Падаецца, у Еўропе іх жа музычнае спаборніцтва ўспрымаецца інакш, з меншым запалам, хаця таксама неабыякава. Але нікому, бадай, так, як беларусам (ды, можа, іх найбліжэйшым суседзям па карце), не хочацца стаць матыльком-аднадзёнкай. Магчыма, варта аднойчы перамагчы, каб упэўніцца, што насамрэч азначае гэта дасягненне для краіны. І што яно зменіць. Ці не зменіць.
Але каб заваяваць нават такога кшталту еўрапейскі алімп, трэба спачатку заняць першае месца ў рэгіянальным адборы. Больш за сто айчынных творчых адзінак (вакалістаў і гуртоў) гэтым разам прэтэндавалі на паездку ў Швецыю. На адным з этапаў праслухоўвання мне давялося папрысутнічаць. Калі сцісла апавесці пра свае ўражанні, дык у мяне было дакладнае адчуванне: я ўжо слухаю канцэртны лайн-ап “Еўрабачання-2016” (толькі родам з адной краіны), ды і карцінка прыблізна супадала са звыклай па тэлетрансляцыях. То бок, калі выкінуць з гэтага шэрагу фрыкаў (сёлета іх, можна лічыць, і не было, у адрозненне ад гадоў папярэдніх) і людзей з неакадэмічным пранонсам і плыткім вакалам, то застануцца ўсе тыя, хто арганічна ўпісаўся б у фармат конкурсу. І такіх нумароў шмат, на мой погляд. Бо “Еўрабачанне” хоцькі-няхоцькі — у асноўным набор безаблічных прэсных песень, складзеных па нейкім таемным рэцэпце і абгорнутых усялякай мішурой кшталту зомбі-касцюмаў ды шчаціння на жаночых шчаках. Прычым спевакі сустракаюцца неблагія.
З агульнай масы вызначаўся сельскі калектыў з Гомельшчыны (але ж у “буранаўскую” раку два разы не ўвойдзеш), ансамбль “Чысты голас” (пытанне адно: што яны забыліся на гэтым дылетанцкім свяце?), цудоўны дуэт “NAVI”, які прайшоў у фінал (ці не вартыя яны большага?)… Урэшце, я не ставіла перад сабой задачу прадказання чыёйсці перамогі. Як у сне прайшлі нумары ў рок-апрацоўках, няжорсткі рэп, класічны поп — дзіўная здольнасць “Еўрабачання” як з’явы рабіць такія розныя стылі і кірункі абсалютна аднолькавымі ды незапамінальнымі.
Сярод журы былі людзі для беларускай сучаснай эстраднай школы статусныя. Зноў жа, чаму Васіль Раінчык і Аляксандр Ціхановіч зацікаўлены ў выніках менавіта гэтага конкурсу? Але адзначу: было бачна, што яны ды іх калегі адказна падыходзяць да ўскладзенай на іх місіі, не займаючыся, прынамсі, сваімі справамі падчас выступленняў (а на шэрагу айчынных конкурсаў такое стаўленне з боку журы — лічы, норма). А вось маладая пляяда зорак беларускай эстрады (не ўсе з прысутных, канешне) паралельна праслухоўванню “жыла” ў сваіх гаджэтах, праблемах і пантах (далібог, без двукоссяў!), на што глядзець было іншым раз нават непрыемна.
Дык што такое “Еўрабачанне”, у чым яго ўнікальнасць, чаму пра яго гавораць ці не ўсе і якім чынам пройдзе яно ў 2016-м, годзе пад знакам малпы? Напэўна, пытанні тыя рытарычныя. Вынік мы пабачым і пачуем у маі, а зараз застаецца толькі пажадаць дзясятцы лідараў гонкі не страціць сябе ў гэтым конкурсе клішэ, трымаць у тонусе свой настрой і здароўе, нічога не баяцца і не ўспрымаць дзею больш сур’ёзна, чым яна таго вартая.