Чаму менавіта ў бібліятэцы для невідушчых? Ёсць шмат тлумачэнняў. Назаву хаця б два. Бібліятэка абслугоўвае не толькі інвалідаў па зроку, але і жыхароў пэўнага мікрараёна, які мае, у асноўным, прыватную забудову. Сярод 450 чытачоў — 100 інвалідаў па зроку. Спадзяёмся, выстаўку наведаюць і работнікі бліжэйшых прадпрыемстваў. Гэта па-першае. А па-другое, у іншых бібліятэках горада (Навагрудскай гарадской і Цэнтральнай раённай) мастак ужо выстаўляўся раней. Іх чытачам работы майстра вядомы. І “Культура” пра тыя выстаўкі пісала.
Яўген Даўлюд нарадзіўся ў 1955 годзе ў Навагрудку. У 1977-м скончыў мастацкае тэхнічнае вучылішча ў Бабруйску па спецыяльнасці разьбяр-інкрустатар. Пэўны час жыў у Магілёве. У 1990-я гады вярнуўся на радзіму, працаваў мастаком-афарміцелем у Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Пайшоў з жыцця 31 жніўня 2012 года…
Яўген Віктаравіч меў добры густ і свой стыль, з поспехам выкарыстоўваў сучасныя мастацкія матэрыялы, валодаў тэхнікай інкрустацыі, афармляў інтэр’еры бібліятэк Навагрудскай ЦБС. Цяпер кожная ўстанова горада і раёна захоўвае памяць пра яго.
Творца пісаў карціны. Пяць гадоў таму майстра прымаў удзел у інфармацыйна-краязнаўчым туры Навагрудскай ЦРБ “Праз бібліятэку да дабра і свету”. Яўген Віктаравіч са сваімі работамі наведаў аграгарадкі раёна, а таксама пабываў у некаторых школах горада.
Галоўнай тэмай творчасці Яўгена Даўлюда сталі родныя краявіды. У дзяцінстве ён абышоў бадай кожны куточак горада, абгледзеў усе яго славутасці. Атрыманыя ўражанні і падштурхнулі да творчасці. Большасць карцін майстра прысвечана помнікам Навагрудчыны. Яго гарадскі пейзаж — выразны і дакладны. Яўгену Даўлюду было цікава маляваць будынкі, якія маюць гісторыю, што вымяраецца стагоддзямі...
Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай ЦРБ