатэнкі таксама распаліся на асобныя кавалкі, страціўшы галоўнае — думку, дзеля якой рэжысёр і вывеў на сцэну акцёраў.
Пасля прагляду са здзіўленнем пабачыла ў анатацыі радкі пра тое, што гэты спектакль — “спроба прэпараваць каханне і тое шматаблічча чалавечых пачуццяў, якое спадарожнічае закаханасці”, а ў яго аснове ляжыць “самая лірычная і самая пачуццёвая сюжэтная лінія п’есы — гісторыя маладых афінян, якія ў начным лесе спрабуюць знайсці і выказаць сваю жарсць”. Як раз гэтая лінія ў пастаноўцы і правісла. Чацвёра маладых акцёраў — Антаніна Дубатоўка, Іларыя Шашко, Міхаіл Світа і Павел Астравух — замест палітры адценняў кахання прадэманстравалі істэрычныя разборкі дзвюх пар. І як толькі скончыўся набор рэжысёрскіх прыёмаў накшталт правальвання пад сцэну ці пад’ёму на канатах, станавілася млосна ад прагляду незразумелых табе сварак.
Незразумелых, бо частку тэксту было не разабраць то з-за манеры выпальваць словы на адной інтанацыі, то з-за банальна непрацуючых мікрафонаў. Апошняе можна традыцыйна спісаць на тэхнічныя накладкі — бо, па сутнасці, я прысутнічала на генеральным прагоне перад прэм’ерай, якая адбудзецца на пачатку верасня. Але ў гэтым месцы дазволю сабе адступленне, што даўно не дае мне спакою: чаму беларускія тэатры, заяўляючы высокатэхналагічны спектакль, менавіта гэтыя самыя тэхналогіі не могуць засвоіць бездакорна? Замежныя рэжысёры, прыязджаючы ў Мінск з тэхнічна складанымі пастаноўкамі, гадзінамі пераправяраюць усе настройкі, каб адзіны фестывальны паказ адбыўся ідэальна. У брадвейскіх мюзіклах усё так адрэпетавана, што гукарэжысёр здатны нават своечасова адключыць на некалькі секунд гук, каб салістка магла высмаркацца пасля рыданняў у эмацыйна-затратным маналогу і выйсці дайграць мізансцэну (пра такія ў нашым уяўленні цуды распавядаў былы артыст Музычнага тэатра Аляксей Грыненка, які цяпер выкладае тэатральныя дысцыпліны ў Нью-Ёрку). У нас жа стала забываюцца на мікрафоны, не пераключаюць у патрэбны момант гук, не могуць адрэгуляваць відэатрансляцыю.
Аднак вернемся да “Сна”. Спадара Прыкатэнку літаральна разрываюць тэатры з прапановамі на пастаноўку, таму час на рэпетыцыі з купалаўцамі быў жорстка лімітаваны. Магчыма, з гэтай прычыны рэжысёр не да канца прапрацаваў над ролямі ўсіх задзейнічаных артыстаў. Напрыклад, мужчынскі кардэбалет з эльфаў, які так эфектна навучыўся ездзіць на гіраскутарах, амаль не выкарыстоўваецца ў дзеянні. Выразна выглядае ў партыі Тытаніі Юлія Шпілеўская, сапраўды камедыйнай атрымалася невялікая роля Матавілы ў Міхаіла Зуя. І усё ж асноўную ўвагу канцэнтруюць на сабе Аляксандр Казела
(Аберон) і Павел Харланчук-Южакоў (лясны дух Робін).
Пакутуючы ад несправядлівасцяў кахання, Аберон амаль увесь час прысутнічае на сцэне: калі не ўяўна, то ў выглядзе відэатрансляцыі ў рэжыме рэальнага часу. Спадар Казела несупынна імкнецца вывесці дзеянне на больш глыбокія развагі пра прыроду пачуццяў. А яго насычаныя сардэчным болем вакальныя нумары можна смела прасоўваць на наступную Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыі за лепшую ролю ў музычным спектаклі.
Нязвыклы ў ролі рэп-выканаўцы Павел Харланчук прыемна здзіўляе не толькі спевамі, але і яскравай акцёрскай ігрой. Дзякуючы яго Робіну, п’еса атрымлівае лёгкасць і жвавасць, якую першапачаткова і чакаеш ад шэкспіраўскай камедыі. Рэжысёр геніяльна вырашае пытанне з кветкай, з дапамогай якой, паводле п’есы, дзеіцца чараўніцтва: Робіну даюць у рукі айфон з прыкладаннем па апрацоўцы знешнасці з дапамогай адмысловых фільтраў. У выкананні спадара Харланчука шматлікія метамарфозы з сэлфі-здымкамі выглядаюць натуральнай трактоўкай сённяшняга візуальнага шаленства сацсетак.
З гэтай самай прычыны “Сон...” проста абавязаны стаць запатрабаваным у публікі — хаця б дзеля таго, каб пабачыць, што тэатр мусіць сёння працаваць і вось гэтак, балансуючы на мяжы візуальнага атракцыёна і драматычнага відовішча. Купалаўцы могуць паспаборнічаць за аўдыторыю на тэрыторыі музычнага тэатра, нават рызыкнуць выпусціць плыткі з саўндтрэкам спектакля — па маім адчуванні, ён мусіць стаць запатрабаваным. А вось ці з’явіцца за эфектнай карцінкай і моцным саўндам заяўленая ідэя? Пытанне пакуль рытарычнае.
Фота Ганны ШАРКО