Пра жонку
— Я вам скажу, што ў маёй жонкі Наталлі быў магутны талент — матэматыка: не існавала той задачы, якую яна не магла б вырашыць. Калі прыспеў час вызначацца з месцам вучобы, ейны бацька, пісьменнік Янка Маўр, сказаў: “Паступіш тут, у Алмаце [Сям'я Маўра знаходзілася тады ў эвакуацыі. — Рэд.], ва ўніверсітэт, дык давядзецца потым два — тры гады дзесьці на вёсцы працаваць. А пасля што? Паступай у які інстытут, што вернецца з эвакуацыі, — хаця б у Маскву ці Ленінград паедзеш, адкуль бліжэй да роднага краю”. Яна паступіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, дзе мы і пазнаёміліся. Наталля вучылася курсе на трэцім, калі на канікулах у Мінску выпадкова пакінула свой студэнцкі пропуск. А шматкорпусны інстытут — рэжымны, без дакументаў цяжка патрапіць на яго тэрыторыю. Папрасілі мяне вярнуць гаспадыні забытае. Паглядзеў на фотаздымак у пропуску — прыгожы такі твар. Адшукаў яе групу, пытаюся: “Фёдарава тут?” І выбягае дзяўчынка — маленькая, худая. Ну, а што мне, юнаку, было сказаць? Выдаў: “А на фатаграфіі вы прыгажэйшая!” І, канешне, гэтым закрануў яе самалюбства. (Усміхаецца.) Пасля мы перасякаліся ў студэнцкіх залах, у сталоўцы, іншым разам Наталля рабіла выгляд, што не заўважае мяне, але бачна было, што прыкмеціла. Ну а на летнія канікулы ехалі разам. Пасля, ужо ў Мінску, я некалькі разоў заходзіў у дом Маўра. А на яе дзень народзінаў прывёз некалькі качак з палявання.
Пра розыгрыш
— У той жа год у Мінску мы вырашылі пабрацца шлюбам. Неабходна было паведаміць бацькам. А трэба зазначыць, што ў нашым даваенным доме заўсёды было шмат моладзі, бо старэйшыя браты Юрка і Даніла збіралі вакол сябе сяброў. Яны ладзілі розыгрышы, а я назіраў за ўсім гэтым, цікава было. Вось і прапанаваў Наталлі разыграць нашых татаў: “Ты патэлефануй свайму бацьку, каб ён павіншаваў майго бацьку, што я жанюся. А я патэлефаную свайму, каб ён павіншаваў твайго, што ты выходзіш замуж”. Маўр, трэба зазначыць, хутка нас раскусіў, а Колас — не. Апошні, сустрэўшы Маўра ў Доме пісьменнікаў, прамовіў: “Віншую, Янка, твая дачка замуж выходзіць”. Маўр пытае: “Дык што мы будзем рабіць з дзецьмі?”, Колас жа ў адказ: “А мне якая справа?” Разгубіўся Янка, жонцы перадаў тыя словы, жанчына адразу ў слёзы: “Не хоча, значыцца, каб нашы дзеці жаніліся!” Пайшоў Маўр да нас дадому (тады яшчэ на месцы цяперашняга будынка музея драўляная хата стаяла), каб высветліць, у чым жа справа. Насустрач выйшла хатняя гаспадыня і давай распытваць, за каго ж выходзіць замуж Наталля, маўляў, ці не за нашага Міхася. Тады ўсё і стала на сваё месца. Спачатку Колас пакрыўдзіўся быў на розыгрыш, але ж дастаў наліўкі, каб адзначыць такую добрую навіну. І сам у Маскву выправіўся, каб будучую нявестку абняць.
