Як вядома, пад праектам звычайна маецца на ўвазе дзейнасць па дасягненні новага выніку ў межах вызначанага часу і з улікам выдаткаваных матэрыяльных рэсурсаў. Па сутнасці, гэта апісанне пэўнай сітуацыі, якая павінна быць палепшана, а таксама дэманстрацыя канкрэтных крокаў па яе аптымізацыі. Фінансавыя сродкі для падобных праектаў зазвычай выдзяляюцца менавіта пад выкананне канкрэтнага комплексу мерапрыемстваў. І, зразумела, у праекце прадугледжваюцца абавязковыя апрабацыя і ўкараненне атрыманых вынікаў у практычную дзейнасць.
Так, навуковыя даследаванні, якія рэалізуюцца ў рамках дзяржаўных ды інвестыцыйных праграм, з’яўляюцца менавіта навуковымі праектамі. Напрыклад, комплекснае навуковае заданне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па распрацоўцы рэкамендацый да аптымізацыі бібліятэчнай галіны вымагала, у першую чаргу, стварэння міжведамаснай рабочай групы, у склад якой увайшлі прадстаўнікі не толькі розных структурных падраздзяленняў НББ, але і іншых бібліятэк, навучальных устаноў ды Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Такі фармат працы дазволіў зрабіць шырокі аналіз праблемы і знайсці найлепшыя шляхі яе вырашэння (з вынікамі дадзенай працы “К” абавязкова азнаёміць чытачоў у асобным артыкуле. — Рэд.).
Гэта ж датычыцца і іншых навукова-даследчых работ Нацыянальнай бібліятэкі, для выканання якіх нярэдка ствараюцца часовыя навуковыя калектывы з запрашэннем у іх склад супрацоўнікаў НАН Беларусі. У якасці прыкладаў можна прывесці навуковыя даследаванні, звязаныя з вывучэннем, бібліяграфічнай і віртуальнай рэканструкцыяй кнігазбору Радзівілаў, а таксама вывучэннем кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.
Таксама праектамі з’яўляюцца падрыхтоўка і правядзенне розных навуковых акцый (канферэнцый, кангрэсаў, форумаў, семінараў, “круглых сталоў”), калі яны адбываюцца паводле дакладна вызначанага плана, прадугледжваюць пэўны аб’ём фінансавых выдаткаў і стварэнне каманды спецыялістаў, якая на працягу пэўнага часу будзе займацца падрыхтоўкай адпаведнага мерапрыемства. У якасці прыкладу адзначу тыя праекты, што ладзяцца “Нацыяналкай” штогод. Гэта Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, навукова-практычная канферэнцыя “Электронная культура”, а таксама перыядычны Форум бібліятэкараў Беларусі.
Вельмі значным у навуковым аспекце для нас з’яўляецца супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук краіны. Асабліва гэта датычыцца справы пошуку і вяртання ў Беларусь найбольш каштоўных кніжных помнікаў айчыннага паходжання, якія апынуліся за межамі нашай краіны. У рамках гэтай дзейнасці НББ быў набыты шэраг рэдкіх і каштоўных кніг. Сярод іх усе першыя выданні знакамітай працы Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі” (1650, 1651, 1676, 1729 гг.), старажытны беларускі “Псалтыр” (Вільня, 1782 год), “Жыція святых“ Дзмітрыя Растоўскага з самай старажытнай графічнай выявай Магілёва (Магілёў, 1702 год), унікальная калекцыя старажытных беларускіх карт ды некаторыя іншыя. Найбольш дарагія выданні набыты пры фінансавай падтрымцы беларускіх і замежных устаноў і арганізацый. Прычым нярэдка менавіта супрацоўнікі НАН Беларусі выступалі ў якасці экспертаў пры навуковай ацэнцы помнікаў.
Але варта абавязкова сказаць і аб тым, што найбольш ярка сумесная навукова-праектная дзейнасць НББ ды НАН Беларусі выявілася ў рамках рэалізацыі выдавецкіх праектаў. Так, яшчэ ў 2009 г. сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў НББ і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы было завершана навуковае даследаванне, прысвечанае Слуцкаму Евангеллю. У выніку сумеснай працы спачатку пабачыла свет электроннае выданне, а пасля і факсімільнае ўзнаўленне гэтага ўнікальнага помніка, якое суправаджалася грунтоўнымі навуковымі каментарыямі.
Акрамя таго, супрацоўнікі НББ ды розных інстытутаў НАН Беларусі прымалі актыўны ўдзел у рэалізацыі шматлікіх выдавецкіх праектаў па факсімільным узнаўленні кніжных помнікаў. Гэта “Буквар” (Вільня, 1767 год), Полацкае Евангелле” (канец ХІІ — пачатак ХІІІ ст.), Баркалабаўскі летапіс (2013 год), “Посах кіравання” Сімяона Полацкага (1667 год), Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” (1517 — 1525 гады). Так што плён ад праектнай дзейнасці, як бачыце, відавочны.
Фота Юрыя ІВАНОВА