“Лістападзік”: для дзяцей і дарослых
Тое, што фестываль у гэтай праграме імкнецца прадстаўляць не проста забаўляльныя гісторыі, падкрэсліваецца камандай “Лістапада” ўжо не першы год. Не стане выключэннем і цяперашні конкурс. Па словах праграмнага дырэктара кінафестывалю Ігара Сукманава, і сёлета фільмы секцыі “прапануюць сур’ёзную размову з маладымі людзьмі, пазбаўляючы іх “ружовых акуляраў” на шляху ў дарослае жыццё. Аднак робіцца гэта рэжысёрамі стужак далікатна, беражліва, і, разам з тым, праўдзіва”.
У праграме фігуруе стужка іранскай рэжысёркі Наркес Абіяр “Дыханне жыцця”, вылучаная ад краіны на “Оскар”. Бакалаўр у вобласці персідскай літаратуры, Наркес вядомая і як аўтарка дзясятка літаратурных твораў. Аднак рэпутацыю таленавітага кінематаграфіста ёй зрабіла карціна “Траншэя 143”, якая распавядае пра ірана-іракскую вайну. “Дыханне жыцця” на Талінскім міжнародным кінафестывалі “Цёмныя ночы” атрымала прыз за рэжысуру з фармулёўкай: “За глыбокае занурванне ў цудоўны свет дзяцінства і нявіннасці”.
Ганарыцца каманда “Лістапада” і трапляннем у праграму дзіцячага кіно кітайскай стужкі “Канец лета” Цюаня Чжоў. Яе сусветная прэм’ера адбылася на міжнародным кінафестывалі азіяцкага рэгіёна ў Пусане. Размова ў фільме Чжоў ідзе пра Кітай 1998 года, дзе на фоне тагачаных захапленняў грамадства разгортваецца гісторыя прыгодаў і станаўлення пяцікласніка Сяояна, які прагне гуляць у футбол насуперак волі свайго бацькі. Адзначаюць асаблівую манеру аўтара, якая вылучае карціну з шэрагу работ калег.
І трэцім фаварытам у гэтай секцыі назавем “Маленькую гавань” славачкі Іветы Грахавай. Прыз “Крыштальны мядзведзь” за лепшы фільм для юнацтва на Берлінскім кінафестывалі, прыз за выкананне лепшай дзіцячай ролі на кінафоруме для дзяцей і юнацтва ў Зліне, злучэнне жанраў, гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях — усё гэта прыцягвае ўвагу да твора маладой аўтаркі, якая ўжо паспела зрабіць гучны старт у кіно.
Дадатковы бонус конкурсу — два дэбюты: “Ава” нямецкай рэжысёркі Сабіны Норат і “Крокі героя” Энры Рынкана.
Асноўны конкурс ігравога кіно
“Мы імкнуліся ў гэтай праграме спалучыць, здавалася б, неспалучальнае: аўтарскія, сур’ёзныя глыбокія інтэнцыі і кіно, разлічанае на шырокую публіку. Глядач будзе і ўсміхацца, і выціраць слёзы”, — так ахарактарызаваў галоўны конкурс фестывалю Ігар Сукманаў.
У гэтай секцыі ёсць і актуальная “Арытмія” Барыса Хлебнікава, і нашумелая “Кроткая” Сяргея Лазніцы, і апошняя стужка літоўскага “касмапаліта” Шарунаса Бартаса “Шэрань” з удзелам Ванэсы Парадзі і прагучаўшы фільм Юсупа Разыкава “Турэцкае сядло”. Аднак калі трошкі адысці ад гучных прэм’ер у нашай прасторы, то прыцягваюць увагу не менш цікавыя “Лістапад” эстонца Райнера Сайнета, “Кандэларыя” калумбійца Джоні Хендрыкса Інестроса і “Вестэрн” немкі Валескі Грызебах. У першым выпадку гаворка ідзе пра эстэцкую “чорную” фолькавую казку. У другім — пра аўтара, які трошкі раней удзельнічаў у конкурсе “Маладосць на маршы” — і вось, калі ласка, яго новая праца атрымлівае Гран-пры конкурсу “Венецыянскія дні” на вядомым фестывалі. Што тычыцца трэцяй, стужку пратэжыравала сама Марэн Адэ — нямецкая сцэнарыстка, рэжысёрка і прадзюсарка, прызнаная і актуальная аўтарка сучаснага кіно, якая ў мінулым годзе забрала ўсе еўрапейскія ўзнагароды сваёй работай “Тоні Эрдман”. “Вестэрн” падымае праблему інтэграцыі заходняга чалавека ва ўсходнееўрапейскі посткамуністычны асяродак. Як вам такі культурны гамбіт?