Мы пражылі доўгае і шчаслівае жыццё. А ў сталым веку я доўга ўгаворваў Наталлю, каб яна напісала ўспаміны пра свайго бацьку: “Ты ведаеш шмат пра яго, можаш напісаць пра асабістае, пра тое, што адбывалася ў вашым доме і не выносілася ў афіцыйную пісьменніцкую біяграфію”. У выніку яна напісала, а я пераклаў. Толькі нядаўна выйшла кніжачка з назвай “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”. У выданне ўвайшло шмат цікавых фактаў як з жыцця пісьменніка, так і яго дачкі, сям’і, ёсць некаторыя невядомыя рэчы. Фёдаравы ж зведалі вельмі цяжкія часы: эвакуацыя, складанае жыццё ў Алмаце…
Пра вынаходніцтвы
— У хутким часе пасля шлюбу мы перавяліся ў Беларускі політэхнічны інстытут. Пасля выпуску мяне накіравалі на работу ў Фізіка-тэхнічны інстытут Акадэміі навук Беларусі на распрацоўку новай галіны, якую запатэнтавалі маскоўскія вучоныя Барыс і Наталля Лазарэнкі: электраэразійная апрацоўка металаў. Гэта быў прынцыпова новы спосаб апрацоўкі, дзе ў якасці інструмента служыў электрычны разрад паміж дэталлю і электродам. У навуковай літаратуры таго часу склалася меркаванне, што нельга апрацоўваць стальныя дэталі, карыстаючыся электродам — інструментам са сталі. Мне было даручэнне высветліць, у чым тут справа і як вырашыць пытанне. У нас не было прыбораў, “ішлі ад нуля”, але пасля ўдалося раскруціць тэму і высветліць прычыну. У выніку мы запатэнтавалі вынаходніцтва, атрымалі аўтарскае пасведчанне і пасля пачалі працаваць над распрацоўкай тэхналогіі. Усё гэта лягло ў аснову першай і самай каштоўнай для мяне кнігі — манаграфіі па электраэразійнай апрацоўцы металаў.
Я прытрымліваўся думкі, што навука павінна мець практычнае ўвасабленне, прыносіць карысць вытворчасці, уплываць на развіццё прамысловай галіны. Таму займеў спіс заводаў, на якіх працуе больш за тысячу чалавек. Мы з калегамі селі ў машыну і пачалі аб’язджаць прадпрыемствы. Магілёў, Барысаў, Маладзечна і гэтак далей — нам было важна высветліць, якія праблемы могуць быць вырашаны знойдзеным метадам. Нашы вынаходніцтвы ўкаранілі спачатку на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Там жа распрацавалі спецыялізаваную ўстаноўку для рэалізацыі тэхналогіі. У хуткім часе яна атрымала ўкараненне на прадпрыемствах адной з галін Міністэрства аўтамабілебудавання, а пасля на многіх іншых прадпрыемствах Савецкага Саюза. Мне вельмі прыемна, што ў падручнік па тэхналогіях Міністэрства авіяцыйнай прамысловасці, які выйшаў некалі у Маскве, уключана і некалькі прац нашага інстытута.
Пра тэрміналогію
— Існуе памылковае меркаванне, што беларуская мова небагатая на тэрміны. Аднак тэрміналогія на матчынай мове былараспрацаваная яшчэ ў 1920-я! Два супрацоўнікі нашага інстытута выдалі слоўнік тэрмінаў металургічнай тэхналогіі. У мяне ляжаць напрацоўкі прадстаўніка політэхнічнага інстытута: Рэм Тамілін склаў слоўнік на трох мовах па ліцці, механараспрацоўцы ды іншых кірунках. Матэматык з Уздзеншчыны Васіль Бернік выдаў матэматычную энцыклапедыю па-беларуску. Фізіку, геаметрыю, алгебру спакойна можна выкладаць на роднай мове. Шкада, што ўсё гэта зараз закінулі... У нашым інстытуце накалькі чалавек карысталіся ў працы беларускай мовай, я таксама на ёй друкаваўся першапачаткова. Потым перайшоў на рускую, бо ў 1950-я большасць навуковых часопісаў выдавалася па-руску. А беларуская мова — самая прыгожая з усіх славянскіх моў. Па маёй асабістай класіфікацыі, яна займае трэцяе месца сярод еўрапейскіх моваў — пасля італьянскай і французскай. Ёй крыху саступае ўкраінская мова. Руская — таксама прыгожая, але ў яе ўлілі занадта багата "щей" — "направляющей", "карающей" і гэтак далей.
