Працуюць валанцёры
Публічная бібліятэка ў брытанскім Ньюкасле з насельніцтвам крыху больш за 7 000 жыхароў. Заснаваная ў маі 1963 года, установа была закрыта ўладамі горада летась у сакавіку. Аднак жыхары Ньюкасла актыўна супрацьстаялі рашэнню, і ў верасні 2013-га ўстанова культуры зноў адкрыла свае дзверы для чытачоў. Праўда, цяпер не бібліятэкары, а валанцёры і добраахвотнікі працуюць у бібліятэцы 19 гадзін на тыдзень. Скажам, на занятках “Удар грыпу”, дзе людзі сталага веку летам рыхтуюцца сустрэць хваробу ў "поўным узбраенні”.
Асабняк і кіно
Публічная бібліятэка ў італьянскай Меццакароне з 5 000 жыхароў была адкрыта ў 1972-м, а дзесяцігоддзе таму яна пераехала ў асабняк барона Крыстані. Нечаканы паварот падзей, беручы пад увагу працу цягам 32 гадзін на тыдзень, персанал з пяці чалавек і сціплыя два пункты выдачы. Так, бібліятэка, актыўна працуючы і з мясцовай супольнасцю, і з творчымі саюзамі, стала месцам здымак італьянскага тэлесерыяла “Сезоны”.
Занятасць бібліятэкараў
Цэнтральная бібліятэка грузінскага пасёлка Харагаулі, адкрытая ў 1932 годзе, абслугоўвае аднайменны муніцыпалітэт, дзе пражывае ўсяго крыху больш за за 2 000 чалавек. Але ўстанова прымае ўдзел у праекце “Адукацыя, інфармацыя і занятасць бібліятэкараў — выклік сучаснаму грамадству”. Праект фінансуецца сумесна з польскім Міністэрствам замежных спраў.
Вагон — па акцыі
Публічная бібліятэка-вагон у камуне Пудаўэль чылійскай сталіцы Санцьяга была адкрыта ў рамках праекта “Кніжны фонд” у 1998 годзе. Працуючы 30 гадзін на тыдзень, установа мае ў зоне абслугоўвання больш як 237 000 жыхароў горада. Можна пераканацца, што Шоу казачных герояў у рамках Міжнароднага дня кнігі нескладана яскрава правесці і… Так, у вагоне!..
Выхад на рынак
Гарадская бібліятэка Сан-Хуан-дэ-Алікантэ, Валенсія, Іспанія. Установа адкрылася ў 1981 годзе, з 2012-га размешчана ў сучасным Муніцыпальным культурным цэнтры. Цяпер фактура: у горадзе пражывае больш за 23 000 чалавек, бібліятэка працуе каля 40 гадзін на тыдзень (штодня з перапынкам з 13.00 да 16.00), прычым двойчы на тыдзень яе супрацоўнікі абслугоўваюць тамтэйшы рынак.
Разам з музеем
Адкрытая ў 1945-м бібліятэка горада Окніца (Малдова) з
2003-га — у падпарадкаванні мэрыі і ў складзе ўстановы новага тыпу — Культурнага цэнтра, які ўключае яшчэ і музей. Амаль 20 000 жыхароў калегі абслугоўваюць 44 гадзіны на тыдзень.
Згуляем у “Зорныя войны”?
Публічная бібліятэка Блумінгтана (штат Ілінойс, ЗША), бадай, найстарэйшая ў гэтым топе: вядомая яна з 1857-га, а ў новым будынку працуе з 1977 года, прычым — па 60 гадзін на тыдзень (насельніцтва горада — блізу 76 000 чалавек). Сярод цікавостак — Дзень “Зорных войнаў”, калі бібліятэкары і чытачы гуляюць цэлы дзень у персанажаў са славутага фільма.
“Чытанне ў ложку”
Муніцыпальная бібліятэка Нова-Фрыбургу (штат Рыа-дэ-Жанейра, Бразілія) прыйшлася даспадобы праектам “Чытанне ў ложку”. Супрацоўнікі бібліятэкі, адкрытай у 1948 годзе (40 гадзін у тыдзень для 113 000 чалавек), штомесяц прыходзяць у мясцовую бальніцу і прыносяць туды кнігі. А для тых, хто не можа ці не ўмее чытаць, чытаюць самі…
Алена КАПЫТОК, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева, аўтар блога “Сельская бібліятэка”