Асноўны конкурс дакументальнага кіно
Канцэптуальная рамка сёлетняй дакументальнай праграмы ахоплівае не толькі фільмы, якія падымаюць сацыяльныя праблемы, але таксама і фільмы-даследаванні, гісторыі, прысвечаныя ўнікальным асобам, “авантурыстам ХХ стагоддзя”.
— Асабліва мне хочацца адзначыць стужку “Прынц і дыбук” Эльвіры Неверы і Петэра Расалоўскага — польскіх аўтараў, вядомых беларускай публіцы па іх стужцы “Эфект даміно”, — такі акцэнт зрабіла праграмны дырэктар дакументальнай праграмы Ірына Дзямьянава. — Іх новая карціна распавядае дзівосную гісторыю дзіўнага чалавека — Міхала Вашынскага, або Мошы Вакса — галівудскага прадзюсара, прынца і сына беднага яўрэйскага каваля. І зроблены гэты аповед надзвычай цікава і вытанчана.
Немагчыма прайсці міма фільма расійскай рэжысёркі Юліі Бабковай “Апошні вальс”: галоўны герой яе поўнаметражнай дэбютнай карціны ніхто іншы, як выбітны кампазітар і неардынарная асоба Алег Каравайчук. Стужка распавядае пра апошнія месяцы жыцця творцы. “У ёй выкарыстана добрая хроніка”, — адзначае Ірына Дзямьянава. Усё гэта падштурхоўвае да знаёмства з фільмам выпускніцы ВГИКа, які можна лічыць развітаннем з майстрам (ён пайшоў з жыцця ў чэрвені 2016 года).
Беларусь прадстаўлена ў конкурсе стужкай Вольгі Дашук “Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам”. У фокусе ўвагі аўтаркі — фігура, небезвядомая ў айчынных культурных колах. І тым больш цікава, як вядомая рэжысёрка беларускага дакументальнага кіно раскрые постаць слыннага журналіста і “жывога класіка фотаанімалістыкі”.
Бонус: стужка “Гісторыя сямейнага жыцця” выбітнай чэшскай дакументалісткі Гелены Тржэштыкавай, дзе аўтарка на працягу дзясяткаў гадоў назірала за жыццём адной сямейнай пары, выяўляючы пакручасты шлях суіснавання блізкіх людзей.
Нацыянальны конкурс: ігравое кіно
Сёлета ў гэтай секцыі спаборнічаюць 9 стужак. Выбіраць няпроста, але ёсць рэчы, якія прапусціць нельга. Па-першае, альманах дэбютных работ маладых кінематаграфістаў “Мы”, спрадзюсіраваны кінастудыяй “Беларусьфільм”. Ён злучае навелы пяці рэжысёраў: Яўгена Сяцько, Настассі Мірашнічэнка, Надзеі Абрамчук, Арсеня Ільіных і Кірыла Ярохіна. Ці перспектыўная такая форма? Як раскрываюцца аўтары ў сваіх гісторыях? Мяркую, што прагляд гэтай працы дазволіць адказаць на многія пытанні.
Па-другое, абавязкова варта звярнуць увагу на новую стужку таленавітай і смелай рэжысёркі, лаўрэаткі Міжнароднага кінафестывалю ў Котбусе, а гэтаксама “Лістапада” Улады Сяньковай — Paranoid Android. Гэтым разам аўтарка “Графа ў апельсінах” распавядзе гісторыю культурнага сутыкнення сірыйца і беларускі ў цягніку на Варшаву. “У іх так мала і так шмат агульнага, — дала яна кароткае апісанне сваёй работы, — хоць маладыя людзі належаць да аднаго пакалення”.
І яшчэ адзін must see праграмы — карціна “Заўтра” адкрыцця гэтага года (па словах каардынатара Нацыянальнага конкурсу Мікалая Лаўрэнюка) маладога культуролага Юліі Шатун. Невядомая аўтарка са сваім дэбютам патрапіла не толькі ў Нацыянальны конкурс, але і ў секцыю “Маладосць на маршы”. Ці гэтага замала, каб прыйсці ў кінатэатр і пазнаёміцца з новым феноменам?
Бонус: без перабольшання ўся дакументальная праграма. Ад унікальнага зборніка “Хто я?” арт-групы “Хранатопь” да новай працы “ігравіка” Андрэя Кудзіненкі, які выступіў у ролі дакументаліста, прадставіўшы ў конкурсе фільм “Фанат”.