Пра навуку
— Калі суаднесці лік акадэмікаў з колькасцю насельніцтва краіны, можна дакладна казаць, што ў 1960 — 1970-я беларуская навука ў СССР была адной з перадавых. Тэхнічная галіна — у фізікаў, матэматыкаў — мела значныя вынікі, асабліва ў прыкладной частцы. Колішні прэзідэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч адкрываў яе філіялы ў рэгіёнах, выдатна вырашаў пытанні з фінансаваннем праектаў і даследаванняў. Гэта спрыяла ўздыму вынікаў навуковых распрацовак. Па сусветных вылічэннях, навука плённа развіваецца тады, калі на яе выдаткоўваюць не менш за 2,5 працэнтаў ад унутранага валавага прадукту. Пры адным працэнце — застойваецца і развівацца не можа. У нас жа гэты паказчык меншы. Таму за чвэрць стагоддзя і доктарскіх дысертацый да абароны стала даходзіць у тры разы менш… Агульны ўзровень вучоных, на маю, думку, з-за ўсіх гэтых прычын таксама знізіўся. А зараз навуцы проста неабходна больш увагі. У тым ліку і іншыя заробкі. Я падлічыў, што ў нас па тэхнічных навуках ад інстытуцкай лавы і да доктарскай, у сярэднім, — 23 гады! Калі аспірант рыхтуе кандыдацкую, то за тры гады прапрацоўвае 150 — 200 крыніц інфармацыі. Адпаведна, па сваім узроўні ён ужо значна вышэйшы за выпускніка, які адразу прыйшоў працаваць на завод. Гэта вялікая розніца! Ад развіцця навукі залежыць будучыня краіны.
Пра культуру
— Лічу, што і на сферу культуры павінна, калі па-сапраўднаму, ісці, прынамсі, працэнты два ВУП. Даць падрыхтоўку па літаратуры, па музыцы, па дойлідстве, мастацтве — гэта ж каласальная работа! Ды пра сённяшнія заробкі культработнікаў усе ведаюць... Мяне, прызнацца, здзіўляе ўстаноўка на тое, каб культура сама на сябе зарабляла. Вось і Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа таксама трэба зарабляць. Дык як гэта зрабіць, не замінаючы музейна-навуковай дзейнасці? Напрыклад, перад супрацоўнікамі — цэлы шэраг пытанняў, над якімі трэба гадамі працаваць. Можна для паскарэння працэсу прыцягнуць людзей збоку, але няма такіх фінансавых магчымасцяў. Іншы раз матэрыялы даюць свабодна, а часам патрэбна іх набываць. Я казаў пра тое не раз, але патрабуецца шмат грошай. А гэта ж гісторыя! І мы, на жаль, страчваем яе...
