Слова “Бібліядэсант” выкарыстала ў сваім допісе бібліятэкар Махаўскай СБ Магілёўскага раёна Кацярына Дуброўская. Сэнс яго патлумачыла тым, што візіты ў дзіцячы сад і пачатковую школу робяцца аператыўна і рэгулярна. Справа ў тым, што старшакласнікі пастаянна чытаюць кнігі сваім маленькім сябрам. Сапраўды, такое ўзаемадзеянне пакаленняў, ды яшчэ пад куратарствам бібліятэкара, выпрацоўвае ў дзяцей звычку самастойна думаць і ацэньваць маральныя каштоўнасці.
Чарговы цікавы неалагізм — “Бібліяшалі”. Новае слова — новая форма працы. Чытач прапаноўвае кнігу. Ягоныя сябры імкнуцца адстаяць супрацьлеглыя меркаванні: за што кніга яму падабаецца, а за што — не. А на сапраўдныя вагі кладуцца альбо белыя, альбо чорныя кавалачкі паперы. Такі рознабаковы розгалас выклікае павышаную цікаўнасць да выдання, якое абмяркоўваюць.
А пачынаецца ўсё, піша аўтарка, з анкетавання “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. У ходзе яго высветлілася, напрыклад, што патрыёт — не той, хто сябе так называе, а той, каго будуць ушаноўваць у гэтай якасці іншыя… Патрыятызм дапамагае выхаваць мэтавая бібліятэчная праграма “Нам жыць і памятаць”. Яна ўключае акцыі, звязаныя з праглядам фільмаў, пастаўленых паводле літаратурных твораў, з навядзеннем парадку ля помнікаў воінам-вызваліцелям. З ушанаваннем ветэранаў вайны…
Пра эстафету памяці “Па месцах баявой славы” распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Чавускай бібліятэчнай сістэмы Надзея Карась. У ёй узялі ўдзел школьнікі горада і раёна, а таксама бібліятэкары і выхаванцы Цэнтра дапамогі дзецям, што засталіся без бацькоўскага догляду, Зеленаградска Калінінградскай вобласці. Сяброўства завязалася дзякуючы агульнай памяці і гісторыі. Летась Чавуская і Зеленаградская гарадскія бібліятэкі правялі тэлемост, прысвечаны франтавым успамінам жыхара Зеленаградска, ветэрана Вялікай Айчыннай Васіля Іосіфавіча Чарнова, якому давялося ваяваць і на чавускай зямлі. Пра гэта ён напісаў у аўтабіяграфічным трохтомніку “Абавязак”. Менавіта гэтае выданне і дапамагло стартаваць эстафеце Памяці.
Дэлегацыя Зеленаградска наведала Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей, праехала па месцах баявой славы Васіля Чарнова. Экскурсія завяршылася ля мемарыяльнага комплексу на Буйніцкім полі. А ў Каменскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Дэлегацыю сустрэў у Зеленаградску расчулены Васіль Чарноў. Дзеці распавялі яму пра свае ўражанні ад наведвання Беларусі.