Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Гэтай прэм’ерай Маладзёжны папоўніў свой стос рэпертуарных камедый. Каб асэнсаваць, што гледача заклікалі менавіта пасмяяцца, хопіць першых хвілін дваццаці. Максім Дубоўскі (у ролі дробнага чыноўніка Віталя Пірамідалава) і Раіса Сідорчык (багатая ўдава Антаніна Беданегава) ператвараюць свой дыялог у фантан гэгаў і мільгаценне мітуслівых жэстаў, а каб публіка абавязкова загагатала, дадаюць на працягу рускамоўнага спектакля фрыкатыўнае “гэ” (баюся, пасля ўдала ўжытай трасянкі ў купалаўскім “Рэвізоры”, гэты выбухны гук надоўга зойме месца моднай моўнай адмеціны ў сталічных камедыях).
Астатнія персанажы, да шчасця, не “гэкаюць”, аднак напал эмоцый у акцёрскім малюнку ў большасці з іх зашкальвае, што насамрэч перашкаджае адчуць тэкст глыбей, чым на ўзроўні набору слоў. Палкасць кожнага паасобку не дае магчымасці аб’яднацца артыстам у ансамбль, з-за гэтай акалічнасці спектакль хутка развальваецца на асобныя сцэны, а героі так і не выходзяць з межаў шаблоннага ўяўлення пра спакушаных лаліт, састарэлых лавеласаў, шчадралюбных удоў і беспрынцыповых кар’ерыстаў. У свеце пастаўленых рэжысёрскіх задач цудоўнаму акцёру Дзянісу Паршыну (якому чамусьці дасталася роля 60-гадовага Усевалада Гневышава) часта застаецца толькі круціць у руках ланцужок, быццам тыя блатныя хлопцы з прывітаннем з 1990-х.
Акцёраў у дызайнерскія строі апранула мастак па касцюмах Вікторыя Ця-Сен. Праўда, засталося адчуванне, што пастановачная каманда так і не вызначылася з агульнай візуальнай стылістыкай. Асабліва кантраст рэзаў вочы на спалучэнні стыльных вырашэнняў вопраткі дачнікаў — своеасаблівага старажытнагрэчаскага хору, а таксама арыгінальных строяў жаночай паловы спектакля.
Такім жа эклектычным выглядала сцэнічнае вырашэнне. Мастак-пастаноўшчык Юрый Саламонаў “забамбіў” панараму Масквы на 20 квадратных метрах люстэрка. Магчыма, у ім павінны былі адбівацца заганы прадстаўленага тагачаснага грамадства, аднак атрымалася толькі дадатковая стракатая пляма, у якую зручна паказваць пальцам: “Там, у Маскве…” Сцэну напоўнілі амаль што лялечнымі дамкамі, два з якіх паварочваліся і ператвараліся ў чырвоныя дываны з люстравым падножжам. У перанасычанай прасторы складана намацаць абяцаную аўтарскую пазіцыю пра тое, што каханне за грошы не купіш, а шчасце сустракаецца таму, хто яго шукае.
У праграмцы пазначана: каб выказаць пазіцыю стваральнікаў спектакля, дзея перамяжоўваецца з хлёсткімі і дзёрзкімі зонгамі ад кампазітара Андрэя Лабачэўскага. Не зусім удалым рашэннем стаў такі перанос галоўнай сэнсавай нагрузкі на ўстаўныя песенныя нумары з даволі спрэчным начыннем. Канешне, рэп ды яшчэ ў добрым выкананні Дзяніса Аўхарэнкі і Кацярыны Раманнікавай дадае п’есе Астроўскага сучаснасці, аднак наўрад ці тэкст “Я сниму все кольца, скину жемчуга / Не купит мою душу грязная деньга” дадасць гісторыі глыбіні, а гледача настроіць на самарэфлексію.
У настойлівых спробах павесяліць аўдыторыю рэжысёр зашмат увагі аддала сюжэту, з-за чаго спробы паразважаць над учынкамі персанажаў застаюцца незапатрабаванымі. Калі публіка ўзрушана рэагуе толькі на пацалунак генерала і яго маладой “пляменніцай”, які раскрыў галоўную дачную інтрыгу, становіцца сумна. Штосьці занадта часта айчынная тэатральная прастора мусіць пераймаць законы існавання тэлевізійных мыльных опер.