Культура дазваляе рабіць вялікую справу — выхаваць сапраўднага чалавека. Самае страшнае, што зрабілі бальшавікі ў свой час, — яны вынішчалі генафонд. Я часта прыводжу паляўнічы прыклад: знішчыце ўсіх лягавых, гончых, лаек, а пасля ідзіце на паляванне з дварняжкамі. Стагоддзі пройдуць, каб зрабіць з апошніх добрых сабак. Так і з людзьмі. Зразумела, з народа непазбежна будуць выходзіць геніі, але цяжка выцягнуць такіх з масы. Калі я раней ездзіў на паляванне, то сустракаў сталых людзей з выдатнай логікай. З імі прыемна паразмаўляць, бо адчуваеш магутны інтэлект. Але ж яны нікуды не прабіліся, не вышлі “ў людзі”…
Пра тэлебачанне
— Некалі я прапанаваў арганізаваць на тэлебачанні хаця б раз на тыдзень паўгадзінную перадачу пра дасягненні нашых навуковых інстытутаў, каб людзі бачылі і ведалі, якія цуды здяйсняюць нашы навукоўцы! Напрыклад, была група ў інстытуце, што распрацоўвала працэсы ператварэння адных фаз у іншыя. Пры звышхуткім нагрэве, калі яны займаліся тытанавымі сплавамі, вынайшлі спосаб, каб надаць сплаву каласальную трываласць. У выніку пачалі выпускаць па згаданай тэхналогіі пласціны для бронежылетаў. Ці ў Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў даследвалі пераўтварэнні вуглярода пры розных тэмпературах — і вынайшлі дыяментападобныя ўтварэнні. На аснове новай тэхналогіі пачалі рабіць інструменты. Такіх дасягненняў у кожным інстытуце Акадэміі навук у год набярэцца мінімум па адным — два. Ідэя засталася нерэалізаванай. А можна было б і зараз рабіць дакументальныя короткаметражкі, напрыклад, па атамнай энергетыцы!
Я амаль не гляджу айчыннае тэлебачанне. Затое вельмі люблю дакументальныя фільмы пра навуку ці аб прыродзе замежных тэлеканалаў. Прынамсі, стужкі кшталту работ “ВВС” пра жывёльны свет я ўвёў бы нават у школьную праграму! Памятаю, калі з акадэмікам Мікалаем Сіратой патрапіў на Сусветную выставу ў Бруселі. Мы наведалі павільён навукі, дзе на экранах дэманстравалася перамяшчэнне электронаў, працэс замарожвання матэрыялу і гэтак далей. Сірата, доктар фізіка-матэматычных навук, не мог адарвацца ад прагляду і нават замалёўваў, як можна паказаць складаныя працэсы. А вазьміце ядзерную фізіку ці механіку: многае цяжка ўявіць сабе без наглядных дапаможнікаў, асабліва дзецям з іх неразвітай логікай. Выручыць могуць цікавыя здымкі, дзе ўсё аб’ёмна і зразумела.
Пра школу
— Бяда ў тым, што школа наша стаіць на мяжы. Захапленне тэстамі прывяло да таго, што школьнікаў “нацягваць” на іх выкананне, але не робяць галоўнага — не развіваюць логіку. Мой малодшы сын Канстанцін выкладае беларускую мову ў БНТУ. Апошнім часам ён проста дзіву даецца: у сённяшніх студэнтаў адсутнічае элементарная логіка. Моладзь не навучылі супастаўляць і рабіць вывады. Праблема і з настаўнікамі: нярэдка ў педагагічны ўніверсітэт ідуць тыя, хто больш нікуды патрапіць не змог… Адпаведна, яны і няздатныя даць тое, чаго чакаюць ад сапраўднага настаўніка.
Пра музыку
— Мне давялося трошкі граць на скрыпцы. Я займаўся ў музычнай школе, хадзіў на канцэрты класічнай музыкі, таму не дзіва, што папсы не люблю. Гэта нешта для першабытных людзей, да таго ж, часта выконваецца безгалосымі артыстамі. Не блізкія мне і рок-кампазіцыі на вершы Коласа. Дарэчы, на бацькавы словы напісана шмат песень і рамансаў, але на мяне яны не ўздзейнічаюць. Усё ж павінен быць таленавіты кампазітар, які зможа перадаць у музыцы тыя перажыванні, што адчуваюцца ў словах. Затое я часта сустракаўся з салістамі нашага опернага тэатра, і мы імгненна знайшлі агульныя погляды. Мяркую, асновай да усяго иншага з’яўляецца народная музыка, на базе якой будуецца і сімфонія, і опера і больш лёгкая аперэта. Мой сын збірае аўдыятэку, у яго каля тысячы розных варыянтаў класічнай музыкі. Паслухаць Расіні, Бізэ, Беліні, Вэрдзі, Чайкоўскага — багацце каласальнае! Другі шапэнаўскі канцэрт, 20 і 21 канцэрт Моцарта для фартэпіяна з аркестрам — гэта ж цуд! Бацькам неабходна фарміраваць у сваіх дзяцей музычны густ, займацца музычным выхаваннем. Як і прывіваць любоў да літаратуры.
