Цяжка пісаць пра чалавека, якога добра ведаеш і які самым рашучым чынам паўплываў на твой журналісцкі лёс. Цяжка, але прыемна. Гэткім чынам і ты далучаешся да нечага сапраўднага, шчырага, непахіснага.
Мікола Сымонавіч не толькі бліскучы пісьменнік і перакладчык. Ён — журналісцкі бацька. Быў, ёсць і будзе. І нічога, што законных сыноў — толькі два, а дзясяткі астатніх — “прыёмныя”. Мы ўсе — птушаняты ягонага гнязда. І ў камандзіроўкі мы ездзім па даўно пратаптаных сцежках Гіля. Такую трывалую ды выніковую сістэму выхавання моладзі прынята называць школай. А яна бывае толькі ў выбітных прафесіяналаў. І якая бяда, што самыя старэйшыя выхаванцы той школы самі ўжо сівыя…
Ён — рэдактар ад Бога, бо шануе слова іншага. Пры ўмове, што яно роднае, выпакутаванае, акцэнтаванае, стаіць на сваім месцы і гучыць высокім нервам журналісцкай праўды. І ў “ЛіМе” (тагачасным, аўтарытэтным), і ў “Мастацтве”, і ў “Культуры” ён з ранку да ночы дбайна “пасвіў” гэтыя словы, зганяючы іх на пашу газетнай ці часопіснай паласы ў сытыя статкі артыкулаў і нататак. “Без публіцыстыкі няма перыядычнага выдання!” Гэтыя словы Міколы Гіля раз і назаўжды застануцца для мяне непахісным правілам. А самай важкай адзнакай асабістага творчага поспеху — ягонае слова “Малайчына!”
Я ніколі не бачыў, каб Мікола Сымонавіч выходзіў з сябе, злаваўся і спрачаўся на злом галавы. Даводзіць сваю думку спакойна і тактоўна — таксама вялікае мастацтва. І яно цярпліва выкладаецца ў сценах гілёўскай школы. Інтэлігентнасць не купіш, яна перадаецца ад сэрца да сэрца. І гэта таксама вялікае майстэрства. Дзякуй, Мікола Сымонавіч, што вы ім валодаеце!
Яўген РАГІН
Так, у яго было шмат рэдактарства за працавітымі плячыма перад тым, як ён прыйшоў да нас, у рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Культура і мастацтва”: рэдактарства на перадачы для дзяцей на Мінскай студыі тэлебачання, праца ў часопісах “Родная прырода” і “Маладосць”, кіраванне газетай “Літаратура і мастацтва”…
З прыходам Міколы Сымонавіча ў нашу выдавецкую структуру на пасаду галоўнага рэдактара часопіса “Мастацтва” і першага намесніка дырэктара па РВУ для нас па-новаму паўстала пытанне “Як пісаць?” Не “Пра што пісаць?”, а “Як?” — базавае пытанне філасофіі і экзістэнцыі культуры ХХІ стагоддзя. Пра што — мы гэта ведалі, а як — шмат у чым нас навучыў Мікола Сымонавіч. Як сказаць па-беларуску “изысканный”, “некопийный”, “отроческий”? З гэтымі і падобнымі да іх пытаннямі нашы журналісты не раз назаляліся да Міколы Сымонавіча і штораз атрымлівалі адказ — важкі, змястоўны, беларускі. Я не адзін год працаваў з ім у адным кабінеце ў рэдакцыі газеты “Культура”, і нам было пра што пагутарыць, прыгадваючы і нашы добрыя творчыя ўзаемаадносіны ў тыя часы, калі ён узначальваў сем гадоў славуты “ЛіМ”, а я тады рэгулярна там друкаваўся; і яго расповеды пра сваю малую радзіму — Лагойшчыну, дзе ён рос, у прыватнасці, разам са старэйшым братам — народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам, і пра многае іншае. Сярод яго аповесцяў і апавяданняў ёсць адна цікавая кніжка, якая называецца “Пасеянае — узыдзе”. Дык вось, тое, што зрабіў для людзей, для сваёй Бацькаўшчыны, што пасеяў у сваім лёсе Гіль, абавязкова ўзыдзе…
Сам Мікола Сымонавіч некапіяваны. Але навошта паўтараць нейчы лёс? Трэба жыць сваім жыццём. І ён жыве. Жыве некапіяваным. Тое, што ён такі, даказвае і кніжка васьмірадкоўяў Міколы Гіля “Неадступнасць”, якая выйшла днямі.
Вось яна, яго неадступнасць і некапіяванасць:
Неяк ноччу, хай і няпозняй,
Давялося мне йсці праз могілкі.
Страх — бялелі крыжы пагрозна! —
Працінаў — аж у сэрцы колікі!
І каб неяк яго адолець,
Не самлець там, ля гэных крыжыкаў,
Заспяваў я гучна, з раздоллем…
Песня ратуе і ад дрыжыкаў!
А на яго пытанне “Як?” сёння яму самому ўжо гатовы адказаць яго жонка стыль-рэдактар часопіса “Полымя” Марыя Міхайлаўна, яго сын рэдактар аддзела культуры “Настаўніцкай газеты” Мікола разам з жонкай рэдактарам аддзела школ таго ж выдання Вольгай, яго любімая ўнучка навучэнка 23-й беларускамоўнай гімназіі Мілена, якая з імпэтам займаецца выяўленчым мастацтвам і брэйк-дансам.
Барыс КРЭПАК
Калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” віншуе Міколу Сымонавіча з юбілеем і зычыць яму шчасця, здароўя і дабрабыту.