Калектыў установы, па словах яе кіраўніка Таццяны Халадок, ужо склаў спіс тых рэчаў, якія варта прыдбаць за кошт спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. На першым месцы ў спісе — годны фотаапарат. Усё правільна: якасны фоталетапіс адраджэння лакальнай мастацкай традыцыі немагчымы без якаснай апаратуры.
Мінулы год для раённага дома рамёстваў быў, па меркаванні Таццяны Халадок, надзвычай плённым. Яшчэ на пачатку 2017-га ткачыха Марыя Сарнаўская пасля паспяховага ўдзелу ў рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядныя ўзоры” стала народным майстрам Рэспублікі Беларусь. На вельмі высокім прафесійным узроўні працавалі творчыя майстэрні дома рамёстваў: па ткацтве, вырабе паясоў і лялек-абярэгаў, вышыўцы, вязанні, пашыве традыцыйнага адзення, ганчарстве і кераміцы, саломкапляценні і аплікацыі… У гуртках РДР і пяці яго сельскіх філіялах займаецца сёння больш за сотню дзяцей. А гэта магутная сіла! Уявіце, кожны змог па ўласным жаданні спрычыніцца да народнай традыцыі, якая была, ёсць і будзе апірышчам беларускага нацыянальнага мастацтва. Кожны з гэтых падлеткаў здолеў не толькі пераняць старадаўняе майстэрства, скажам, ганчара ці лозапляцельшчыка, але і сам паспеў ужо ўпрыгожыць свет.
Мы шмат сёння гаворым ды спрачаемся пра перспектывы раённых цэнтраў і дамоў рамёстваў. Таццяна Халадок тут усё для сябе даўно вырашыла. План па аказанні платных паслуг — справа карысная. Выраб сувенірнай прадукцыі — таксама. Але прыярытэтны напрамак — даследчы. Яшчэ жывыя носьбіты беларускіх традыцый. Так, іх не сотні, не дзясяткі, а — адзінкі. Таму і важнасць іх ігнараваць проста злачынна. Патрэбны экспедыцыі, майстар-класы, пастаянныя стасункі гурткоўцаў з рамеснікамі — людзьмі, якія добра ведаюць, з чаго складаецца беларуская душа.