Пра літаратуру
— У мае гады кніг для дзяцей амаль не выдавалася, таму маёй настольнай быў зборнік казак, песень, абрадаў Паўла Шэіна. Я нават па ёй вучыўся чытаць, хоць мова там — далёкая ад сучаснай. Потым цікавыя кнігі мне падкідваў брат, які сам многа чытаў. Яго аднакласніца казала, што Юрка сядзеў на занятках, але пад партай у яго заўсёды была кніга. У той час захапляліся прыгодніцкай літаратурай, іншы раз выданне трапляла да мяне толькі на дзень, бывала, без пачатку і канца. Так у даваенныя часы я праглынуў “Ціля Уленшпігеля”, “Айвенга”, прыгодніцкія апавяданні пра вайну на Далёкім Усходзе. Быў зачараваны “Прыгодамі Тома Соера” ў перакладзе Янкі Маўра на беларускую мову. Аднак неяк я пахваліўся бацьку, што прачытаў Дзюма, і мне дужа спадабалася, а ў адказ пачуў: “Сынок-сынок, гэта досыць пустая літаратура, тут нічога няма для душы”. У самога бацькі была невялікая бібліятэка, але там — поўныя зборы Пушкіна, Лермантава, Талстога, Шылера, Шэкспіра, Горкага, Чэхава і многія іншыя. Дома заўсёды абмяркоўвалі прачытанае, дзядзька Саша — матчын брат — увесь час падкідваў моладзі пытанні па літаратуры. Гадоў у дванаццаць захапіўся Гогалем і здужаў амаль усё, толькі “Мёртвыя душы” не зразумеў. І толькі ў дзявятым класе, калі праходзілі іх па праграме, сапраўды прачуў гэту кнігу.
Пра ўласныя кнігі
— Сваю першую кнігу, не звязаную з навуковымі даследваннямі, я выдаў на тыя грошы, што атрымаў ад працы кансультантам на выданні трохмоўнай “Новай зямлі”. Я ведаў, што ў нашым інстытуце чалавек дзесяць складаюць вершы, але звычайна пішуць, як кажуць, у стол. Прапанаваў выпусціць усім разам зборнік вершаў і эпіграм. Адмовіўся толькі адзін. Ну, і свае прысвячэнні, эпіграмы ўключыў. Другая мая ненавуковая кніга — гэта ўспаміны пра брата Юрку “Апалены золак”, якая друкавалася ў "Полымі". Рэдактар часопіса Мікола Мятліцкі напісаў пад уражаннем успамінаў паэму. Мой ліст да брата, які загінуў, я адрасаваў “на той свет”. Мятліцкі вельмі слушна паправіў на “наўздагон”.У сваіх успамінах "Пад бацькоўскім дахам" я прывёў ліст бацькі ў ЦК КПБ аб стане беларускай мовы. Нечакана сустрэў нашага выдатнага паэта Генадзя Бураўкіна. Ён цёпла адазваўся аб маіх успамінах і, відаць, пад уплывам ліста Коласа, напісаў цудоўную паэму — "Развітанне".
