Асабіста я вылучыў бы тры асноўныя праблемы, якія тычацца менавіта творчага складніку, а не грошай (фінансавую аснову пакінем за дужкамі, бо і так зразумела, што без яе нічога не адбудзецца).
Першае пытанне — папраўдзе гамлетаўскае: быць вечарыне ці не быць. Лічу, аўтарскі канцэрт можна праводзіць толькі тады, калі ў цябе ёсць мінімум два хіты — тыя песні-“візітоўкі”, па якіх цябе пазнаюць і з якімі шчыльна звязана тваё імя. Калі такіх няма, дык ніякая колькасць новых кампазіцый не дапаможа. Не дапамогуць і “раскручаныя” імёны выканаўцаў. Бо трэба, каб песні “выцягвалі” артыстаў, прыносілі ім вядомасць ды папулярнасць, а не наадварот.
Разам з тым, кожны “сольнік” (дарэчы, як і ўсялякі канцэрт) павінен утрымліваць нейкую “разыначку”, прыемную неспадзяванку, сюрпрыз. Бо іначай атрымаецца папросту “джэнтльменскі набор” больш ці менш вядомых песень — і нічога акрамя. Публіка тады застанецца расчараванай: яна ж ішла на гэткае “штосьці звыш”.
Лепшы прыклад — зразумела, уласны. Таму дадам, што на юбілейным канцэрце “Песня мая…”, які адбудзецца ў маладзечанскім Амфітэатры ў час Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, Ірына Відава заспявае па-беларуску (што не ўласціва асноўнай частцы яе рэпертуару). Прагучыць і прэм’ера — “Карабель маёй краіны”. Прыедзе заслужаны артыст краіны, “пясняр” Анатоль Кашапараў. А песні, напісаныя мной для колішніх “Песняроў”, прагучаць у іншым выкананні.
Як бачым, вымалявалася другая актуальная праблема — адбор удзельнікаў вечарыны. І, адпаведна, яе драматургія, што непасрэдна вынікае з наяўнасці ці адсутнасці тых ці іншых артыстаў і калектываў. Звычайна колькасць заяўленых і рэальных удзельнікаў адрозніваецца: хтосьці захварэў, хтосьці не паспявае, у кагосьці раптоўна змяніліся планы... Да гэтага трэба быць гатовым і адразу складаць праграму з улікам магчымых змен. Бо калі канцэрт адбудаваны граматна, калі над ім папрацаваў рэжысёр з добрай музычнай інтуіцыяй і разуменнем законаў музычнай драматургіі, дык адсутнасць некаторых запланаваных нумароў будзе незаўважнай — быццам так і было задумана.
Нарэшце, трэцім пунктам (і адначасова адным з самых глабальных) я вылучыў бы зусім не маленькі “вазок” разнастайных тэхнічных пытанняў, якія давядзецца вырашаць самому нават пры наяўнасці рэжысёра канцэрта. І хацеў бы адразу папярэдзіць кампазітараў і выканаўцаў: калі вам гавораць, што вы можаце рабіць усё, што пажадаеце, у рэальнасці гэта азначае, што насамрэч вы ўсё будзеце рабіць самастойна. А менавіта — адладжваць гук, святло, правяраць апаратуру, адказваць за няспраўнасці.
Што тычыцца майго выпадку, дык арганізатары — маладзечанскі Палац культуры — выяўляюць высокі прафесіяналізм, ветлівасць і сапраўды робяць усё, каб вечарына адбылася як мага лепш, за што я ім вельмі ўдзячны. Усё роўна, якія б кемлівыя ды старанныя памагатыя ў вас не былі, канчатковы “якасны прадукт у прывабнай упакоўцы” патрабаваць будуць найперш ад вас, а не ад іх. Дый вам самому, безумоўна, хочацца як мага лепей прэзентаваць сваю творчасць! Значыць, на час падрыхтоўкі і правядзення канцэрта давядзецца забыцца на творчыя лунанні-летуценні, спусціцца на зямлю і пераключыцца на тэхнічныя параметры, што не церпяць прыблізнасці — толькі дакладнасць, улік і разлік. І ніякага “самацёку”! Бо іначай запланаваныя прыемныя сюрпрызы “змадулююць” у непрыемныя.