Пра класічнае ў сучасным
— “Сымон-музыка” задумваўся не паэмай, а адной з казак жыцця. Колас хацеў узняць тэму непаразумення паміж простым народам і яго геніямі. Нават Хрыста распялі за тое, што той прыйшоў з новымі ідэямі, якіх людзі не разумелі. У наш час “захлопвалі” і “затоптвалі” выступленне Андрэя Сахарава, прычым рабіла гэта эліта, якая не была гатовай да новага погляду. Таму пытанне гэтае — агульначалавечае. Паэма мела тры рэдакцыі. Першая была скончана ў 1919 годзе і мела надзвычай цікавы драматычны фінал. Каб рэжысёр Мікалай Пінігін у сваёй цудоўнай пастаноўцы выкарыстаў фінал першай рэдакцыі паэмы, то спектакль быў бы яшчэ больш магутным. У першым варыянце Ганна напрыканцы гаворыць Сымонку ісці і несці слова праўды ў народ. Выдатны крытык Адам Бабарэка пісаў, што, па сутнасці, пад гэраіняй паэмы маецца на ўвазе маладая Беларусь, якая загінула пад ціскам бальшавікоў. Другі варыянт паэмы скралі ў Коласа, таму давялося па памяці яго ўзнаўляць. Але ў трэцяй рэдакцыі, якую сёння мы чытаем, шмат купюр савецкіх цэнзараў. Увогуле, сучасныя перавыданні выходзяць са шматлікімі памылкамі. Прынамсі, мне давялося быць кансультантам у час падрыхтоўкі поўнага збору твораў Коласа і зрабіць багата правак тэксту, галоўным чынам па каментарыях да іх (напрыклад, маладыя рэдактары блытаюць КПСС і КПБ). Частку маіх заўваг прынялі, прынамсі, колішняе рэдактарскае слова “лёс” змянілі на першапачатковае ад аўтара “Бог”: “Мусіць, сам Бог для спакусы гэты край наш адзначаў”.
Я прыклаў намаганні, каб асобнай кнігай выдалі паэму Коласа “На шляхах волі”. Паэму, якая па памерах і глыбіні блізкая да “Новай зямлі”. Нядаўна выйшлі з друку “Казкі жыцця”, але чамусьці ў казку "Дудар" не уключылі дасюль поўную версію апавядання. Звычайна перадрукоўваюць толькі другую частку твора пра пана і дудара, а на першую — пра трох братоў, якія ўвасаблялі ўсходнеславянскія народы, забываюцца.
Пра ўлюбёны бацькаў твор
— Канешне, “Новая зямля” мае найбольш глыбокае значэнне, па сутнасці, гэта — эпапея беларускага народа. Але, на маю думку, тут усё-такі мастацкае адлюстраванне пабудовы зместу паэмы, а “Сымон-музыка” — гэта шыкоўная канструкцыя, што даецца пісьменніку нашмат цяжэй. З гэтай нагоды згадваю размову з Нілам Гілевічам пасля таго, як у свет выйшаў яго “Сказ аб незвычайнай эпідэміі ў краіне Тутэміі”. Я шчыра падзяліўся сваімі ўражаннямі, казаў, што на мяне, як на чытача, гэты твор уздзейнічае куды больш за “Сказ пра Лысую гару”. Першы “Сказ...” — алегарычная рэч з незвычайным адлюстраваннем сутнасці, другі — таксама цудоўны, але ўсё ж гэта мастацкая перапрацоўка пабачанага ўжывую. Ён паглядзеў на мяне і кажа: “Ты ведаеш, мне пра гэта ніхто не гаварыў. А ты ж маеш рацыю!”
У сустрэчы прымалі ўдзел Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Юрый КАРПЕНКА, Таццяна МАТУСЕВІЧ, Настасся ПАНКРАТАВА, Вольга РОПАТ, Сяргей ТРАФІЛАЎ, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
У матэрыял, вядома, не ўвайшлі ў поўным аб'ёме многія развагі Міхася Канстанцінавіча пра беларускую навуку, гады яе магутнага ўздыму і сучасны стан. Але герой гэтага матэрыяла перадаў у рэдакцыю свае думкі ў выглядзе грунтоўнага артыкула, да публікацыі фрагментаў з якога "К" праз пэўны час вернецца.